Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вось і ўсё. Востры міжнародны крызіс з-за Ўкраіны непасрэдна закрануў і Беларусь. Зьяўленьне тут 15 расейскіх баявых самалётаў азначае, што краіна ўцягнулася ў гэты вар’яцкі працэс без сваёй волі.

Доўгі час усе назіральнікі адзначалі, што Беларусь, нягледзячы на статус галоўнага саюзьніка Расеі, захоўвае нэўтралітэт у гэтым расейска-ўкраінскім канфлікце. Казалі, во які маладзец Лукашэнка, супраціўляецца ціску з Масквы, высьлізгвае зь яе абдымкаў. Параўноўвалі гэта з пазыцыяй афіцыйнага Менску пад час расейска-грузінскага канфлікту, калі Беларусь адмовілася прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Але нядоўга музыка іграла.

Даўно заўважана, што калі Лукашэнка нешта вельмі настойліва адмаўляе, то насамрэч гэта так і ёсьць. Калі ён бясконца паўтарае, што «Майдану ў Беларусі ня будзе», то гэта значыць — тэма яго моцна хвалюе, ён пра яе ўвесь час думае.

Вось на нарадзе Савету бясьпекі Лукашэнка кажа:

«На мяне ніхто ня цісьне, ніякія Крэмль і іншыя на мяне ніколі ня ціснулі, таму што гэта, па-першае, беспэрспэктыўна, або, як кажуць дыпляматы, контрапрадуктыўна. На мяне няма чаго ціснуць».

Насамрэч гэта трэба разумець з дакладнасьцю да наадварот.

Існуе думка, вельмі распаўсюджаная ў беларускіх незалежных мэдыях, што калі на Лукашэнку ціснуць, то ён, каб не выглядаць слабым, робіць усё наперакор, нават калі гэта шкодзіць ягоным інтарэсам. Збольшага гэта так, але ўсё залежыць ад моцы ціску. Тое, як кіраўнік Беларусі хутка здаўся, сьведчыць, што Масква націснула вельмі моцна.
Тое, як кіраўнік Беларусі хутка здаўся, сьведчыць, што Масква націснула вельмі моцна

Назарбаеў і Лукашэнка абодва трапілі ў пастку саюзьніцкіх абавязаньняў. Але кіраўніку Казахстану, гледзячы па ўсім, удалося высьлізнуць. Яму тэлефануюць прэзыдэнт ЗША Абама, канцлер Нямеччыны Мэркель. Пэўна, просяць ці то паўплываць на кіраўніцтва Расеі, ці то выступіць пасярэднікам паміж Масквою і Кіевам.

А Лукашэнку ў аўторак пазваніў Пуцін. Як паведаміла прэс-служба беларускага прэзыдэнта, абмеркавалі ход мясцовых выбараў у Беларусі і сытуацыю ва Ўкраіне. І назаўтра Лукашэнка абвяшчае, што запросіць у Беларусь 15 расейскіх самалётаў дзеля супрацьдзеяньня НАТО.

Афіцыйны Менск, трэба аддаць яму належнае, упарта супраціўляўся. Міністар замежных спраў Макей выказваўся за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і супраць яе «югаславізацыі». Афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва БелТА распаўсюдзіла артыкул свайго маскоўскага карэспандэнта Эдуарда Півавара «Ці хочуць расейцы вайны?» з вострай крытыкай пазыцыі расейскага кіраўніцтва адносна Ўкраіны і Крыму.

Але гэта словы. А пазыцыю краіны вызначаюць па справах. На справе ж Лукашэнка, дазволіўшы разьмясьціць на беларускай тэрыторыі да 15 расейскіх самалётаў, заняў месца ў акопах пакуль яшчэ халоднай вайны Расеі супраць усяго сьвету. А разам зь ім — і ўся Беларусь. Бо калі з кожным годам усё мацней зацягваць сваю краіну ў сфэру ўплыву РФ, то ў крытычны момант, калі пытаньне ставіцца рубам, высьлізнуць ня ўдасца. Бо няма поля для манэўру, няма куды адступаць, за сьпінай Масква.
Менск дае карыстацца сваёй тэрыторыяй войскам праціўнікаў Украіны? Для Кіева гэта відавочная вайсковая пагроза з поўначы

Амаль увесь абнародаваны выступ Лукашэнкі на нарадзе Савету Бясьпекі прысьвечаны апраўданьню свайго рашэньня. Маўляў, мы ж саюзьнікі, зьвязаныя пагадненьнямі, а НАТО каля нашых межаў нарошчвае свае сілы, ладзіць вучэньні. Выйшла няўклюдна.

Актывізацыя ж НАТО выкліканая ўкраінскім крызісам. Лукашэнка пра гэта прамаўчаў. І адначасова ён кажа пра добрае стаўленьне да брацкай Украіны. Якое ж добрае, калі Менск дае карыстацца сваёй тэрыторыяй войскам праціўнікаў Украіны? Для Кіева гэта відавочная вайсковая пагроза з поўначы.

А апраўдвацца ёсьць за што. Ня думаю, што гэтае рашэньне абрадуе насельніцтва Беларусі. Бо адна справа — глядзець на расейска-ўкраінскі канфлікт збоку, як заўзятары глядзяць на спартовае спаборніцтва, і зусім іншая — стаць удзельнікам супрацьстаяньня, апынуцца ў акопах. Гэта зусім не стасуецца з страхамі беларусаў, выразанымі на скрыжалях беларускай сьвядомасьці: толькі б не было вайны. Зьяўленьне 15 расейскіх самалётаў у Беларусі падчас вострага ваенна-палітычнага супрацьстаяньня між Расеяй і ўсім астатнім сьветам — гэта відавочнае ўцягваньне краіны ў канфлікт, які можа скончыцца вайной.

Але нават калі ўсё скончыцца мірам, то ўкраінцы не забудуць, хто ў цяжкую хвіліну пагражаў ім са сьпіны. Гэта трэба Беларусі?
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG