Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве цёпла і бясьпечна, хоць рэшткі напружанасьці, якая зусім нядаўна пагражала Ўкраіне грамадзянскай вайной, адчуваюцца. Да іх дадалося адчуваньне небясьпекі іншай магчымай вайны — супраць замежнага агрэсара, які ўжо ступіў на ўкраінскую зямлю.

1. Самаабарона і самаарганізацыя

Міліцыянты з аўтаматамі на вуліцах Кіева ўжо не ўспрымаюцца як прыкмета небясьпекі — наадварот, яны як бы сьведчаць, што міліцыя далучаецца да абароны грамадзян, якая яшчэ некалькі тыдняў таму была цалкам у руках «Самаабароны Майдана». Цяпер жа на пастах каля ўрадавых будынкаў разам стаяць і самаабаронаўцы, і міліцыя, унутраныя войскі. Дзеляцца цыгаркамі, перамаўляюцца. Цяжка ўявіць, што зусім нядаўна яны супрацьстаялі адзін аднаму.

Ля Вярхоўнай Рады дзяжураць тры аўтаматнікі з унутраных войскаў, тры самаабаронаўцы бяз зброі селі каля мэталічнай бочкі з агнём, грэюцца, гамоняць. Да іх падышлі дзяўчаты, пытаюцца, што прынесьці на абед. «Лобстэраў», — жартам кажа адзін з самаабаронаўцаў, разумеючы, што атрымае вінэгрэт.

Падыходзім, знаёмімся, хлопцы запрашаюць сесьці да бочкі пагрэцца.

Радзівон (л), Валер Каліноўскі (ц), Арэст з Трэцяй сотні (п), у пікеце ля Вярхоўнай рады

Радзівон (л), Валер Каліноўскі (ц), Арэст з Трэцяй сотні (п), у пікеце ля Вярхоўнай рады



Найбольш гаваркі Радзівон зь Львоўскай вобласьці. Яму гадоў 40. Зь ім яшчэ двое, маладзейшы і старэйшы, усе з Заходняй Украіны. Сёмая сотня. Хлопцам ахвота пагаварыць пасьля перажытага.

«Яшчэ пару месяцаў таму ня мог уявіць, што я, былы вайсковец, з палкай пайду на «калашы», — эмацыйна расказвае Радзівон пра крывавыя сутыкненьні, якія скончыліся больш як сотняй ахвяр і тысячамі параненых.

Адно ня могуць патлумачыць мне ўдзельнікі пратэстаў: якім чынам ім удалося выстаяць падчас страшнай атакі ў ноч на 19 лютага, калі «Беркут» атачыў сем тысяч пратэстоўцаў, калі мэтро зачынілі, шыны вакол Майдана палалі, і іх не хапала, каб спыніць «Беркут». Але выстаялі.

«Бог нам памог, — кажа Радзівон. — Здолелі. Калі палалі шыны, дым ішоў не на нас, а на «Беркут».

Казак Міхаіл Гаўрылюк (справа), якога беркутаўцы распраналі на марозе, стаў сапраўдным народным героем

Казак Міхаіл Гаўрылюк (справа), якога беркутаўцы распраналі на марозе, стаў сапраўдным народным героем



Радзівону ўдалося застацца цэлым. Але ён перажыў моцны стрэс.

«Я ўпершыню ў жыцьці бачыў тут шэрае рэчыва, мазгі на асфальце. Каля Вярхоўнай Рады 18 студзеня „Беркут“ захопліваў людзей і зьбіваў, а цітушкі ў Марыінскім парку дабівалі... Пасьля ўсяго я тры ночы ня мог заснуць, не знаходзіў сабе месца. Мяне забралі ў псыхіятрычны шпіталь, надзелі ўціхамірвальную кашулю, накалолі лекамі. Пабыў я там колькі дзён — паправіўся, вярнуўся сюды».

Пазьней кіеўскі лекар, якога я спаткаў сярод іншых гасьцей у сваякоў, патлумачыў дыягназ: посттраўматычны сындром.

На яго пакутуюць ня толькі тыя, хто браў удзел у баях, а і многія кіяўляне, якія перажылі гэтыя падзеі ў сваіх кватэрах. За адзін дзень я сустрэў у Кіеве дзьвюх немаладых жанчын, якія проста лямантавалі на вуліцы, на эскалятары ў мэтро. Зь іх немага крыку можна было разабраць асобныя фразы: «Колькі маладых людзей пабіў, гад!»


