Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць супрацоўнікаў Lenta.ru звальняюцца за галоўным рэдактарам


Галіна Цімчанка

Галіна Цімчанка

Пасьля адхіленьня ад пасады галоўнага рэдактара Lenta.ru Галіны Цімчанкі, вялікая частка супрацоўнікаў выданьня выступілі з заявай аб тым, што пакідаюць свае пасады ўсьлед за былой начальніцай.

«Звальненьне незалежнага галоўнага рэдактара і прызначэньне кіраванага, у тым ліку напрасткі з крамлёўскіх кабінэтаў, чалавека — гэта ўжо парушэньне закону аб СМІ, які гаворыць аб недапушчальнасьці цэнзуры, — напісана ў заяве, зьмешчанай на сайце Lenta.ru.

За апошнія пару гадоў прастора свабоднай журналістыкі ў Расеі драматычна зьменшылася. Адны выданьні наўпрост кіруюцца з Крамля, іншыя — праз куратараў, трэція — рэдактарамі, якія баяцца страціць працу. Некаторыя СМІ зачыніліся, іншыя зачыняцца ў бліжэйшыя месяцы. Бяда ня ў тым, што нам няма дзе працаваць. Бяда ў тым, што вам, здаецца, больш няма чаго чытаць.

Мы, безумоўна, меркавалі, што прыйдуць і па нас.

Мы верым, што гэта не назаўжды. У любым выпадку вы, дарагія чытачы, павінны пра гэта ведаць».

Пад заявай стаяць подпісы 69 супрацоўнікаў выданьня.

12 сакавіка выданьне атрымала папярэджаньне ад Раскамнагляду за публікацыю інтэрвію з прадстаўнікамі ўкраінскай арганізацыі «Правы сэктар». Галоўны рэдактар імгненна была зьнятая.

Пад кіраўніцтвам Галіны Цімчанкі Lenta.ru займала нэўтральную пазыцыю ў асьвятленьні ўкраінскіх падзеяў.
XS
SM
MD
LG