Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Заявы Лукашэнкі пра Майдан – гэта аўтатрэнінг і адначасова кадзіраваньне грамадзтва»


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Што азначаюць сёньняшнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт адносінаў з Украінай і немагчымасьці ў Беларусі Майдану? Чаму Лукашэнка прапанаваў Расеі разьмясьціць у Беларусі дадаткова да 15 самалётаў у сувязі з актыўнасьцю НАТО? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка сёньня чарговы раз заявіў, што не баіцца Майдану ў Беларусі, што ў Беларусі няма «фундамэнтальных, канцэптуальных, галоўных прычынаў для падобных рэвалюцыяў». Чаму ўжо ня першы раз кіраўнік Беларусі запэўнівае сябе і ўсіх вакол, што ў Беларусі Майдан немагчымы?

Чавусаў: Безумоўна, такія паўстаньні і рэвалюцыі, як ва Ўкраіне, усяляюць пэўную занепакоенасьць у душы дыктатараў, якія апанавалі пасьлясавецкую прастору. І адпаведна такія заявы Лукашэнкі – гэта аўтатрэнінг і адначасова кадзіраваньне грамадзтва. Маўляў, падставы для рэвалюцыяў – гэта карупцыя і беднасьць, а не задушэньне дэмакратыі.

Такім чынам, Лукашэнка спрабуе ўсяліць упэўненасьць у кіроўную эліту, і відавочна дае сыгнал сілавікам працягваць праполваць парасткі магчымага супраціву, працягваць заціскаць свабоду слова, грамадзянскую супольнасьць і палітычную апазыцыю.

Цыганкоў: Даволі шмат Лукашэнка сёньня казаў пра адносіны з Украінай. Ён заявіў, што не адчувае ніякага ціску з боку Масквы наконт стаўленьня да расейска-ўкраінскага канфлікту. Разам з тым, кіраўнік Беларусі прапанаваў Расеі разьмясьціць у краіне дадаткова 15 самалётаў у сувязі з актыўнасьцю НАТО. Пра што гэта сьведчыць?

Чавусаў: Безумоўна, расейская інтэрвэнцыя ў Крыме ўносіць новыя фарбы ў звыклую палітыку Лукашэнкі – лявіраваньня паміж Захадам і Ўсходам. З аднаго боку, беларускі рэжым занепакоены тым, як бесцырымонна Масква абыходзіцца з тэрытарыяльнай цэласнасьцю суседняй краіны. Зь іншага боку, проста падтрымаць новыя ўлады Ўкраіны Лукашэнка ня можа, бо гэта азначала б падтрымаць рэвалюцыйны рэжым.

Я думаю, Лукашэнка трошкі лукавіць, калі кажа, што не адчувае ціску Масквы наконт гэтых падзеяў. Калі была апошняя сустрэча ў Маскве прэзыдэнтаў Беларусі, Расеі і Казахстану, то Пуцін афіцыйна паведаміў, што на сустрэчы будзе абмяркоўвацца і ўкраінская сытуацыя. Аднак па выніках сустрэчы ніякіх паведамленьняў пра зьмест перамоваў не было. Вядома, ціск на Лукашэнку аказваецца.

Зь іншага боку, калі Крым увойдзе ў склад Расеі, то беларускі бок здолее захаваць сваю пазыцыю не выказваньня ніякай думкі. Бо ў Масквы ня будзе неабходнасьці выкручваць Менску рукі, каб ён прызнаў «незалежны Крым».

Што тычыцца запрашэньня ў Беларусь дадатковых расейскіх самалётаў, то тут Лукашэнка відавочна паспрабаваў пакарыстацца той увагай, якая ёсьць да ўкраінскіх падзеяў з боку беларускага грамадзтва, у тым ліку, той часткі грамадзтва, якая паддалася ўплыву расейскай прапаганды. Лукашэнка спрабуе на гэтай хвалі апраўдаць свае саступкі ў галіне страты кантролю за вайсковым складнікам сувэрэнітэту.

Калі летась былі першыя заявы міністра абароны Расеі Шайгу пра прызначэньне ў Беларусі новых авіябазаў, Лукашэнка спрабаваў згладзіць гэтыя ініцыятывы, казаў, што, маўляў, гэта ня будуць базы, магчыма, гэта будуць і не расейскія самалёты, а беларускія. Але зараз бачым, што ён робіць саступкі ў гэтай сфэры, апраўдваючы іх той пагрозай, якая паўстала ў рэгіёне, дзякуючы крымскаму крызісу.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG