Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША асудзіў расейскую інтэрвэнцыю ва Ўкраіне


Палата прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу прыняла рэзалюцыю з асуджэньнем парушэньня сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны ўзброенымі сіламі Расейскай Фэдэрацыі.

У рэзалюцыі, якую ініцыяваў рэспубліканец Эд Ройс, заяўляецца, што вайсковая інтэрвэнцыя Расеі ўяўляе сабою парушэньне абавязаньняў РФ у рамках Хартыі ААН, а таксама парушэньне Будапэшцкага мэмарандуму 1994 году, а таксама пагражае міжнароднаму міру і бясьпецы.

Рэзалюцыя заклікае Расейскую Фэдэрацыю вывесьці з Крымскага павострава ўсе вайсковыя сілы за выключэньнем тых, якія разьмяшчаюцца там на падставе пагадненьня 1997 году аб Чарнаморскім флёце; устрымацца ад умяшаньня ва ўсіх рэгіёнах Украіны, а таксама псыніць падтрымку сэпаратысцкіх і ваенізаваных фармаваньняў у Крыме.

У дакумэнце выказваецца заклік да саюзьнікаў па НАТО і краінаў Эўразьвязу неадкладна спыніць вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй. Рэзалюцыя таксама заклікае прэзыдэнта ЗША і лідэраў іншых дэмакратычных краінаў байкатаваць саміт “вялікай вясьмёркі”, які мае адбыцца ў чэрвені ў Сочы, правесьці саміт “вялікай сямёркі” і разгледзець пытаньне аб выключэньне Расеі з гэтай групы.

Рэзалюцыя заклікае Адміністрацыю супрацоўнічаць з эўрапейскімі саюзьнікамі і іншымі краінамі з мэтай увесьці візавыя, фінансавыя, гандлёвыя ды іншыя санкцыі ў дачыненьні да высокапастаўленых расейскіх урадоўцаў, расейскіх і ўкраінскіх алігархаў ды іншых саўдзельнікаў у расейскай інтэрвэнцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG