Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў: Пратэставаць супраць кепскіх дарог можна толькі пасьля выбараў


У магілёўскага аўтамабіліста Ільлі Палоньнікава 12 сакавіка міліцыя забрала з дому кампутары і носьбіты інфармацыі на кампакт-дысках. Яго вінавацяць у спробе арганізаваць несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Пад увагу міліцыі Ільля трапіў, калі раздаваў налепкі зь лягатыпам інтэрнат-парталу «За дарогі-2014».

Двое міліцыянтаў, кажа ён, прапанавалі праехаць у Ленінскі аддзел, дзе канфіскавалі тры налепкі і склалі пратакол апытаньня. 11 сакавіка праз тэлефон папрасілі пад’ехаць у аддзел для ўдакладненьня дэталяў. Калі ён туды прыехаў, яго зьвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства ды прад’явілі пастанову на агляд кватэры:

«Забралі два ноўтбукі — адзін жончын і адзін мой. Таксама 8 кампакт-дыскаў. Усё гэта ўпакавалі і зьехалі. У забраным будуць выяўляць, як запісана ў пратаколе, «прадметы адміністрацыйнага правапарушэньня», — тлумачыць Ільля Палоньнікаў.

Паводле яго, у Магілёве рыхтуецца акцыя аўтамабілістаў, якой уладальнікі аўто зьбіраюцца пратэставаць супраць кепскіх дарог у горадзе. На партале «За дарогі-2014» адбываецца камунікацыя патэнцыйных удзельнікаў. Падобны пратэст ужо праходзіў летась і выклікаў нэрвовую рэакцыю ўлады.

Ільля Палоньнікаў адзначае, што адміністрацыйны перасьлед ня зьменіць ягоных намераў правесьці акцыю пратэсту. Адбудзецца яна ў красавіку. «Мне далі зразумець, — кажа Ільля, — што калі пройдуць выбары, то тады рабіце што заўгодна. А да выбараў — ні-ні». Паводле яго, гатоўнасьць удзельнічаць у акцыі выказалі багата аўтаўладальнікаў.
XS
SM
MD
LG