Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны «вялікай сямёркі» і Эўракамісія заклікалі Расею спыніць падтрымку рэфэрэндуму ў Крыме.

«Мы, лідэры Канады, Францыі, Германіі, Італіі, Японіі, Вялікабрытаніі, Злучаных Штатаў Амэрыкі, прэзыдэнт Эўрапейскай Рады і прэзыдэнт Эўрапейскай Камісіі, заклікаем Расейскую Фэдэрацыю спыніць усе спробы, накіраваныя на зьмену статусу Крыму, што супярэчыць украінскаму заканадаўству і парушае міжнароднае права. Мы заклікаем Расейскую Фэдэрацыю неадкладна спыніць дзеяньні, якія падтрымліваюць рэфэрэндум на тэрыторыі Крыму адносна яго статусу, бо гэта прамое парушэньне канстытуцыі Ўкраіны», — гаворыцца ў распаўсюджанай 12 сакавіка заяве.

Краіны «вялікай сямёркі» адзначаюць, што такі рэфэрэндум ня будзе мець ніякай юрыдычнай сілы.

Улічваючы адсутнасьць належнай падрыхтоўкі і запалохваньне прысутнасьцю расейскіх войскаў, гэта быў бы глыбока недасканалы працэс, які ня будзе дзейным.

«З усіх гэтых прычын мы не прызнаем яго вынік», — адзначаецца ў заяве.

Аўтары дакумэнта адзначылі, што расейская анэксія Крыму будзе відавочным парушэньнем Статуту ААН, абавязаньняў Расеі ў рамках Заключнага акту нарады ў Хэльсынкі, абавязаньняў перад Украінай у рамках Дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве зь ёю ад 1997 году, пагадненьня аб базаваньні Чарнаморскага флёту Расеі ва Ўкраіне ад 1997 году, а таксама абавязаньняў паводле Будапэшцкага мэмарандуму 1994 году.

«Апроч уплыву на адзінства, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, анэксія Крыму можа мець сур’ёзныя наступствы для прававой сыстэмы, якая абараняе адзінства і сувэрэнітэт усіх дзяржаў.

Калі Расейская Фэдэрацыя ўсё ж пойдзе на такі крок, мы будзем прымаць далейшыя меры, як індывідуальна так і калектыўна», — адзначаюць аўтары заявы.

Яны заклікалі Расею далучыцца да сумеснай працы ў дыпляматычных працэсах па выхаду зь цяперашняга крызісу і падтрымаць прагрэс сувэрэннай, незалежнай і адзінай Украіны.
XS
SM
MD
LG