Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы: калі нас паспрабуюць акупаваць — мы павінны страляць


Даля Грыбаўскайце
Даля Грыбаўскайце

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце кажа, што Расея, якая распачала ваенныя дзеяньні ў Крыме, нават ня думае аб адступленьні і захаваньні сваёй годнасьці.

«Сёй-той казаў, што цяпер нельга моцна ціснуць на Расею — каб даць ёй магчымасьць захаваць твар і пакінуць „стратэгію адступленьня“. Эўропе трэба захаваць свой твар, а не Расеі, якая гэтага рабіць не зьбіраецца. Твару ў Расеі даўно ўжо няма — ёсьць толькі твар Пуціна», — сказала Грыбаўскайце ў інтэрвію перадачы «Права ведаць» літоўскага тэлебачаньня.

Прэзыдэнт таксама сказала, што саюзьнікі Літвы ў выпадку небясьпекі гатовыя рэагаваць ня толькі з дапамогай 6 дадатковых зьнішчальнікаў, але і з дапамогай караблёў на Балтыцы.

— 6 сакавіка на пазачарговай сустрэчы кіраўнікоў Эўропы Вы сказалі, што паводзіны Расеі ўяўляюць пагрозу для ўсёй Эўропы, што мы павінны шукаць рашэньні, каб гарантаваць бясьпеку і не дапусьціць, каб мапу Эўропы перакроілі зноўку, чаго дамагаецца Расея. Якія рашэньні Вы самі бачыце?

— Па-першае, вядома, нам пашанцавала гістарычна, калі мы 10 гадоў таму сталі членамі НАТО і ЭЗ. І гэта, вядома, вялікая дапамога. Але цяпер мы гаворым пра самую Эўропу, паколькі бачым фэномэн, які зьявіўся, калі адна краіна абсалютна растаптала ўсе магчымыя міжнародныя абавязацельствы (... ).

Мы бачым краіну, якая ні на што не зьвяртае ўвагі, хлусіць, адкрыта ўводзіць войска без апазнавальных знакаў, а гэта сур’ёзныя міжнародныя парушэньні. Мы бачым краіну, якая пачала паводзіць сябе, як нацысцкая Нямеччына ці Сталін у 1938-1940 г. г. Хваравітыя постімпэрскія амбіцыі дэманструюцца ўсім краінам Эўропы і сьвету. І вядома, сьвет павінен рэагаваць. І вельмі добра, што прыйшло даволі адзінадушнае асуджэньне з усіх кропак сьвету: асудзілі ня толькі Эўропа, ЗША, але і Кітай, які заўсёды быў дружалюбным у адносінах да рэжыму Пуціна.

Такім чынам, мы бачым тое, што ўсе краіны ацэньваюць адназначна: гэта жорсткі факт агрэсіі, які парушае ўсе міжнародныя абавязаньні і нормы. Але што далей? Ці трэба спыняць гэтую жорсткасьць? Вядома, трэба. Мы павінны ня толькі гаварыць, што гэта непрыгожа, але і спрабаваць паказаць, што краіны і сьвет ня могуць у 21 ст. быць памяркоўнымі ў дачыненьні да такой жорсткасьці. Тое, што адбываецца ва Ўкраіне, асабліва ў Крыме, паказала, што рэакцыя і міжнародныя інструмэнты занадта цывілізаваныя. Тут я не магу сказаць, што яны павінны быць іншымі, але мы маем справу зь іншай цывілізацыяй або прадстаўленьнем аб цывілізацыі. Калі Захад у 21 ст., то цяперашнія паводзіны [Расеі] я б аднесла да сярэдзіны мінулага стагодзьдзя.

Сутыкненьне на самай справе вельмі хваравітае, пацярпяць усе. Я маю на ўвазе, што ня толькі Ўкраіна. Эўропа, ЗША — усе, паколькі, хутчэй за ўсё, давядзецца ўводзіць пэўныя санкцыі. Ня толькі дыпляматычныя і палітычныя — быць можа, потым і эканамічныя. І, вядома, у такой сытуацыі пацярпяць усе. Я вельмі спадзяюся, што гэтая халодная вайна, якая вяртаецца ў міжнародныя адносіны самой Расеяй, усё ж не дасягне самай гарачай і найгоршай кропкі, але для гэтага трэба прыняць меры. Гэта робіць Літва, Эўропа, краіны НАТО, менавіта таму Літва разам з Польшчай кансультавалася як з краінамі НАТО, так і з ЗША наўпрост, мы атрымалі дадатковыя меры, неабходныя для гарантаваньня нашай бясьпекі, паколькі мы гаворым ня толькі аб Крыме, але і пра Ўкраіну. Мы гаворым пра ўвесь эўрапейскі рэгіён і адносіны з так званымі краінамі былога Варшаўскага пакту або савецкімі рэспублікамі.

