Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларусаў, як вядома, дзьве душы... І дзьве параноі.

Шчасьлівы той, хто знайшоў сабе пару: як адна пройдзе, дык адразу насьцігне другая. Ёсьць параноя беларуса, які жыве за мяжой: яму ўсё здаецца, што тут, на бацькаўшчыне, суцэльны канцлягер, народ зьнемагае пад уладай ненасытных крывасмокаў, кожны другі мінак — агент КДБ, а ўсе астатнія — яго добраахвотныя памочнікі, а як хто гаворыць па-беларуску, мае замежную візу або скажа слоўца супраць існага ладу — дык яго адразу ставяць да сьценкі і трансьлююць гэтую дзею па БТ у прайм-тайм.

Зь ёй, эмігранцкай паранояй, перагукаецца параноя мясцовая: бальшыня беларусаў на радзіме думае, каб чаго ня выйшла, яшчэ да таго, як гэтае «чаго» падрасьце і навучыцца хадзіць. Яны баяцца гаварыць шчыра нават з найбліжэйшымі сваякамі, адразу замаўкаюць, калі размова заходзіць пра палітыку («не інцерэсуюсь»), баяцца любога намёку на тое, што можа пацягнуць за сабой нейкі лягічны шэраг. У любой праяве эмоцый беларус бачыць спробу сябе падмануць. У яго ўсё — сакрэт, усё — таямніца за сямю пячацямі, а пячаці — у шуфлядзе, а шуфляда ў стале, а дзе стол, беларус ніколі не прызнаецца, хаця кожнаму ясна, што акурат за ім ён сядзіць і маўчыць з загадкавым выглядам, быццам сфінкс, у якога выпалі зубы.

Першая параноя робіць зь цябе прывіда. Другая — раба.

Між тым, калі тут і праўда канцлягер — дык ягоныя ахоўнікі, што застылі на вежах, гэта нашыя пошласьць і страх. І калі тут і ёсьць чаго баяцца — дык найперш саміх сябе. Страты кантролю над сваёй псыхікай, якая вельмі хутка прыстасоўваецца да новых задачаў і пачынае лічыць нармальным усё, апрача раўнавагі.

...Зрэшты, такая прыгожая рэч, як манія велічы, адна з прыкметаў паранаідальнага стану, уласьцівая абодвум хворым — як і манія перасьледу. Калі ўжо нам у галовы прыходзіць нейкая ідэя — яна падаецца нам звышкаштоўнай, і тое, што гэта тэрмін з псыхіятрыі, нікога не хвалюе. Усё, што звыш — апрыёры велічна, а ўсё, што велічна — добра і карысна. І ўсё, што нашае — добрае і харошае, а ўсё чужое — брыдкае, таму лепш свая параноя, чым эўрапейскія каштоўнасьці, пагатоў яны ня «звыш», а проста так, і таму для такога вялікага народу, як беларускі, непрыдатныя. Мы — вялікі народ, мы — вялікі народ, мы — вялікі народ, мывя лікіна рот. Мывя! Мывя вечна.

Чым, як не тыповым прыкладам маніі велічы і паранаідальным трызьненьнем ёсьць наступныя пасажы, аўтары якіх — тыя яшчэ беларусы:

«На нашай Беларускай мове напісаны тысячы помнікаў культуры Вялікіх расенаў-этрускаў — гэта амаль 3 тысячы гадоў назад!!! Помнікі на востраве Крыт — 3-4 тысячы гадоў назад. І продкі беларусаў — крывічы-этрускі — пабудавалі Рым. Гэта пацьвярджаюць цяпер італьянскія вучоныя. Устаноўлена канкрэтная дата пабудовы Рыма — 21 красавіка 745 г. да н. э. А гэта НАША вялікае сьвята — Ярылін Дзень, якое беларусы шануюць і цяпер. Жыдахрысьціянства спаліла крывіцкую этрускую бібліятэку, у тым ліку і 40 тамоў гісторыі крывічоў-этрускаў, якую напісаў Клаўдзій (першы цар Рыма —крывіч-этруск)».

Што й казаць, раней на этрускаў мы глядзелі трохі іначай:

«Размаўляю па-беларуску...
Як у трамваі глядзяць на зайца,
Так глядзяць на мяне этрускі
Ад Асьвеі да Лунінца».


Цяпер ясна, чаго яны так глядзяць... Маглі б у Рыме капучына піць, а сядзяць у Лунінцы.

Беларус не настолькі абазнаны ў гісторыі, вядома, думаць ня думае пра такія рэчы. Але ў любой сфэры, датычнай Беларусі, параноя пакуль што мацнейшая за здароўе. Ён, можа, і ня думае. Але, калі расказаць — прыме на веру. І іншым раскажа. Усім хочацца быць героямі. Таму параною выклікае ўсё: ад біятлёну да біядабавак.

І дзяржава, і, так бы мовіць, апазыцыйная ёй культура прапануюць беларусам кожная свой варыянт маніі велічы. У гэтым велікадушнасьць і адносная мяккасьць беларускай дыктатуры: прынамсі, можна выбіраць, якім параноікам табе быць. Што табе больш па душы? Адчуваць, што на цябе ўскладзеная сьвятая місія ўратаваць Савецкі Саюз і славянскае адзінства — або мець даручэньне ад Сойму ВКЛ і асабіста гетмана Астроскага? Быць з крывавым рэжымам — або супраць яго? І гэта калі забыць пра крывіцкага белаэтруска Кляўдыя, айца нашай нацыі і дзяржаўнасьці і, як высьветлілася, новага фюрэра нашых нацыстаў.

Калі ў Беларусі і ёсьць культура, вольная ад параноі, дык яна дзесьці па-за гэтым дурдомам. На яе і спадзеў. Зрэшты, слабы. Культура — мастацтва прыватнае, навука малых справаў і гульня ў нерухомыя хованкі. У краіне паранаідальных статуй ёй ацалець цяжка... Беларусь — радзіма сланоў, саюз з Расеяй абавязвае, таму раздушаць і далей пойдуць, па сваіх паранаідальных справах.

Бо літаратура ў нас — «вялікая», «займае пачэснае месца ў сусьветнай культурнай спадчыне», Купалу і Коласа чытаюць у арыгінале ад Чылі да Чукоткі і просяць прыслаць ім яшчэ ў якасьці гуманітарнай дапамогі, паэзія наша — «адзіная сапраўдная» ў «стомленай вэрлібрам» Эўропе, і паэт у нас — або апостал, або ляўрэат прэміі «Дэбют», трэцяга ня дадзена, у нас бог жыве, мы самыя тоўстыя, мірныя і красівыя, мы вынайшлі ўсё, што мае чалавецтва, а што ня вынайшлі, дык навучылі іншых, і грошай не ўзялі за навуку, а цяпер нас ніхто ня любіць і ніхто не цалуе ручкі, і наогул у сьвеце ёсьць толькі Беларусь, а ўсе астатнія — проста прывіды, якія захапілі ўладу, і мы крыўдуем, і б’ем у званы, і мы будзем помсьціць. Парам-пам-пам.
Малюнак: П. Tатарнiкаў (c) 2014

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG