Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі консул жорстка адрэагаваў на публікацыю ў газэце «Вечерний Брест»


Алег Мысік, генэральны консул Украіны ў Берасьці, у афіцыйным лісьце ў рэдакцыю берасьцейскай газэты назваў Майдан «сымбалем свабоды», пацьвердзіў легітымнасьць новых украінскіх уладаў і нагадаў, што назва краіны, якую ён прадстаўляе, — Украіна, а не «Малороссия».

А «Малороссией» яе дазваляла сабе называць царская Расея», — напісаў Мысік.

Падставай для жорсткай рэакцыі ўкраінскага консула стала публікацыя 5 сакавіка артыкула Георгія Герашчанкі «Орел и воробьи. Малороссийская летопись».

У размове з Радыё Свабода Алег Мысік зазначыў, што ўпершыню сутыкаецца з публікацыяй такога кшталту ў беларускай прэсе:

«Мы чакаем рэакцыі як рэдакцыі, так і заснавальніка газэты — Берасьцейскага гарадзкога савету дэпутатаў», — паведаміў консул.

У допісе Герашчанкі Расея прадстае «восточным орлом», які вымушаны адказаць на «наскоки политических воробьев», абараніць расейскае насельніцтва і Чарнаморскі флёт. Паводле яго, падзеі ва Ўкраіне могуць разьвівацца паводле найгоршага сцэнару «компьютерной игры, вышедшей в начале 2000-х, — авиасимулятора истребителя «Су-27».

Алег Мысік заявіў, што афіцыйны Кіеў можа зьвярнуцца ў адпаведныя органы з нагоды такога закліку берасьцейскага журналіста.

Міхаіл Алейнік, які выконвае абавязкі галоўнага рэдактара газэты «Вечерний Брест», кажа: публікацыю яны здымаць ня будуць, а што рабіць далей — вырашаць на рэдакцыйнай калегіі. Калі справа дойдзе да суду, то рэдакцыя да яго гатовая.

«Цяпер усе публікуюць матэрыялы на гэтую тэму. Публікуюць жа. У нас традыцыйна кожны месяц ёсьць такая рубрыка „Постскриптум“. Мы ставім два пункты погляду ў адну газэту. Яны могуць быць супрацьлеглыя. Могуць не адпавядаць меркаваньню рэдакцыі».

З заўвагамі ўкраінскага консула Міхаіл Алейнік катэгарычна ня згодны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG