Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстанскія экспэрты пра пагрозу Казахстану з боку Расеі


Аміржан Касанаў

Аміржан Касанаў

Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў у тэлефоннай размове 10 сакавіка з канцлерам ФРГ Ангелай Мэркель выказаўся за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і нават заявіў, што Казахстан гатовы зрабіць унёсак у выпрацоўку кампрамісных рашэньняў дзеля мірнага вырашэньня сытуацыі.

Разам з тым у межах Мытнага зьвязу Казахстан моцна залежыць ад Масквы.

Якім чынам можа павесьці сябе афіцыйная Астана ў выніку ціску з боку Масквы па пытаньні прызнаньня рэфэрэндуму ў Крыме, прызначанага на 16 сакавіка, а таксама ці падтрымліваюць казахстанцы экспансіянісцкую палітыку Пуціна, Радыё Свабода запыталася ў тамтэйшых экспэртаў.

Казахстанскі апазыцыйны палітык Аміржан Касанаў кажа, што кіраўніцтва краіны апынулася ў стане паміж молатам і кавадлам, стаўшы закладнікам акалічнасьцяў:

«Першая акалічнасьць зьвязаная з тым, што Казахстан — гэта незалежная дзяржава, цэласнасьць тэрыторыі для якой гэтак жа сакральная, як і само паняцьце незалежнасьці. Кіраўнік Казахстану вымушаны гаварыць пра гэта, што і зрабіў Назабраеў, заявіўшы пра неабходнасьць захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Другая акалічнасьць заключаецца ў тым, што Казахстан мае больш за 7500 кілямэтраў агульных межаў з Расеяй і гістарычна мы суседзі, якія падпісалі дамову пра вечнае сяброўства, цяпер знаходзімся ў Мытным зьвязе і плянуем стварыць Эўразійскі зьвяз. Безумоўна, гэта таксама ўплывае на характар ацэнкі кіраўніцтвам Казахстану дзеяньняў Украіны».

Паводле Аміржана Касанава, ня выключана, што ўкраінскі сцэнар можа паўтарыцца і ў Казахстане — калі не ў дачыненьні да ўсёй дзяржавы, то прынамсі да яе паўночных тэрыторыяў, дзе кампактна пражывае расейская дыяспара:
Калі мы зараз пагодзімся з тым, што чыніцца ва Ўкраіне, то можа паўстаць пытаньне пра расейскамоўных грамадзянаў Казахстану

«Калі мы зараз пагодзімся з тым, што чыніцца ва Ўкраіне, то можа паўстаць пытаньне пра расейскамоўных грамадзянаў Казахстану, якія кампактна пражываюць на поўначы нашай краіны. Ужо ёсьць прэцэдэнт ва Ўкраіне. Таму кіраўніцтву Казахстану ні ў якім выпадку ня трэба весьціся на гэты прэцэдэнт і падтрымліваць дзеяньні Расеі па расчляненьні Ўкраіны».

Ці ня зможа Крэмль прымусіць Назарбаева палітычна падтрымаць сваю палітыку ва Ўкраіне? Экспэрт лічыць такую пагрозу надзвычай сур’ёзнаю:

«Нас вельмі насьцярожваюць нэаімпэрскія амбіцыі Пуціна. Падзеі ва Ўкраіне казахстанцы прапускаюць празь сябе, думаючы пра свае інтарэсы, у тым ліку і пра цэласнасьць нашай тэрыторыі. Людзі ў нас задаюцца пытаньнем: калі брацкія славянскія народы такім чынам разьбіраюцца адзін з адным, то ці ня могуць заўтра ў Пуціна ўзьнікнуць такія самыя тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў дачыненьні да Казахстану? На жаль, гэта абсалютна рэальна. Калі заўтра наш саюз з Расеяй і Беларусьсю будзе набываць усё больш палітычны характар на фоне пагаршэньня стасункаў Расеі зь іншымі краінамі, то Казахстан павінен мець магчымасьць манэўру і магчымасьць даваць самастойную і незалежную ацэнку падзеям. Цяпер, на жаль, мы бачым, што і эканамічна, і палітычна Астана ўсё больш адыходзіць пад уплыў Крамля».

Талгат Мамырайымаў

Талгат Мамырайымаў

Кіраўнік аналітычнай службы грамадзкага фонду «Real politik» Талгат Мамырайымаў пагадзіўся з думкамі свайго суайчыньніка, аднак падкрэсьліў, што Нурсултан Назарбаеў баіцца за будучыню Казахстану і за сваю ўладу, таму вымушаны стрымана даваць ацэнкі сытуацыі:

«Назарбаеў агучыў сваю пазыцыю, заявіўшы пра прыярытэт цэласнасьці Ўкраіны, разам з тым выказаўшы разуменьне пазыцыі Расеі што да лёсу расейскай дыяспары ва Ўкраіне. Такім чынам, ён выступае за захаваньне нормаў міжнароднага права, але і спрабуе лявіраваць, каб не ўступіць у адкрыты клінч з інтарэсамі Расеі ва Ўкраіне. Назарбаеў баіцца за будучыню Казахстану і за будучыню сваёй улады. Канфлікт ва Ўкраіне паказаў, што Расея цяпер можа выкарыстоўваць сілавыя інструмэнты дзеля ціску на сваіх партнэраў па Мытным зьвязе, каб прымусіць іх уступіць на яе ўмовах у Эўразійскі зьвяз».

Талгат Мамырайымаў увогуле заклікае больш сур’ёзна ставіцца да Эўразійскага зьвязу, які цяпер ствараецца: ён бачыць у ім рымэйк Расейскай імпэрыі, якая яскрава заявіла пра сябе ў канфлікце з Украінай:
Увогуле ў сьвятле канфлікту ва Ўкраіне Эўразійскі зьвяз варта разглядаць як адраджэньне Расейскай імпэрыі

«Увогуле ў сьвятле канфлікту ва Ўкраіне Эўразійскі зьвяз варта разглядаць як адраджэньне Расейскай імпэрыі. Невыпадкова ў Расеі часта гавораць менавіта пра Эўразійскі зьвяз, а не пра Эўразійскі эканамічны зьвяз, апускаючы слова „эканамічны“. Гэтым самым Расея дакладна дае зразумець, што мае на мэце палітычную, а не эканамічную інтэграцыю. Расея будзе прасоўваць стварэньне наднацыянальных органаў Эўразійскага зьвязу, у якіх яна, безумоўна, будзе граць першую скрыпку. Падчас падзеяў ва Ўкраіне Назарбаеў пачаў гэта разумець і цяпер усяляк спрабуе атрымаць схаваную падтрымку з боку ЗША і Нямеччыны, якія б сталі гарантамі незалежнасьці Казахстану ў працэсе эўразійскай інтэграцыі».

Аналітык таксама адзначыў, што нягледзячы на шматлікія экспансіянісцкія заявы расейскіх палітыкаў наконт некаторых тэрыторыяў Казахстану, ня ўсё насельніцтва краіны адназначна нязгоднае з палітыкай Пуціна. На думку Мамырайымава, тлумачыцца гэта проста — расейскай прапагандай праз СМІ:

«Падзеі ва Ўкраіне падзялілі насельніцтва Казахстану на тых, хто падтрымлівае палітыку Пуціна — а гэта перш за ўсё прадстаўнікі расейскага этнасу, і тых, хто супраць — а гэта прадстаўнікі тытульнага этнасу, а таксама розныя цюрскія народы. Аднак у афіцыйных СМІ, як і ў Беларусі, дамінуюць крамлёўскія ідэалягемы, што, безумоўна, робіць уплыў на сьвядомасьць людзей. Незалежныя меркаваньні рэтрансьлююцца збольшага праз сацыяльныя сеткі і дробныя навінныя парталы».
XS
SM
MD
LG