Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка кліча расейскія самалёты бараніцца ад вучэньняў НАТО


Аляксандар Лукашэнка Беларусі на нарадзе Савета Бясьпекі прапануе Расеі разьмясьціць у сябе дадаткова да 15 самалётаў у сувязі з актыўнасьцю НАТО.

«Мы на гэта рэагавалі спакойна да тых часоў, пакуль не пачаліся маштабныя вучэньні на поўдзень ад на тэрыторыі Польшчы, і Польшча запрасіла ўзмацненьня і пашырэньня маштабаў гэтых вучэньняў. Паўстае пытаньне — навошта? Навошта ў гэты момант, калі ў гэтым рэгіёне не так усё спакойна? Больш за тае, ўчора ўвечары, ноччу або сёньня раніцай былі дадаткова, паводле маёй інфармацыі, перакінутыя самалёты (пасьля таго як з Вялікабрытаніі перакінулі ў Літву), больш за дзесятак, у раён гэтых вучэньняў з Італіі. Гэта значыць у наяўнасьці нагнятаньне абстаноўкі ў нашых межаў».

«Мы павінны на гэта рэагаваць. Але рэагаваць абсалютна адэкватна. І гэта не сакрэт. У нас з Расейскай Фэдэрацыяй у тым ліку існуе сумесная групоўка войскаў на гэтым напрамку, аснову якой складае армія Рэспублікі Беларусь. Гэта па дамоўленасьці аб Саюзнай дзяржаве паміж Расіяй і Беларусьсю. Гэтая групоўка мае плян дзеяньняў, у тым ліку плян дзеяньняў на падобныя выпадкі».

«Нам, вядома, няма неабходнасьці, можа быць, у дадатковых паветраных сілах, але Расейская Фэдэрацыя абавязаная па гэтым пляне (гэта законны дакумэнт) падтрымліваць Беларусь, у тым ліку і ў рамках ВПС». «Калі з Італіі перакінутыя паўтара дзясятка самалётаў, я думаю, трэба зьвязацца з начальнікам Генштаба Расеі і прапанаваць ім, каб тое ўзмацненьне, якое яны абавязаны даць нам ( зараз, дапусьцім, не больш за 12-15 самалётаў), перагнаць на тэрыторыю Беларусі, вызначыць маршруты патруляваньня, як мы зрабілі для сваіх, запасныя маршруты, і няхай працуюць, патрулююць», — заявіў Лукашэнка, якога цытуе БЕЛТА.

НАТО ў сувязі з расейскай агрэсіяй ва Ўкраіне узмацніла паветраную прастору Польшчы і краін Балтыі.

«Расейская авіябаза павінна быць створана ў Беларусі да 2015 году, але ўжо цяпер на беларускай авіябазе ў Баранавічах знаходзіцца патрульнае зьвяно расейскіх перахопнікаў СУ-27б (гэта чатыры самалёты), якое дзяжурыць.

Лукашэнка прапануе павялічыць колькасьць расейскіх самалётаў на пэрыяд вучэньняў НАТО. Гэта рэвэранс у бок Расеі, бо Лукашэнка за вайсковыя паслугі Расеі мае самастойнасьць ва ўнутранай палітыцы. Беларусь Пуцін шануе як пляцдарм, зь якога можна кантраляваць Украіну, Польшчу і Балтыю», — пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі вайсковы аналітык Аляксандр Алесін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG