Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэратыўна аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь уключаны ў сусьветны сьпіс ворагаў інтэрнэта ў штогадовай справаздачы міжнароднай журналісцкай арганізацыі «Рэпарцёры бязь межаў».

Сёлета сьпіс ворагаў інтэрнэту ўяўляе сабой пералік арганізацыяў, якія ва ўсім сьвеце перашкаджаюць свабодзе выказваньня ў Інтэрнэце.

Беларускі ААЦ зьяўляецца арганізацыяй, чые функцыі выходзяць далёка за межы цэнзуры ў Інтэрнэце, шпіянажу за журналістамі і курыраваньня правайдэраў — сьцьвярджаюць аўтары справаздачы. Таксама адзначаецца, што Ўказ № 60 «Аб мерах па ўдасканальваньню нацыянальнага сэгмэнта сеціва Інтэрнэт» абавязвае правайдэраў выкарыстоўваць SORM (сыстэму тэхнічных сродкаў для забесьпячэньня функцый апэратыўна-дасьледчых мерапрыемстваў) для адсочваньня інтэрнэт-актыўнасьці.

У Расеі падобныя функцыя выконвае ФСБ. Сярод іншых ворагаў інтэрнэту аўтары называюць арганізацыі ў Кітаі, Узбэкістане, Туркмэністане, Саудаўскай Арабіі і іншых краінах.

Гэтым разам у сьпіс трапілі тры арганізацыі, якія дзейнічаюць у дэмакратычных краінах — Агенцтва па нацыянальнай бясьпецы (NSA) у ЗША, Цэнтар урадавай сувязі (GCHQ) у Вялікай Брытаніі і Цэнтар разьвіцьця тэлекамунікацый (C-DOT) у Індыі.




Даклад пачынаецца са згадкі пра выступ галоўнай рэдактаркі сайта Charter97 Натальлі Радзінай у Вене на канфэрэнцыі АБСЭ у лютым 2013 году. Рэагуючы на выступ на канфэрэнцыі намесьніка начальніка Апэратыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзыдэнце Уладзіміра Рабаволава, Натальля Радзіна заявіла наступнае:

«...У 2010 годзе Аляксандр Лукашэнка, якога справядліва называюць „апошнім дыктатарам Эўропы“, падпісаў указ пра рэгуляваньне інтэрнэту. Выконваць гэты ўказ даручана новастворанай структуры — Апэратыўна-аналітычнаму цэнтру, прадстаўніка якога мы тут бачым...

Паводле гэтага ўказу (ён дзеліцца на 2 часткі), ідзе поўная рэгістрацыя карыстальнікаў і захоўваецца інфармацыя пра аказаныя ім паслугі. Далей — увесь бізнэс пераводзіцца на беларускі хостынг. Выконваць гэты ўказ даручана ААЦ, і, згодна з іх рэкамэндацыямі, сапраўды ўводзяцца чорныя сьпісы. У чорныя сьпісы трапілі апазыцыйныя інтэрнэт-рэсурсы. Быў пыл у вочы — маўляў, гэта дзіцячая парнаграфія і таму падобнае. І пад гэта ўсё трапілі вядучыя інтэрнэт-рэсурсы. Мы губляем вялізную аўдыторыю з-за гэтага. Таму што эканоміка ў Беларусі — дзяржаўная, а сайты з чорных сьпісаў забароненыя да паказу ў дзяржаўных установах.

Сёньня прадстаўнік ААЦ гаварыў пра тое, што неабходны дыялёг, і як добра, што тут ёсьць журналісты. Так, я сёньня магу быць тут. Але, калі б я была ў Беларусі, я была б у турме».

На той самай канфэрэнцыі адбылася скандальная спрэчка паміж Натальля Радзінай і ўладальнікам партала tut.by Юрыем Зісерам, у выніку якой Юры Зісер прыгразіў адправіць Натальлю Радзіну ў турму нібыта за паклёп.

Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь быў створаны 21 красавіка 2008 году ўказам прэзыдэнта. Экспэрты адзначаюць ключавую ролю арганізацыі ў абмежаваньні інтэрнэт-свабоды ў Беларусі, увядзеньні і рэалізацыі адпаведных заканадаўчых нормаў (сярод іх і Указ № 60) і функцыянаваньні «чорнага сьпісу» інтэрнэт-рэсурсаў, заблякаваных у дзяржаўных установах Беларусі.

Беларусь уваходзіць у лік ворагаў інтэрнэту трэці год запар.
XS
SM
MD
LG