Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Зінаіда Мажэйка


Зінаіда Мажэйка. Фота з старонкі <a href="http://vk.com/ethno_by">Студэнцкага этнаграфічнага таварыства</a>

Зінаіда Мажэйка. Фота з старонкі <a href="http://vk.com/ethno_by">Студэнцкага этнаграфічнага таварыства</a>

8 сакавіка ў Менску ў лякарні памерла Зінаіда Мажэйка. Знаная дасьледніца традыцыйнай музычнай культуры, аўтарка кніг і кінафільмаў пра песенныя скарбы Беларусі, доктар навук адышла ў вечнасьць на 81-м годзе жыцьця пасьля працяглай хваробы.

Яна нарадзілася 12 сьнежня 1933 году ў Воршы. Народнай сьпеўнай культурай захапілася зь дзяцінства. Гэтае захапленьне прывяло яе ў Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю, а пасьля — у Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Нацыянальнай акадэміі навук. Распавядае сябра маладосьці, прафэсар Беларускага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Энгельс Дарашэвіч:

«Зінаіда Якаўлеўна была сапраўдным навукоўцам, сапраўдным патрыётам Беларусі. Такіх людзей мала было. Яна з самага дзяцінства хадзіла па вёсках, і яна вельмі добра ведала народ, як гаворыцца, зь першых рук. І, канечне, яе творы вельмі грунтоўныя, пачынаючы зь першага — пра песенную культуру сяла Тонеж. Гэта выключная кніга, глыбокая. Яна вельмі глыбока ведала аўтэнтычны фальклёр».

«Песенная культура Беларускага Палесься», «Песьні беларускага Паазер’я», «Каляндарна-песенная культура Беларусі: Вопыт сыстэмна-тыпалягічнага дасьледаваньня», «Вясельле: Мэлёдыі» ды іншыя творы прынесьлі аўтарцы славу аднаго з найлепшых этнамузыколягаў ня толькі Беларусі. Гаворыць загадчык катэдры этналёгіі і фальклёру Беларускага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Вячаслаў Калацэй:

«Яна сапраўды заснавальніца беларускай этнамузыкалёгіі і адзін з найбольш грунтоўных аўдыёвізуальных антраполягаў Усходняй Эўропы. Ёсьць такі сьпіс — „200 найбольш вядомых жанчын-інтэлектуалаў сьвету“. Зінаіда Мажэйка ўваходзіць у гэты сьпіс».

Сьведкам выступу беларускай дасьледчыцы на міжнароднай арэне быў першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне, навуковец Пётра Садоўскі.

«Асабліва на канфэрэнцыі ў Мюнстэры. Гэта быў 90-ты год. Толькі мы пачыналі з Эўропай збліжацца. Была там даволі вялікая дэлегацыя з Акадэміі навук. Тэма была „Беларусь і Захад“. Мяне проста зьдзівіў маштаб яе асобы. Былі вельмі глыбокія яе выступы навуковыя. Яна была незвычайная — эмацыйная, прамая, з пачуцьцём гумару неверагодным».

У скарбонцы беларускай культуры застануцца і падрыхтаваныя Зінаідай Мажэйкай грампласьцінкі з музычным фальклёрам, і фільмы паводле яе сцэнараў. І застануцца загадкі яе жыцьця і навуковых адкрыцьцяў, — кажа прафэсар Беларускай акадэміі музыкі Вольга Дадзіёмава.

«Для мяне гэта было абсалютна незразумела і нават таямніча — як можа вучоны з сусьветным імем спалучаць вось такое бачаньне сьвету, дзіцячае абсалютна. І, магчыма, вось гэтая душэўная чысьціня і шчодрасьць дазваляла ёй сказаць і новае слова ў навуцы таксама. Яна ж мела справу з сялянамі, носьбітамі той традыцыі, якая ўжо адыходзіць у нябыт. І кантактаваць зь імі на роўных магла толькі асоба, якая мела тое ж самае сьвятло, тыя ж самыя промні ў душы, якія маюць вось гэтыя сьвятыя людзі. І, магчыма, менавіта таму ёй удалося запісаць лепшых беларускіх музыкаў. Яна, ведаеце, нават зьдзяйсьняла своеасаблівы дабравест — яна несла добрую вестку пра інтэлектуальную Беларусь у сусьветную навуку».

Разьвітаньне зь Зінаідай Мажэйкай пройдзе 12 сакавіка ў Менску ў рытуальнай залі Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру на Чырвонаармейскай вуліцы, 10 ад 12 да 14 гадзіны. Пахаваньне адбудзецца ў мястэчку Рудзенск.
XS
SM
MD
LG