Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родныя расстралянага Ўладзіслава Кавалёва патрабуюць працягу расьсьледаваньня і пасьмяротнай рэабілітацыі


Любоў Кавалёва

Любоў Кавалёва

Маці і сястра жыхара Віцебску, абвінавачанага ў арганізацыі выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году і асуджанага да сьмяротнае кары, зьвярнуліся да Генэральнага пракурора Аляксандра Канюка.

Сваякі патрабуюць узнавіць расьсьледаваньне справы ў сувязі з адкрыцьцём новых акалічнасьцяў з мэтай наступнай рэабілітацыі Ўладзіслава Кавалёва.

Гэтымі новымі акалічнасьцямі маці расстралянага Любоў Кавалёва і яго сястра Тацяна Козяр лічаць рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН, згодна зь якім дзяржава парушыла права асуджанага на жыцьцё. А таксама шэраг іншых правоў Уладзіслава Кавалёва, гарантаваных нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі стандартамі: такіх, як забарона ўжываньня фізычнай сілы, прэзумпцыя невінаватасьці, стандарты справядлівага правасудзьдзя і гэтак далей. Падрабязны пералік парушэньняў падчас сьледзтва і суду па крымінальнай справе пра выбух у менскім мэтро выкладзены на 12 старонках у лісьце да генэральнага пракурора.

Заяўнікі лічаць, што гэтыя парушэньні могуць быць выпраўленыя толькі шляхам перагляду крымінальнай справы і пасьмяротнага прызнаньня Ўладзіслава Кавалёва рэабілітаваным.

Маці асуджанага Любоў Кавалёва лічыць, што новы судовы разбор у дачыненьні да яе сына будзе й прыкладам, які можа паўплываць на ўсіх судзьдзяў, што выносяць па цяжкіх злачынствах прысуды да вышэйшай меры пакараньня:

Уладзіслаў Кавалёў

Уладзіслаў Кавалёў

«Сына мне ніхто ня верне, таму я буду дамагацца пасьмяротнай рэабілітацыі. А таксама таго, каб усе судзьдзі добра ўсьведамлялі сваю адказнасьць за чалавечыя жыцьці. Таму, я лічу, рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН, дзе пералічаныя ўсе парушэньні ў справе выбуху ў мэтро, павінна стаць „настольнай кнігай“ кожнага судзьдзі — ад абласнога суду і вышэй. Але старшыня Віцебскага абласнога суду Мікалай Хамічонак не дазволіў мне перадаць брашуры з гэтым рашэньнем тым 25 судзьдзям, якія тут працуюць».

На прыём да Мікалая Хамічонка маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва хадзіла 12 сакавіка — напярэдадні другіх угодкаў сьмяротнага пакараньня сына (афіцыйная дата расстрэлу, паводле пасьведчаньня аб сьмерці з прочыркам у графе «прычына» — 15 сакавіка). Старшыня абласнога суду ня толькі не дазволіў спадарыні Кавалёвай пакінуць брашуры для супрацоўнікаў, але й папярэдзіў: калі яна будзе раздаваць іх самастойна на ганку суду ці побач з будынкам, то яе дзеяньні будуць кваліфікаваныя як несанкцыянаванае пікетаваньне.

Праваабаронца Павал Левінаў, які прысутнічаў на прыёме, дадае:

«Спадар Хамічонак сказаў, што ня можа прыняць брашуры з надрукаваным рашэньнем КПЧ ААН, бо гэта матэрыяльныя каштоўнасьці. І іх атрыманьне можа быць прыраўнана да атрыманьня хабару. Тым ня менш адзін асобнік ён узяў і паабяцаў азнаёміць са зьместам усіх судзьдзяў».

Такія самыя брашуры Любоў Кавалёва адправіла поштай ва ўсе абласныя суды Беларусі, а таксама ў пракуратуры ўсіх узроўняў.

Уладзіслаў Кавалёў і яшчэ адзін жыхар Віцебску, Дзьмітры Канавалаў, былі асуджаныя за арганізацыю і зьдзяйсьненьне тэракту у менскім мэтро 11 красавіка 2011 году. Паводле выраку Вярхоўнага суду ў сакавіку 2012 году абодвух пакаралі сьмерцю. З таго часу маці Ўладзіслава Кавалёва змагаецца за тое, каб ёй выдалі цела сына і паведамілі дакладную дату выкананьня сьмяротнага прысуду. Яна спасылаецца на рашэньне Камітэту ААН па правах чалавека, згодна зь якім утойваньне месца пахаваньня чалавека, да якога прыменена сьмяротнае пакараньне, парушае пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Любоў Кавалёва ня верыць у вінаватасьць сына, лічыць крымінальнае абвінавачаньне па гэтай справе сфальшаваным, судовы разбор — несправядлівым, а прысуд — незаконным. Яе пазыцыю падзяляюць многія як у Беларусі, так і за межамі краіны.
XS
SM
MD
LG