Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Заробак лекара-пачаткоўца — 2 мільёны 700 тысяч, мэдсястры — 1 мільён 600 тысяч


У Беларусі дыплём лекара маюць каля 50 тысяч чалавек. Але дактароў, якія займаюцца практыкай, — прыкладна 26 тысяч. Забясьпечанасьць лекарамі — каля 95%, але гэта з улікам сумяшчальніцтва, то бок кожны доктар працуе ў сярэднім на 1,4 стаўкі. У сыстэме аховы здароўя даволі вялікая цякучка кадраў. Нават сталіца адчувае востры дэфіцыт участковых тэрапэўтаў, пэдыятраў вузкіх спэцыялістаў. У той жа час набор у мэдунівэрсытэты штогод павялічваецца, конкурсы растуць. А сама сыстэма няспынна рэфармуецца. У хваробах сыстэмы аховы здароўя спрабавала разабрацца Іна Студзінская.

За мінулы год у Беларусі звольнілася амаль 2,5 тысячы лекараў. 450 зь іх пайшло на пэнсію, 800 перайшлі на іншыя месцы працы, 115 заявілі, што працаўладкоўваюцца за мяжой, а 800 чалавек наагул сышлі з сыстэмы. Такія лічбы агучыла начальнік упраўленьня кадравай палітыкі, установаў адукацыі Міністэрства аховы здароўя Натальля Мірончык. Апавяла чыноўніца і пра заробкі ў галіне:

«За студзень 2014 году сярэдняя заработная плата працаўнікоў у сыстэме аховы здароўя склала 3 мільёны 902 тысячы рублёў (прыкладна 407 даляраў). Сярэдняя зарплата па прамысловасьці — амаль 6 мільёнаў, на 34% вышэй. У спэцыялістаў, лекараў з вышэйшай адукацыяй — крыху больш за 6 мільёнаў. Але зноў жа гэта з улікам сумяшчальніцтва, пры працы на 1,4 стаўкі».

То бок калі чыноўнікі рапартуюць пра ўкамплектаванасьць лекарамі на пасадах на 95%, гэта азначае, што фізычнымі асобамі закрыта менш за 70% ставак. Цяпер у Беларусі каля 3 тысяч вакантных ставак лекараў.

Што да заробкаў, то выпускнік мэдунівэрсытэту, якога заахвочваюць надбаўкамі і даплатамі, атрымлівае ўдвая менш ад сярэднестатыстычных паказьнікаў па краіне, кажа Натальля Мірончык:

«У маладога спэцыяліста-лекара на адну стаўку заробак 2 мільёны 723 тысячы, у мэдсястры тэрапэўтычнага профілю — крыху больш за 1 мільён 600 тысяч, хірургічнага профілю — 1 мільён 900 тысяч. Гэта налічаны заробак з улікам 20% прэміі і надбавак. Гэта ў разьліковых лістах, без падаткаў».

Натуральна, прычыны цякучкі кадраў, сыходу лекараў у іншыя сфэры — у асноўным фінансавыя, сьцьвярджае экс-міністар аховы здароўя Інэса Драбышэўская:
Рэформа аховы здароўя, якая плянавалася, дзе ішла гаворка пра замацаваньне „сямейнага доктара“, іншыя зьмены, правалена

«Рэформа аховы здароўя, якая плянавалася, дзе ішла гаворка пра замацаваньне „сямейнага доктара“, іншыя зьмены, правалена. Адпаведна, павінна быць іншая аплата працы. І ўдзел саміх пацыентаў у той жа аплаце працы лекара.

Аплата працы ў суседніх краінах значна вышэйшая. І, натуральна, лепшыя спэцыялісты або сыходзяць у прадстаўніцтвы камэрцыйных фірмаў — „мэдпрадстаўнікамі“, дзе яны атрымліваюць прыстойны заробак, альбо ў Расею: побач Смаленск, Масква, дзе працуюць нашы спэцыялісты».

Зь сярэднім і малодшым пэрсаналам праблемы стаяць яшчэ вастрэй. Начальнік аддзелу кадравай і арганізацыйнай працы Камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Ніна Мельнікава кажа:

«Магутнае разьвіцьцё гандлёвых сетак у горадзе Менску адцягнула да сябе і сястрынскі пэрсанал, і санітарак. Цяпер вострая праблема — за мінулы год у Менску колькасьць санітарак зьменшылася на 600 чалавек».

Яшчэ адна вялікая праблема — жытло. І хоць у Менску ў 2011 годзе ў жылым доме па вуліцы Гінтаўта маласямейкі атрымалі 126 мэдсёстраў, а летась у доме па вуліцы Гарэцкага 154 малагабарытныя кватэры далі дактарам, гэта кропля ў моры. Не ратуе і тое, што праз 2 гады пасьля заканчэньня інтэрнатуры лекар можа разьлічваць на льготны крэдыт — з такімі заробкамі кватэру не пабудуеш. Натальля Мірончык прывяла такія лічбы:

«Паводле стану на 31 сьнежня 2013 году 3,5 тысячы спэцыялістаў сыстэмы аховы здароўя стаялі ў чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў».

І ўсё ж такі — як рэфармаваць сыстэму, куды рухацца? Экс-міністар аховы здароўя Інэса Драбышэўская выказала такое меркаваньне:

«Я вам ня дам рэцэпта, які будзе аптымальны цяпер. Яго і не існуе. Гэтая сыстэма ў заняпадзе, у заняпадзе з далёкіх часоў. Проста трэба не зыходзіць зь сярэднестатыстычнай зарплаты, а ацэньваць дакладна важнасьць спэцыяліста і даць прыстойную зарплату.

Гэта тычыцца і аховы здароўя, гэта тычыцца і адукацыі. Трэба думаць пра заўтрашні дзень, а ня жыць сёньняшнім. Пакуль мы будзем жыць тым, што сёньня, то заўтра ў нас наступіць вельмі няхутка».
XS
SM
MD
LG