Постімпэрскія амбіцыі такія, што нават нам пагражаюць, Польшчы пагражаюць. У канцы лютага прайшлі неаб’яўленыя вучэньні — гэта міжнароднае парушэньне. (... ) Гэта адкрытая дэманстрацыя агрэсіі і пагрозы краінам Эўразьвязу ў Балтыйскім рэгіёне. Я б хацела, каб вы ясна зразумелі, што пуцінская Расея становіцца прыкладам агрэсіі і адна дэманструе ўсім сваю сілу.

На Радзе ААН усе асудзілі Расею. Яе прапаганду адстойваў толькі яе пасол. Мы бачым, што краіна стала закладніцай амбіцый аднаго чалавека, быць можа балючых амбіцый. Калі чуеш, як прэзыдэнт іншай краіны абвінавачвае Польшчу і Літву ў тым, што яны, да прыкладу, рыхтавалі байцоў, такое камэнтаваць немагчыма. (... )

— Цяперашняму Крамлю, да прыкладу, Куршская каса можа здацца нязручна аддаленай ад Літвы. Рускамоўных грамадзян там каля 1%. Ці можа Літва быць упэўненая, што Масква не захоча прыехаць іх ратаваць з Калінінграду на гуманітарных грузавіках?

— Як я ўспамінала ў самым пачатку, нам пашанцавала — мы ўжо 10 гадоў зьяўляемся членамі НАТО, мы бачылі рэакцыю праз 2 дні. Пасьля гутаркі ў нас зьявіліся дадатковыя зьнішчальнікі, іх цяпер 10 замест 4. Тое ж самае адбываецца і на тэрыторыі Польшчы. Калі будзе неабходнасьць, іх будзе і больш: калі спатрэбяцца, будуць і караблі ў Балтыйскім моры, якія будуць нас ахоўваць.

Вядома, аказваюць і іншы ўплыў — праз нашых палітыкаў, СМІ, шляхам прапаганды, праз пэўныя грошы і нават карупцыю, быць можа, спрабуюць дэстабілізаваць становішча ў нашым рэгіёне, у краінах і г. д. Але гэта ўжо іншыя меры, гэта не вайскоўцы, якіх краіна ня можа выкарыстаць супраць краіны НАТО. (... ) Мы ведаем, што абароненыя 5 артыкулам НАТО, тут баяцца няма чаго, самае галоўнае — ніколі ня трэба баяцца агрэсара, паколькі яму менавіта гэта і трэба. Якой бы ні была дзяржава, яе памер, мы павінны ведаць, што другі раз зьдзейсьніць гістарычную памылку ня зможам: мы павінны аказаць супраціў і стрэліць, калі хтосьці паспрабуе нас акупаваць.

— Спадарыня Прэзыдэнт, маглі б Вы параўнаць рэакцыю ЗША, якія паслалі 12 зьнішчальнікаў у Польшчу і 6 у Літву і санкцыі ЭЗ — прыпыненьне перамоваў аб бязьвізавым рэжыме і гандлёвым пагадненьні. Ці адэкватная такая рэакцыя ў дачыненьні да сытуацыі ў Крыме, калі ад тэрыторыі Ўкраіны літаральна адрываюць кавалак?

— Як бачыце, усе санкцыі, прынамсі з боку ЭЗ, у першую чаргу — гэта прылады, якія досыць цывілізаваныя, карэктныя, гэта не ваенныя інструмэнты. Гэта спроба размаўляць, прадэманстраваць сваё меркаваньне, спыніць нейкія перамовы, да прыкладу, лібэралізацыю віз або пагадненьне аб вольным гандлі, і гэтак далей, паказваючы, што Эўропа асуджае і не пацерпіць такія дзеяньні.

ЗША, як асноўная краіна НАТО, распачала захады для бясьпекі па просьбе Літвы і Польшчы. (... ) Украіна, на жаль — ня ёсьць краінай НАТО, таму дапамагчы ёй наўпрост ваенным спосабам нашмат складаней, таму для пачатку і выкарыстоўваюць дыпляматычныя меры. У чацьвер у Брусэлі казалі пра тое, што паступова будзем ісьці ў бок сур’ёзных санкцый.

ЭЗ і НАТА — розныя арганізацыі, таму і рэакцыя розная. (... )

Апусьціцца да ўзроўню Пуціна, прымяняць жорсткую ваенную сілу, не выконваць міжнародныя нормы, Захад ня можа і, магчыма, гэта добра, інакш войнаў было б не пазьбегнуць. Пасьля Другой сусьветнай вайны былі створаныя інструмэнты і міжнародныя дамовы, каб пазьбягаць войнаў, гэта асабліва адчувальна ў Эўропе. Калі мы цяпер бачым перакройваньне межаў у Эўропе, то большая частка краін Захаду гэтага папросту не разумее. Другое — гэтаму цалкам няма апраўданьняў, гэта асуджаецца. Вельмі добра, што гэта аднадушна робіць увесь сьвет. Гэта сыгнал, што сьвет стаў больш адзіным супраць такіх жорсткіх дзеяньняў.

— Расея як правапераемніца СССР парушае Хэльсінскія абавязацельствы не пераглядаць мяжы. ЭЗ кажа на гэта: мы спыняем перамовы аб гандлёвым пагадненьні. Хто памятае, калі была апошняя сустрэча? Расея нават не выконвала абавязацельствы, якія павінна была выконваць, стаўшы членам СГА. Што датычыцца візавага рэжыму — таксама цяжка прыгадаць, калі было апошняе эфэктыўнае пасяджэньне па гэтым пытаньні. Ці на самой справе гэта санкцыі, або іх прадстаўляюць як санкцыі, канстатуючы тое, што так ці інакш не адбылося.

— Мы, сябры ЭЗ, размаўлялі ў Бруселі. Усходнія члены, якія былі бліжэй [да Расеі], лепш разумеюць, што адбываецца — відаць, што некаторыя краіны, якія далёка ад Расеі, гэта разумеюць інакш, акрамя таго, магчыма, эканамічна больш залежныя, асабліва ў галіне энэргетыкі. Гэта можна адчуць. Рэакцыя і ацэнка — вельмі розныя. Цяжка паверыць, што ў наш час можна не выконваць ніякія міжнародныя дамовы. Ня толькі міжнародныя, але і двухбаковыя, да прыкладу, паміж Расеяй і Ўкраінай.

Сёй-той казаў, што нельга цяпер аказваць на Расею занадта вялікі ціск — каб даць ёй магчымасьць захаваць свой твар і пакінуць ёй «стратэгію адступленьня». Я ясна сказала: Эўропе трэба захаваць свой твар, а не Расеі, якая не зьбіраецца гэтага рабіць. У яе даўно няма твару — ёсьць толькі твар Пуціна. Эўропа яшчэ да канца не разумее, што адбываецца, і да канца не разумее, што настаў час самой Эўропе вызначыцца і захаваць свой твар.

— Вы ўпэўненыя, калі кажаце «не разумеюць»? Вы ня згодныя зь меркаваньнем, што рэакцыя краін Эўропы на дзеяньні Расеі больш залежыць ад агульных эканамічных справаў? Польшча і краіны Балтыі рэагуюць жорстка. Нямеччына альбо Вялікабрытанія мірацца, паколькі ў іх больш эканамічных інтарэсаў: у каго газаправод, у каго Расейскія рахункі ў Сіці.

— Можна так падумаць, але прэм’ер Вялікабрытаніі выказаўся ясна і цьвёрда. Яго пазыцыя нагадала пазыцыю ЗША, ён быў у групе тых краін, якія патрабавалі сур’ёзных санкцый. Нямеччына таксама пачала варушыцца, бо якраз у той момант адбываліся зьмены ў Крыме і, вядома, гэта выклік для кожнага эўрапейскага кіраўніка, для ўсіх цяперашні і будучых адносін з Расеяй. Гэта відавочна пачынаюць разумець некаторыя заходнія лідэры. Расея дае ім магчымасьць лепш спазнаць сябе, урокі даюцца штодня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG