Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая прэсавая канфэрэнцыя ў Растове ўкраінскага палітыка, пра якога і расейскае кіраўніцтва выказваецца даволі грэбліва, выклікае пытаньне – навошта?

Ну, паказаць, што жыве, што не прыбралі, як адыграную карту – гэта зразумела. А можа нешта больш? Першыя камэнтары да гэтага шоў зводзяцца да таго, што Пуцін кепскі, Януковіч – таксама, пры гэтым Януковіч ніхто. Не без таго, але мне адказ падаецца няпоўным.

На мой погляд, гэтае шоў – намёк з боку Расеі яе заходнім партнэрам, што ёсьць варыянты. Размаўляць Масква зьбіраецца толькі з Захадам, а з Кіевам – толькі праз Захад. Ня выключана, што зьяўленьне ў Растове Януковіча прымеркаванае да пачатку візыту ў ЗША ўкраінскага прэм'ера Арсеня Яцанюка.

Каб зразумець, у чым сэнс расейскай прапановы, дылемы, якую Масква ставіць перад Захадам – трошкі гісторыі. Акрамя банальнага ўварваньня на тэрыторыю іншай дзяржавы па праву сілы існуюць два ідэалягічныя «соўсы», пад якім гэта рабілася ў гісторыі. Адзін – легітымісцкі, другі – нацыяналістычны. І яны насамрэч адрозныя.

Расейскі цар Мікалай І уваходзіў са сваім войскам у 1848 годзе ў Вугоршчыну, якая паўстала, менавіта пад соўсам легітымізму: бунтаўшчыкі, мяцежнікі скінулі законную ўладу і пазбавілі яе магчымасьці кіраваць, законную ўладу, прынцып легітымізму трэба аднавіць, калі спатрэбіцца, то і сілай. Падобнае ідэалягічнае абгрунтаваньне было ў савецкага ўварваньня ў тую ж Вугоршчыну ў 1956-м і ў Чэхаславаччыну ў 1968-м: легітымная сацыялістычная ўлады зрынутая ці вось-вось будзе зрынутая, СССР абараняе сацыялістычны легітымізм. Тое, што СССР потым расстраляў Імрэ Надзя і адхіліў ад улады Аляксандра Дубчэка – насамрэч дэталі, усе пазначаныя ўварваньні адбываліся пад сьцягам легітымізму, які, зразумела, Раманаў і Хрушчоў з Брэжневым разумелі па-рознаму.

Дарэчы, пад такім жа соўсам Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў у 2010 годзе ўвесьці войскі АДКБ у Кіргізстан, дзе быў зрынуты прэзыдэнт Бакіеў. Тая ж формула – «сьвятая асоба «государя», зрынутая бунтаўшчыкамі, «сьвяты саюз» постсавецкіх аўтарытарыяў аднаўляе сілай легітымны парадак. Прынамсі, канцэптуальна.

Але... Мікалай І зусім не лічыў вугорцаў братамі і не прэтэндаваў на частку імпэрыі брата Франца Іосіфа. І Брэжневу, пасьля ўвядзеньня танкаў у Прагу, не прыходзіла ў галаву, скажам, далучыць да СССР у выглядзе саюзнай рэспублікі славацкіх «братоў». У легітымісцкім варыянце браты – гэта ўладары, прынцып фармаваньня ўлады.

Другі варыянт – нацыяналістычны. Найбольш яскравы і вядомы прыклад – далучэньне Гітлерам Судзетаў да «Трэцяга рэйху». Дарэчы, прыклад не адзіны: марш генэрала Жалігоўскага на Вільню, рэйд д'Анунцыё ў Фіюмэ – з той жа опэры: нашы браты, людзі нашай крыві і культуры пакутуюць пад гнётам чужынцаў, просяць нас аб вызваленьні, наш меч аб'яднае штучна разьяднаны народ.

