Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 гады: Розьніца паміж Пуціным і Мілошавічам


Вуліцы Сараева падчас вайны
Вуліцы Сараева падчас вайны

У сваю бытнасьць галоўным рэдактарам тэлебачаньня Сараева, Нэнад Пэіч стаў сьведкам вайны ў Босьніі-Герцагавіне ў 1992-95 гадоў. У сваім камэнтары ён піша, як уварваньне Расеі ў Крым ажыўляе некаторыя злавесныя ўспаміны.

Калі я гляджу навіны з Крыму, не магу адкінуць пачуцьцё дэжа вю. Гэта як калі б я перажываў у 1992 распад Югаславіі і пачатак вайны ў Босьніі-Герцагавіне.

Калі ў Расеі прапагандысцкая машына сьцьвярджае, што неапазнаныя войскі ў Крыме — гэта спантанна арганізаваныя сілы самаабароны, якія складаюцца з зацікаўленых грамадзян, я ўспамінаю гэтак жа «самаарганізаваныя» ўзброеныя групы, якія будавалі барыкады ў Сараеве ў сакавіку 1992 году.

Гэтак жа, як у Крыме, гэтыя войскі ня мелі знакаў адрозьненьня. Затое што яны сапраўды мелі — гэта цалкам новыя аўтаматы Калашнікава, бездакорна арганізаваную сувязь і ваенную дысцыпліну. Злавеснае падабенства для тых, хто быў у Сараеве ў той час.

У чым розьніца паміж Уладзімерам Пуціным і Слабаданам Мілошавічам? Яны як адзін чалавек з дзьвюма ценямі: той самы мэханізм дзеяньняў праз 22 гады.

На самой справе, калі б Мілошавіч быў жывы сёньня, ён мог бы, верагодна прыцягнуць Пуціна да суду за плягіят.

Прэзыдэнт Расеі называе ўзброеных людзей у Крыме «добраахвотнікамі», якія абараняюць правы этнічных рускіх. У 1990-я гады Мілошавіч выкарыстаў дакладна такое ж слова для апісаньня аналягічных груп у Босьніі і Герцагавіне, якія, як ён сьцьвярджаў, абаранялі этнічных сэрбаў.

Пуцін заяўляе, што сувэрэнітэт Украіны варта паважаць, і адначасова робіць усё, ад яго залежнае, каб падарваць яго. Гэтак жа Мілошавіч на словах выступаў за тэрытарыяльную цэласнасьць Босьніі, у той час як войскі пад ягоным камандаваньнем працавалі на яе падзел і канец маладой дзяржаўнасьці.

Абодва лідэры выкарыстоўвалі рэлігію, каб падліць алею ў агонь канфлікту і апраўдаць умяшаньне. Расейскія СМІ нядаўна паведамілі пра нібыта пашкоджаньне Пячэрскай Лаўры ў Кіеве — што не адпавядала сапраўднасьці. Сэрбскія СМІ ў 1992 таксама хлусілі пра тое, што руйнуюцца сэрбскія цэрквы і манастыры.

Пуцін выпрабоўвае рэакцыю Захаду і разьлічвае на рознагалосьсі паміж Эўропай і ЗША, каб пашкодзіць любым скаардынаваным дзеяньням у адказ, як гэта рабіў Мілошавіч 22 гады таму.

Калі дэманстранты ў Кіеве трапілі пад снайпэрскі агонь, басьнійцы не маглі не ўзгадаць 6 красавіка 1992 году — дзень, калі дэманстрантаў у Сараеве расстралялі снайпэры і пачалася аблога гораду.

Расейскія СМІ адлюстроўвалі працу снайпэраў дакладна гэтак жа, як і іх сэрбскія калегі два дзесяцігодзьдзі таму: маўляў, кіеўляне — як і некалі сараеўцы — стралялі адзін у аднаго.

Расейскія СМІ таксама паведамілі пра нібыта «крызісную сытуацыю з уцекачамі», 650000 якіх нібыта хлынулі празь мяжу ў Расею. Калі пачалася Басьнійская вайна, сэрбскія СМІ таксама ўзьнялі трывогу з нагоды патоку бежанцаў празь мяжу.

У абодвух выпадках Арганізацыя Аб’яднаных Нацый выступіла з гнеўнымі справаздачамі. Але нічога не зьмянілася.

І сэрбскія, і расейскія СМІ таксама ўжывалі лжывыя карцінкі для ілюстрацыі і ўмацаваньня сваіх прэтэнзіяў. Расейскія СМІ выкарыстоўваюць кадры з запоўненых людзьмі пунктаў перасячэньня мяжы паміж Польшчай і Ўкраінай. Сэрбскія СМІ ў 1992 выкарыстоўвалі сапраўдныя здымкі ўцекачоў — толькі што ратаваліся яны ад сіл Мілошавіча.

Палітычна і эмацыйна нагружаная мова. Расейскія СМІ называюць новыя ўлады ў Кіеве «фашыстамі» і «антысэмітамі», што таксама нагадвае характарыстыкі Сэрбіі, якія яна давала сваім супернікам. Харваты былі характарызаваныя як «усташы», басьнійскія мусульмане — як «муджахеды».

Так пачынаюцца вайны. Так грамадзтва мабілізуюць да нянавісьці. Прапаганда ў канчатковым выніку падрывае давер шараговых грамадзянаў да іншых этнічных груп, іншых нацыянальнасьцяў.

У 1992 годзе сэрбаў прымусілі паверыць, што Мілошавіч абараняў іх нацыю «пашыраючы тэрыторыю і заваёўваючы гарады». А апошнія апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што большасьць у Расеі лічыць, што іх вайскоўцы праз анэксію Крыму ахоўваюць правы рускіх.

Значна лягчэй паверыць, чым задаваць сабе нейкія пытаньні.

У Пуціна і Мілошавіча існуе таксама падабенства іхных шляхоў да ўлады.

Абодва атрымалі свае пасады не адразу. Пуціна прызначыў прэм’ер-міністрам у верасьні 1999 году прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын, які таксама прадставіў яго як свайго пераемніка. Калі Ельцын сышоў у адстаўку, празь месяц Пуцін стаў выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта.

Палітычны ўздым Мілошавіча пачаўся ў 1986 годзе, калі ён быў прызначаны кіраўніком Сэрбскай Камуністычнай партыі.

У пачатку паўнамоцтваў кожны лідэр эксплюатаваў тэму этнічнага канфлікту, у выпадку Мілошавіча — Косава, у выпадку Пуціна — Чачні.

Абодва стварылі псэўдадэмакратыю з жорстка кантраляванымі дзяржаўнымі СМІ і псэўдаапазыцыйнымі партыямі. Абодва ўмацоўвалі сваю легітымнасьць на масавых «спантанных» праўладных мітынгах. Абодва выкарыстоўвалі «патрыятычныя» моладзевыя арганізацыі — «Маладыя сацыялісты» Мілошавіча і «Нашы» Пуціна — для перасьледу апанэнтаў.

Пуцін і Мілошавіч ўзначалілі дзяржавы, дзе грамадзкія інстытуты слабыя, карупцыя квітнее, вяршэнства закону адсутнічае, а спэцслужбы выкарыстоўваюцца для палітычнага вышуку.

Але ў той час як паралелі паміж Пуціным і Мілошавічам бясспрэчныя, гэта не абавязкова азначае, што і скончаць яны аднолькава.

Мілошавіч змог працягваць свае ваенныя авантуры «ўсяго» восем гадоў, перш чым НАТО аб’ядналася супраць яго ў Косаве ў 1999 годзе, і праз год ён быў зрынуты ў выніку народнай рэвалюцыі.

Але Пуцін карыстаецца перавагай перад Мілошавічам. Расея, у адрозьненьне ад Сэрбіі, зьяўляецца адным з асноўных геапалітычных гульцоў зь месцам у Радзе Бясьпекі ААН, ядзернай дзяржавай, і вырашальным пастаўшчыком энэргарэсурсаў у Эўропу.

Калі без такіх актываў, як гэтыя, Мілошавіч здолеў пагражаць сваім суседзям на працягу васьмі гадоў, як доўга Пуцін будзе ў стане зрабіць гэта?

(Нэнад Пэіч — галоўны рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Раней займаў пасаду дырэктара Балканскай службы РСЭ/РС і галоўнага рэдактара басьнійскага тэлебачаньня.)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG