Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў. Посттраўматычны сіндром-2


Падбіты вадамёт на Храшчаціку

Падбіты вадамёт на Храшчаціку

У Кіеве цёпла і бясьпечна, хоць рэшткі напружанасьці, якая зусім нядаўна пагражала Ўкраіне грамадзянскай вайной, адчуваюцца. Да іх дадалося адчуваньне небясьпекі іншай магчымай вайны – супраць замежнага агрэсара, які ўжо ступіў на ўкраінскую зямлю.

3. Расейскамоўныя патрыёты Ўкраіны


У Кіеве ў мінулую суботу мяне з жонкай запрасілі адзначыць 17-годзьдзе сына нашай кіеўскай сваячкі, Дзімы. Апрача нас, прыйшло тры сям’і кіеўскіх інтэлігентаў. Усе расейскамоўныя, хоць няблага гавораць і на дзяржаўнай мове. Увесь вечар прагаварылі на адну тэму: расейская акупацыя Крыму. Яны абражаныя, але не напалоханыя, хвалююцца, але гатовыя адстойваць сваю краіну. Яны патрыёты, хоць і гавораць у побыце па-расейску, а адзін зь іх, Ігар, родам зь Севастопаля. Але Ігар кажа, што некаторыя ягоныя аднаклясьнікі, якія засталіся ў Крыме, цяпер думаюць іначай.

Зварот да Пуціна

Зварот да Пуціна



Іншы госьць — Саша, былы вайсковец, пілёт, які цяпер займаецца дробным бізнэсам, кажа, што пасьля сьмерцяў на Майдане ўкраінцы ня хочуць больш хаваць забітых:

«Нашы салдаты ў Крыме страляць ня хочуць, а расейскія, відаць, гатовыя».

Выстава куль і гранат, якія Беркут ужываў супраць дэманстрантаў

Выстава куль і гранат, якія Беркут ужываў супраць дэманстрантаў



Юрыст Алена распавяла пра свае спробы атрымаць кампэнсацыю за ўзарваны невядомымі аўтамабіль. Яна была актывісткай Аўтамайдану. Калі Януковіч вяртаўся з Кітая, яна была ў калёне машын, якія спрабавалі блякаваць ягоны картэж, прычым была апошняй, каго адціснула ахова. Алена распавядае, што яна адступіла, але паказала ахоўніку палец. На наступны дзень яе машыну падарвалі, прычым выбух быў вельмі моцны:

«Страхоўкі ў мяне не было. Ці будзе якая кампэнсацыя, сказаць цяжка. Хутчэй — не. Але я і не шкадую асабліва. Гэта быў мой унёсак, гэта быў самы важны ўчынак у маім жыцьці. Мая сяброўка, гаспадыня мэдцэнтру, аддала на Майдан мабільную апэрацыйную, якіх ва Ўкраіне ўсяго некалькі штук», — кажа Алена.


Цяпер яна змагаецца з антыўкраінскімі тролямі ў сацыяльных сетках, у меру сваіх сіл далей адстойвае сваю дзяржаву і сваю рэвалюцыю ад агрэсараў.

Сам імяніньнік, 17-гадовы Дзіма, пабыўшы на вячэры нейкі час, пабег да сябрукоў. Каля другой ночы ён вярнуўся, пабачыў, што я ня сплю, падышоў, і мы прагаварылі на кухні да 5-й раніцы. Дзіма, як і іншыя кіеўскія школьнікі, таксама перажыў стрэс. Ён дзяліўся са мною сваімі думкамі, гаварыў пра нацыянальную годнасьць, пра свой выбар. Разам зь сябрамі ўпотай ад мамы Дзімка хадзіў у складзе самаабароны Дарніцкага раёну Кіева бараніць параненых на Майдане ад магчымага захопу міліцыянтамі. Яны атачылі шпіталь з усіх бакоў і не далі міліцыянтам затрымаць нікога з параненых.

«Наша самаабарона была найлепшая ў горадзе, каля 7 тысяч чалавек зьбіралася. Але цяпер усё спакойна, то мы разышліся», — з гонарам кажа Дзіма.

Калі пасьля пачатку расейскай агрэсіі ў Крыме ў паштовую скрынку з ваенкамату прыйшла позва для бацькі, Дзіма яе ўзяў і сам пайшоў у ваенкамат. Там падзякавалі і сказалі вяртацца дахаты — яму толькі 17.

Я ведаю Дзіму досыць даўно — звычайны хлопчык, які цікавіцца мабільнікамі і кампутарнымі гульнямі. Мінулым разам я яго бачыў на пачатку лістапада. З таго часу з хлопчыка ён вырас у грамадзяніна.

4. Герой Майдана Шаўчэнка


Эўрамайдан Народная скульптура Тараса Шаўчэнкі

Эўрамайдан Народная скульптура Тараса Шаўчэнкі



Гістарычную дату — 200 гадоў з дня нараджэньня ўкраінскага генія Тараса Шаўчэнкі — мне пашчасьціла сустрэць на Майдане, на вялікім шаўчэнкаўскім вечы. Мала таго, маім суразмоўцам быў адзін з самых вядомых шаўчэнказнаўцаў, былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы. Праўда, сам ён называе сябе «шаўчэнкалюбам».

Валер Каліноўскі, Тацяна Каліноўская, былы амбасадар Украіны ў Менску Ігар Ліхавы. Фота з Майдана

Валер Каліноўскі, Тацяна Каліноўская, былы амбасадар Украіны ў Менску Ігар Ліхавы. Фота з Майдана



Ігар Ліхавы камэнтаваў мне, які творы Шаўчэнкі чыталі на Майдане амбасадары розных краін, расказваў пра антыімпэрскую сутнасьць Тарасавай паэмы «Каўказ», за якую Шаўчэнку перасьледавалі царскія ўлады.

«Шаўчэнка ў свой 200-гадовы юбілей актуальны як ніколі... У гэтым ёсьць нешта містычнае, што ягоныя юбілеі прыпадаюць на складаныя часы. Ён нарадзіўся ў канцы вялікай эўрапейскай вайны часоў Напалеона, на ягоны 50-гадовы юбілей прыпалі сялянскія хваляваньні і скасаваньне прыгону, на 100-гадовы — прадвесьце Першай сусьветнай вайны... Вось і цяпер 200-годзьдзе Шаўчэнкі мы адзначаем у такі няпросты час», — кажа былы амбасадар Украіны.

Шаўчэнкаўскае веча на Майдане

Шаўчэнкаўскае веча на Майдане



Ігар Ліхавы пагаджаецца, што многія ў Кіеве перажываюць цяпер посттраўматычны сындром.

«Так, але гэта і ачышчэньне, катарсіс», — кажа былы амбасадар.

Новы помнік Шаўчэнку каля будынку кіеўскай мэрыі – рэвалюцыйнага штабу

Новы помнік Шаўчэнку каля будынку кіеўскай мэрыі – рэвалюцыйнага штабу




Сын Ігара Ліхавога, 30-гадовы ўладальнік невялікай фірмы, быў паранены падчас супрацьстаяньня зь «Беркутам» на Інстытуцкай. Ён быў актыўным удзельнікам Эўрамайдану, насіў туды харчы і рэчы. А ў выніку апынуўся на барыкадах. Куля трапіла яму ў нагу. Добра, што не ад «калашнікава», кажа бацька:

«Вось расейцы гавораць, што Майдан быў праплочаны. Так, самімі ўкраінцамі і быў праплочаны. У тым ліку маім сынам. Ён мае невялікую кампутарную фірму, зарабіў крыху грошай, купляў за іх для пратэстоўцаў адзеньне. Але самае важнае было ў тых умовах — цёплыя боты. Хадзіў, пытаўся, каму трэба, запісваў, у каго які памер, потым прывозіў. Пазьней, калі сабралі забітых, многія зь іх былі ў аднолькавых ботах». «Ня думаў, што прыйдзецца сустракаць сына з вайны», — сказаў былы амбасадар, і голас ягоны задрыжэў.

За 4 месяцы эўрарэвалюцыі Ігар Ліхавы і сам хадзіў на многія мітынгі на Майдан Незалежнасьці. Быў ён і падчас супрацьстаяньня зь «Беркутам», калі кідалі шумавыя і газавыя гранаты. Надыхаўся тады гэтым газам — дагэтуль кашляе.

Падчас падзеяў на Майдане ён трымаў у кішэні мініятурны томік вершаў Шаўчэнкі. У канцы нашай прыязнай гутаркі ён падараваў гэты томік мне. Але я думаю, што гэтай кніжачцы месца ў музэі.

ПРАЦЯГ БУДЗЕ
XS
SM
MD
LG