Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Абхазіі захапілі ўкраінскіх журналістаў


Здымачную групу «Тэлевізійнай службы навін» украінскага тэлеканала «1+1», якая зьнікла ў сераду на тэрыторыі Абхазіі, дэпартавалі з гэтага сэпаратысцкага рэгіёну Грузіі ў Расею, паведаміў у ноч на чацьвер кіраўнік ТСН Сяргей Папоў.

Карэспандэнтку Наталку Пісьню і апэратара Сяргея Кісялёва дэпартавалі пасьля шматгадзіннага допыту, і цяпер яны рыхтуюцца ў бліжэйшы час адправіцца ва Ўкраіну.

Раней у сераду ў ТСН паведамлялі, што сувязь з журналістамі зьнікла ў той час, як яны знаходзіліся ў Абхазіі, спыніўшыся ў адным з мясцовых гатэляў. Паводле тых паведамленьняў са спасылкай на саміх журналістаў, адміністрацыя гатэля, дзе яны спыніліся, папрасіла іх нікуды не адлучацца, таму што зь імі хочуць пагаварыць работнікі мясцовых структур службаў бясьпекі. Пасьля гэтага здымачную групу «1 +1» павезьлі на допыт у невядомым накірунку.

Раней у сераду затрымлівалі яшчэ адну здымачную групу ТСН «1+1», якая спрабавала дабрацца да іншага сэпаратысцкага рэгіёну Грузіі, Паўднёвай Асэціі. Рэдактара Ганну Бакі і апэратара Паўла Бандарэнку затрымала больш чым на пяць гадзін паліцыя ў суседняй Паўночнай Асэціі, заявіўшы, што гаворка ідзе пра «прафіляктыку». Як паведаміла Ганна Бока па тэлефоне Радыё Свабода, у аддзяленьні паліцыі журналістам патлумачылі, што ёсьць указаньне спыняць ўсіх украінцаў з-за становішча ва Ўкраіне.
XS
SM
MD
LG