Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч назваў Пуціна прымітыўным юрыстам


Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў падчас тэлефоннай размовы з народным дэпутатам Украіны, былым кіраўніком Мэджлісу крымскіх татар Мустафой Джамілевым, што Ўкраіна выйшла з СССР не зусім законна.

Паводле Пуціна, самаабвяшчэньне незалежнасьці Ўкраіны не зусім адпавядала савецкім нормам, якія прадугледжваюць працэдуру выхаду са складу СССР.

У 1991 годзе ў Віскулях прэзыдэнты Расеі Барыс Ельцын і Ўкраіны Леанід Краўчук, а таксама старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч прынялі рашэньне аб ліквідацыі СССР і стварэньні СНД.

Адзін з падпісантаў Белавескага пагадненьня Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў заяву цяперашняга кіраўніка Расеі Ўладзімера Пуціна адносна выхаду Ўкраіны з СССР:

«Калі выконваць тыя савецкія законы, то ніколі б ніхто з СССР не выйшаў. Гэта ўсе добра разумелі. Але юрысты, якія аналізавалі Белавескае пагадненьне, а гэта былі магутныя юрысты і незалежныя камісіі, назвалі гэта пагадненьне шэдэўрам легітымнай дыпляматыі канца другога тысячагодзьдзя. Яны паказалі, што гэта легітымнае пагадненьне і фактычна па гэтаму пагадненьню Ўкраіна дэ-юрэ выйшла з СССР. Ну, а гэты дробненькі юрыст Пуцін, прафэсійны шпіён, знаходзіць нейкія закаручкі, каб адпавядаць таму заканадаўству абсалютна.

А калі іншых падыходаў і юрыдычных далікатнасьцяў ён ня хоча ведаць, дык ён мае права.Так сьцьвярджаюць і агалцелыя камуністы. І калі ён называе распад СССР трагедыяй савецкага народу, то чаму ён не называе трагедыяй ГУЛАГі, чаму ён не называе мільёны загубленых жыцьцяў, чаму ён не называе зьняволеньне людзей, якія па тры каласкі бралі ў калгасе і так далей. Гэта тыповы камуністычны, казарменны, агалцелы падыход прымітыўнага юрыста. Інакш гэта разглядаць нельга. Няхай пагартае інтэрнэт, паглядзіць там Пагадненьне аб Садружнасьці незалежных дзяржаў і няхай паглядзіць, што там напісалі прафэсіяналы-юрысты, а не прыстасаванцы-юрысты, такія як Пуцін».

Карэспандэнт: «Але чаму Пуцін менавіта цяпер пачынае рабіць такія заявы?»

Шушкевіч: «Ён жа хоча, каб да Прыднястроўя, да Абхазіі дадаўся яшчэ і Крым. І каб Расея бударажыла ўвесь сьвет сваімі захопніцкімі падыходамі. Гэта абсалютна адназначна, бо ў яго не хапае таленту, ведаў і розуму, каб зрабіць жыцьцё расейцаў заможным. Бо такая краіна, якая паліваецца дажджом нафтадаляраў і ў якой траціна насельніцтва жыве ніжэй за ўзровень беднасьці, можа быць толькі пры наяўнасьці такіх кіраўнікоў, як Пуцін».

Карэспандэнт: «А ці ўдасца Пуціну дамагчыся перагляду Белавескага пагадненьня?»

Шушкевіч: «Гэтага яму ніколі не ўдасца. Гэта ж ратыфікавана тым жа расейскім парлямэнтам, Вярхоўным Саветам. І Расейская дума ўжо раз прымала рашэньне аб дэнансацыі Белавескіх пагадненьняў. І яна прыняла такое рашэньне. А калі сьвет сказаў, вы што, здурнелі, тады яны прынялі тлумачэньне, што гэта проста была палітычная рэакцыя на падзеі, якая не мае ніякай юрыдычнай сілы. Ня дрэнна было б, каб Пуцін гэта знайшоў і пачытаў, што Дума кінулася з падачы ЛДПР прымаць такое рашэньне. Я гэта часта тлумачу студэнтам, чаму такое рашэньне ёсьць, а дзеяньня няма. Паглядзіце, што пасьля гэтага заявіла тая самая Дума».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG