Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўцягне Масква Беларусь у свой канфлікт з Украінай?


Belarus -- A border guard watches through binoculars at the Belarus-Poland border on the outskirts of the western city of Brest, 21Jun2013

Belarus -- A border guard watches through binoculars at the Belarus-Poland border on the outskirts of the western city of Brest, 21Jun2013

Аляксандар Лукашэнка 12 сакавіка выказаўся наконт пашырэньня прысутнасьці ў Беларусі расейскіх вайсковых самалётаў.

«Калі з Італіі перакінутыя паўтара дзясятка самалётаў, я думаю, трэба зьвязацца з начальнікам Генштабу Расеі і прапанаваць ім, каб тое падмацаваньне, якое яны абавязаныя даць нам (цяпер, дапусьцім, ня больш за 12–15 самалётаў), перагнаць на тэрыторыю Беларусі, вызначыць маршруты патруляваньня, як мы зрабілі для сваіх, запасныя маршруты, і няхай працуюць, патрулююць», — сказаў, паводле БЕЛТА, Аляксандар Лукашэнка на нарадзе ў Савеце Бясьпекі.

Як да такой прапановы ставяцца лідэры беларускіх партыяў?

Намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі:

Юрась Беленькі

Юрась Беленькі

«Мяркую, расейскія самалёты, пра якія казаў Лукашэнка, ужо тут. Учора каля Рудзенску я на свае вочы назіраў 7 вайсковых самалётаў на вышыні прыблізна 15 тысяч мэтраў. Ішла група самалётаў адным курсам, з поўначы на паўднёвы ўсход. Цывільныя самалёты групамі па 7 самалётаў і на такой вышыні ня лётаюць, у іх звычайна вышыня палёту ня больш за 11 тысяч мэтраў. Відавочна, што гэта былі самалёты вайсковыя, што ляцелі яны ў кірунку Ўкраіны. І, хутчэй за ўсё, гэта былі расейскія самалёты, бо базаваньне беларускіх самалётаў добра вядомае, і калі не адбываюцца нейкія вучэньні, то такіх палётаў ня бачна. Проста, мяркую, сёньня Лукашэнка дэ-факта агучыў тое, што адбылося і безь ягонага ведама. Што расейскіх вайскоўцаў ужо перакінулі праз тэрыторыю Беларусі на які-небудзь аэрадром, скажам, у Быхаў. І гэта вельмі-вельмі трывожны знак. Мы, сябры партыі КХП-БНФ, вырашылі зьвярнуцца да дзяржаўных органаў, у прыватнасьці, да Мінабароны па тлумачэньні, што гэта былі за самалёты. У такі трывожны час грамадзкасьць павінна ведаць, што адбываецца».

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін:

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Цяжка камэнтаваць Аляксандра Лукашэнку, які часта кажа тое, чаго не адбываецца ці насамрэч няма. Сёньня я ня бачу неабходнасьці запрашаць сюды нейкія самалёты, ня бачу пагрозы бясьпецы краіны, каб узмацняць тут нейкі кантроль, каб баражыравалі самалёты. Тым больш — гэта дзіцячы садок, бо ўсё можа кантралявацца зусім іншымі сродкамі супрацьпаветранай абароны, якія не зьвязаныя з адпраўкай сюды самалётаў. Кажу гэта як прафэсійны адмысловец СПА. Гэта проста балбатня невядома дзеля чаго».

Намесьнік старшыні ЛДП Беларусі Алег Гайдукевіч:

Алег Гайдукевіч

Алег Гайдукевіч

«Мы прытрымліваемся пазыцыі, якую абвясьціў наш МЗС. Мы зацікаўленыя ў добрых адносінах і з Расеяй, і з Украінай. Мы не павінны ўмешвацца ў тое, што там адбываецца, і ня ўмешваемся. Мы за тое, каб быў мір. Расея і Ўкраіна ў стане разабрацца з гэтай сытуацыяй самастойна. Што да вайсковага супрацоўніцтва з Расеяй, то мы зыходзім з таго, што ў нас сумесная дзяржава, і тое, што адбываецца ў межах гэтай сумеснай дзяржавы ў галіне бясьпекі, што не супярэчыць закону, тое мы падтрымліваем. Але для нас самае галоўнае — сувэрэнітэт і незалежнасьць. Мы заўсёды падтрымліваем тое, што ў гэтым кірунку робіць урад, прэзыдэнт. Тое, што сказаў Аляксандар Лукашэнка, — я нават ня бачу, што тут камэнтаваць. Тым больш пакуль няма гатовага рашэньня. Трэба пачакаць, паглядзець, як будзе разьвівацца сытуацыя».
XS
SM
MD
LG