Расейскае абгрунтаваньне свайго ўварваньня ў Крым уяўляе сабой дзіўную сумесь абодвух падыходаў. І гібрыд аказваецца недарэчным, слабейшым, чым любы з «чыстых» варыянтаў. Асабліва гэта было бачна на прэсавай канфэрэнцыі Пуціна: у Кіеве пераварот, Януковіч – легітымны прэзыдэнт, хаця мы самі разумеем, што палітычна ён ніхто, хочам абараніць «нашых людзей» у Крыме, а мо і на Ўсходзе Ўкраіны, балазе і Януковіч за (а быў бы супраць, то што?), і наагул нашых войскаў там няма. Зразумей, хто можа...

Магчыма, цяпер пазыцыя стала больш уцямнай, што і абазначаецца паўторнай дэманстрацыяй Януковіча. Дакладней, Захаду выкладзеныя на стол два «чыстыя» сцэнары – легітымісцкі і нацыяналістычны. У першым Захад пагаджаецца на тое, што Януковіч (вы будзеце сьмяяцца) вяртаецца ў Кіеў хаця б часовым прэзыдэнтам, фармуецца ўрад з розных палітычных сілаў (з удзелам, скажам, лідэра данецкіх антымайданаўскіх пратэстоўцаў Губарава і прарасейскага прэм'ера Крыма Аксёнава), Украіна не падпісвае пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ. Словам, як расейцы заяўлялі і раней, у нейкім сэнсе адбываецца вяртаньне да дамовы паміж прэзыдэнтам Януковічам і лідэрамі апазыцыі 22 лютага. У гэтым варыянце Расея актыўна, нават інстытуцыйна ўдзельнічае ў фармаваньні ўкраінскай улады, наўпрост уплывае на яе зьнешнепалітычны курс. Але краіна застаецца адзінай, крымскі рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі «рассмоктваецца». Суцэльны легітымізм, як і было сказана.

Ці ўступае ў дзеяньне нацыяналістычны варыянт, для якога ўсё падрыхтавана: ў нядзелю – рэфэрэндум у Крыме, 21 сакавіка – рашэньне Фэдэральнага сходу Расеі аб «ўзьяднаньні спрадвечна рускіх земляў», Крым (прынамсі, Крым) – расейская тэрыторыя. Так, нікім, акрамя самой Расеі, непрызнаная юрыдычна. Але хто, як і калі зможа вярнуць яе Ўкраіне фактычна?

Зразумела, магчыма, што на Расею паўзьдзейнічае дыпляматычны ціск, міжнародная ізаляцыя, санкцыі, якія ўведзеныя ўжо і могуць быць уведзеныя ў будучыні, і яна выведзе сваіх «зялёных чалавечкаў» з Крыму, дасьць Януковічу ціхі прытулак, як Лукашэнка Бакіеву, ня будзе сілай і шантажом спрабаваць уплываць на склад украінскай улады. Магчыма. А магчыма і не.

А магчыма, у гэты стан сытуацыю можа ўвесьці толькі «апошні аргумэнт каралёў», як называлі ўзброеную сілу раней. Дарэчы, калі б ня ядзерная зброя, упэўнены – другая Крымская вайна паміж Захадам і Расеяй ужо б ішла. Першая, дарэчы, пачалася зь ня больш значнай і ў нечым падобнай прычыны: прэтэнзіі цара быць апекуном праваслаўных у Асманскай імпэрыі, акупацыя Малдавіі – ну і вайна.

Але ядзерная зброя ёсьць. Добра быць упэўненым, што Пуцін яе не ўжыве, прынамсі, у тых абставінах, якія могуць узьнікнуць ад прамога ваеннага сутыкненьня сілаў НАТО і Расеі вакол Крыму. А можа і нядобра быць у гэтым упэўненым. Але ў любым выпадку палымянаму карыстальніку сацыяльных сетак упэўненым у гэтым быць лягчэй, чым Абаму, напрыклад. Апошняму памылка можа дорага каштаваць.

Так што варыянты «на стале». Украінскім уладам не падабаюцца абодва. Яны могуць прадухіліць першы, але тады самастойна ня ў стане прадухіліць другі. Міністар абароны Ўкраіны Ігар Ценюх сёньня патлумачыў гэта дэпутатам Вярхоўнай Рады «на пальцах». Слова за Захадам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG