Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО: У Крыме дзейнічаюць расейскія войскі


Філіп Брыдлаў (Philip Breedlove)

Філіп Брыдлаў (Philip Breedlove)

Вярхоўны галоўнакамандуючы Аб’яднаных сіл НАТО ў Эўропе генэрал Філіп Брыдлаў заяўляе, што ў Альянсу няма сумневаў у тым, што ў Крыме дзейнічаюць расейскія ваенныя падразьдзяленьні, якія зьдзяйсьняюць анэксію паўвострава.

Пра гэта Брыдлаў напісаў у сваім інтэрнэт-блогу на вэб-старонцы НАТО.

«Калі вы сочыце за падзеямі, якія разгортваюцца ва Ўкраіне, то можаце адзначыць розныя абвінавачваньні з нагоды ідэнтычнасьці і паходжаньня ўзброеных груповак, якія сёньня ўцягваюцца ў беспарадкі ў Крыме. У навінах паведамляецца, што ўзброеныя салдаты акружылі ваенныя базы Ўкраіны ў Крыме і ўзялі пад свой кантроль 11 памежных пастоў у рэгіёне. Відавочна, што сытуацыя сур’ёзная. Але хто гэтыя ўзброеныя салдаты і хто даў ім загад?», — цытуе УНІАН Брыдлаў.

«Многія СМІ паведамлялі, што гэтыя вайсковыя падразьдзяленьні зьяўляюцца „мясцовай міліцыяй“, якая носіць ваенную вопратку расейскага стылю, паколькі яе можна набыць у шматлікіх крамах з ваенным рыштункам па ўсёй тэрыторыі былога Савецкага саюза. Іншыя СМІ паўтараюць цьверджаньне, што ўзброеныя людзі ў Крыме зьяўляецца „сіламі мясцовай самаабароны“.

Тут, у ваенных структурах НАТО, мы ўважліва адсочваем і аналізуем сытуацыю ва Ўкраіне. Наша асаблівая ўвага была нададзена ваенным групам, якія там знаходзяцца. Пасьля дэталёвага вывучэньня інфармацыі з шэрагу крыніц мы лічым, што гэта расейскія вайсковыя сілы, якія дзейнічаюць на падставе дакладных загадаў вывесьці са строю ўкраінскія сілы ў Крыме», — адзначыў камандуючы войскамі Альянсу ў Эўропе.
XS
SM
MD
LG