Мэмарыял на месцы гібелі беларуса Міхаіла Жызьнеўскага

Мэмарыял на месцы гібелі беларуса Міхаіла Жызьнеўскага



2. Нябесная сотня


Нябесная сотня. Партрэты і сьвечкі

Нябесная сотня. Партрэты і сьвечкі




Столькі кветак я ў жыцьці ня бачыў. Вуліца Інстытуцкая, якая вядзе ад майдана Незалежнасьці да Нацбанку і адміністрацыі прэзыдэнта, усыпаная кветкамі, вянкамі, сьвечкамі — на барыкадах, якія ніхто ня мае намеру разьбіраць, на тратуарах, на месцах гібелі людзей.


Месца, дзе ўпаў адзін з герояў Нябеснай сотні

Месца, дзе ўпаў адзін з герояў Нябеснай сотні




Гэтыя месцы, дзе ляжалі забітыя, цяпер абгароджаныя пліткай і ўсыпаныя кветкамі, тут жа партрэты забітых, часам бот ці кепка, якія ад іх засталіся. Мэмарыялы. Уся вуліца стала адным вялікім мэмарыялам. У ліхтарных слупах засталіся дзіркі ад куль аўтаматаў і снайпэрскіх вінтовак.

Снайпэрская куля прайшла навылет ліхтарнага слупа на вуліцы Інстытуцкай

Снайпэрская куля прайшла навылет ліхтарнага слупа на вуліцы Інстытуцкай



Сьляды аўтаматных куль

Сьляды аўтаматных куль



Паводле стану на 11 сакавіка загінулых падчас падзеяў на Майдане Незалежнасьці налічвалася ўжо 102. Некаторыя дагэтуль паміраюць у шпіталях. Іх ужо назвалі «Нябеснай сотняй», а вуліцу Інстытуцкую, дзе большасьць зь іх знайшлі сваю сьмерць, людзі перайменавалі ў вуліцу Нябеснай сотні.

Вуліца Інстытуцкая пераўтварылася у вялікі мэмарыял

Вуліца Інстытуцкая пераўтварылася у вялікі мэмарыял




Снайпэры стралялі з гатэля «Ўкраіна» і іншых прылеглых будынкаў, распавядае ўдзельнік «Брацкай сотні» чачэнец Заур, удзельнік тых падзеяў, калі мітынгоўцаў з драўлянымі шчытамі расстрэльвалі з «калашнікавых» і снайпэрскіх вінтовак. Палягло іх тут шмат.

Заур і Алег з Брацкай сотні будуць на Майдане да 25 траўня

Заур і Алег з Брацкай сотні будуць на Майдане да 25 траўня



«Калі нашы людзі пачалі гінуць ад куль снайпэраў, чалавек трыццаць з „самаабароны“ пабеглі ў гатэль „Украіна“. Убачылі двух снайпэраў. Адзін зь іх уцёк, а другога мы злавілі. У яго была пазыцыя побач зь літарай „У“ ў назьве гатэля. Хлопцы хацелі яго разарваць, але аддалі ў Штаб нацыянальнага супраціву. У яго быў маскоўскі акцэнт», — распавядае Заур.

З тых самаабаронаўцаў, якія засталіся жывымі, і сфармавалася «Брацкая сотня». На горцы за Жаўтнёвым (Кастрычніцкім) палацам яны паставілі свой вялікі намёт з буржуйкай і зьбіраюцца стаяць тут да выбараў прэзыдэнта — 25 траўня.

Падчас баёў Заур быў лёгка паранены ў нагу, пасьля апэрацыі вярнуўся ў строй.

«Куля зачапіла машонку... Абышлося, а калі б і не, то ня страшна, у мяне чацьвёра дзяцей. Але хачу яшчэ сына», — кажа Заур.

Заур у звычайным жыцьці будаўнік, тынкоўшчык-плітачнік. Пасьля чачэнскай вайны, у якой ён браў удзел, пераехаў у Кіеў. Але баі яго засьпелі і тут. Заур не выключае, што паедзе ў Крым, бо кажа, што іначай Пуцін прыйдзе ў Кіеў.

Разам з Заурам ля намёта дзяжурыў іншы кіяўлянін — Алег, таксама будаўнік, муляр. Згадваючы агрэсію ў Крыме, пра расейскі народ як пра ворага самаабаронаўцы з Кіева не гавораць. «Наш вораг — Пуцін», — кажуць яны.

На разьвітаньне Заур пытаецца: як справы ў Беларусі?

«Ну, так сабе...»

«Што ж, наступны Эўрамайдан будзе ў Менску, а скончым на Краснай плошчы», — кажа Заур і махае рукой.

Працяг будзе.

XS
SM
MD
LG