Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Беларусь не спыняла супрацоўніцтва з Украінай


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

А пазыцыя Беларусі ў дачыненьні да падзеяў ва Ўкраіне застаецца нязьменнай. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заяўляе пра адсутнасьць ціску на Беларусь з боку Крамля ва ўкраінскім пытаньні.

Такую заяву зрабіў прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на паседжаньні Савету бясьпекі па папярэдніх выніках першага этапу праверкі боегатовасьці Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь, паведамляе БЕЛТА.

Аляксандар Лукашэнка таксама раіць новым украінскім уладам меней «бегаць па замежжы», а займацца дабрабытам уласнай краіны і народа.

«Я хацеў бы сказаць некалькі слоў пра тую сытуацыю, якая непакоіць, натуральна, кіраўніцтва нашай краіны і беларускі народ. Вельмі шмат цяпер у сродках масавай інфармацыі аддаецца гэтаму ўвагі, пачынаючы ад характарыстыкі самой абстаноўкі да нейкай спробы разварушыць Лукашэнку: чаму ён, бачыце, маўчыць і мы ня вызначымся ў дачыненьні да падзеяў, якія адбываюцца ва Ўкраіне.

Трэба сказаць, той, хто ўважліва сочыць за палітыкай і сытуацыяй, гэтага ня скажа, таму што на самым пачатку мы адназначна заявілі пра сваю пазыцыю. І гэтая пазыцыя кансалідаваная, гэта адзіная пазыцыя. Больш за тое, міністру замежных спраў было даручана данесьці нашу пазыцыю да сусьветнай супольнасьці і кіраўніцтва іншых дзяржаваў, што і было зроблена. Такая пазыцыя застаецца на сёньня нязьменнай.

Нас, вядома ж, турбуе абстаноўка, якая складаецца ва Ўкраіне. Гэта наша краіна, гэта нашы людзі, гэта нашы браты. І я наўпрост скажу, што таго, што цяпер робіцца ва Ўкраіне і з народам Украіны, народ Украіны не заслугоўвае. Гэта гераічны народ, гэта народ, які ў большасьці сваёй змагаўся супраць фашызму, мы былі разам у апошняй вайне, і мы ў гэтай вайне перамаглі. Таму пазыцыя ў сілу нашай гістарычнай памяці, нашай гісторыі адназначная».

У гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусь і Ўкраіна дасягалі таваразвароту амаль 7 млрд даляраў. «Гэта кажа пра самыя шчыльныя эканамічныя стасункі паміж Беларусьсю і Ўкраінай».

«Толькі называючы экспромтам некалькі момантаў, я магу задаць рытарычнае пытаньне: якое кіраўніцтва і якую краіну не турбавала б тое, што адбываецца ў суседзяў пры такой сытуацыі, пры такіх узаемадачыненьнях? Вядома, нас гэта турбуе».
XS
SM
MD
LG