Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: Пазыцыя Расеі не зьмянілася


Джон Керы і Сяргей Лаўроў, Рым, 6 сакавіка 2014

Джон Керы і Сяргей Лаўроў, Рым, 6 сакавіка 2014

Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у тэлефоннай размове зноў не прыйшлі да згоды, паведамілі ў Дзяржаўным дэпартамэнце.

Згодна з паведамленьнем, адказы, якія перадала Расея на прапановы ЗША па дыпляматычным выхадзе з крызісу вакол расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, сведчаць, што яе пазыцыі не зьмяніліся. Акрамя таго, Расея не ідзе на дээскаляцыю становішча, заявіла прэсавая сакратарка Дзярждэпартамэнту Джэн Сакі.

Паводле яе, Керы выразна даў Лаўрову зразумець, што любыя далейшыя дзеяньні Расеі па эскаляцыі становішча звузяць «акно дыпляматыі». Дзяржсакратар паўтарыў сваю гатовасьць супрацоўнічаць з расейскім міністрам, але пры ўмове, што для гэтага будуць належныя абставіны, а мэтай павінна быць абарона недатыкальнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны, сказала прэсавая сакратарка і дадала: «У адказах мы гэтага ня ўбачылі».

Акрамя таго, сказала яна, у размове Керы выказаў Лаўрову занепакоенасьць паведамленьнямі аб дзеяньнях расейскіх войскаў ва Ўкраіне і падкрэсьліў: для ЗША непрымальна, што расейскія войскі і нерэгулярныя фармаваньні працягваюць бескантрольна дзейнічаць на тэрыторыі ўкраінскага Крыму.

Раней пра гэтую самую размову ў МЗС Расеі паведамілі, што Лаўроў заяўляў Керы, у прыватнасьці, пра неабходнасьць «паважаць права жыхароў Крыму самастойна вызначыць свой лёс у адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права».

Вядучыя краіны сьвету, сярод якіх і ЗША, іхныя аб’яднаньні і міжнародныя арганізацыі ўжо заяўлялі, што плянаваны рэфэрэндум аб далучэньні Крымскага паўвострава да Расеі супярэчыць міжнароднаму праву, а таксама заканадаўству Ўкраіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG