Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінсэнт: Расейская агрэсія ў Крыме — прыхамаць аднаго чалавека


Вінсэнт

Вінсэнт

Дзеячы культуры Расейскай Фэдэрацыі працягваюць выказвацца адносна расейскай інтэрвэнцыі ў Крыме. І калі многія рокеры надзвычай нэгатыўна ставяцца да сілавых мэтадаў «абароны расейскамоўных», то некаторыя поп-выканаўцы падзяляюць імпэт прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ў справе «зьбіраньня спрадвечных земляў». Як да крымскай кампаніі ставяцца беларускія артысты?



На выходныя ў Маскве прайшоў вялікі мітынг у падтрымку крымскага рэфэрэндуму і далучэньня паўвострава да Расеі. Музычны фон антыўкраінскай рыторыцы задавалі Алег Газманаў, Валерыя, Аляксандар Маршал, Віка Цыганова, гурт «Любэ» — дарэчы, заўсёдныя ўдзельнікі «Славянскіх базараў», «Дажынак» ды іншых ідэалягізаваных тусовак. Пры гэтым раней вялікая група знакавых пэрсонаў, сярод якіх Андрэй Макарэвіч, Барыс Грабеншчыкоў, Юры Шаўчук, Вячаслаў Бутусаў, Максім Леанідаў, Земфіра асудзілі пуцінскую агрэсію ў Крыме.

Чыю пазыцыю падзяляюць беларускія артысты? Папулярны рэп-сьпявак, галоўны герой мастацкага фільму «Жыве Беларусь!» Вінсэнт лічыць, што пасьля зьнішчальнай Другой усясьветнай вайны ставіць сьвет на мяжу новай — амаральна:

«Мне цяжка рабіць нейкія палітычныя акрэсьленьні, але я лічу, што гэта, вядома, агрэсія з боку Расеі. Усё ж мы павінны ў першую чаргу кіравацца нормамі маралі і міру. Усе мы памятаем, што толькі нядаўна, у ХХ стагодзьдзі, скончылася ІІ Усясьветная вайна. І фактычна пасьля той вайны ў Эўропе не было сілавога перадзелу межаў. А тут пачынаецца непрыхаваная агрэсія, якая зноў можа прывесьці да новай вялікай вайны. І я лічу, што гэта няправільна з боку Расеі».

Карэспандэнт: «Чаму Расея ігнаруе міжнародную супольнасьць?»

«Цяжка нешта камэнтаваць, бо ня вельмі ўсё лягічна ў іхніх дзеяньнях увогуле. Хутчэй за ўсё, гэта проста нейкае жаданьне, прыхамаць аднаго чалавека ці групы асобаў. Бо я ўпэўнены, што ў Расеі досыць шмат адэкватных людзей, у тым ліку сярод творцаў. Мы часта чуем падтрымку і ўкраінцам, і беларусам. І многія інтэлігенты цяпер рашуча выказваюцца супраць дзеяньняў расейскай улады. Думаю, што гэта не пазыцыя ўсіх расейцаў. Нармальныя людзі таксама ня хочуць вайны».

Павал Аракелян

Павал Аракелян

Адзін з найлепшых саксафаністаў Беларусі, удзельнік музычнага праекту «Крамбамбуля» Павал Аракелян больш катэгарычны: калі кіравацца лёгікай Крамля — маўляў, Крым ніколі ня быў украінскай тэрыторыяй — то на гэткай жа падставе да Расеі могуць прад’яўляць прэтэнзіі і беларусы, і немцы, і японцы:

«Безумоўна, гэта інтэрвэнцыя, акупацыя, для якой няма аніякіх падставаў. І ўсе спробы сканструяваць хоць нейкае абгрунтаваньне гэтай інтэрвэнцыі ніяк не атрымліваюцца. Гэта проста ідыятызм, на які ўвесь цывілізаваны сьвет глядзіць як на дзікунства — вядома, ня маю на ўвазе сьвет, замбаваны прапагандай. Увогуле тут цяжка нешта абмяркоўваць, бо гэта непрыхаванае нахабства, самая сапраўдная акупацыя, як у сярэднявеччы».

Карэспандэнт: «Досыць вядомыя асобы расейскай сцэны паўтараюць парадыгму Крамля: Крым — спрадвек наша зямля, трэба яе вярнуць і г.д.».

«Тое, што Масква цярпіць на шавінізм, імпэрскія амбіцыі, даўно бачна і зразумела. Але калі ўздымаць пытаньне „спрадвечна расейскіх тэрыторыяў“, то з такім жа посьпехам беларусы могуць патрабаваць Смаленск, японцы — захопліваць Курылы, а немцы — Кёнігсбэрг. Усё можна распачаць па новай. Але межы ўсталяваліся ў ХХ стагодзьдзі. Зноў вырашаць, што камусьці калісьці належала, ваенным шляхам — гэта глупства. Вядома, калі б жыхары Крыму абралі нейкі свой шлях, ініцыяваўшы рэфэрэндум, то гэта можа быць. Але працэдура павінна быць дэмакратычная. Яна ўвогуле павінна быць! А ня проста: вось нам захацелася Крым, мы яго захопім».

Як і ў творчых колах Расеі, ня ўсе беларускія музыкі ставяць пад сумнеў пераможны імпэт Крамля ды падзяляюць заклапочанасьць украінцаў. Лідэр гурту «Litesound» Дзьмітры Каракін лічыць, што абарона расейскамоўных Крыму — непасрэдная задача Масквы:

Litesound на Эўравізіі ў Баку

Litesound на Эўравізіі ў Баку

«Ды я не лічу, што расейцы забіраюць нечыя землі. Асабіста ў мяне Крым заўсёды больш асацыяваўся з Расеяй, чым з Украінай. Украінскі ён быў хіба што фармальна. Яшчэ калі ў Крым езьдзілі ў дзяцінстве, а потым ужо да сяброў дарослымі, заўсёды было адчуваньне, што там у бальшыні сваёй жывуць расейцы. І хоць я адпачатку ня тое што падтрымліваў Майдан, але сачыў, было цікава, як будуць разьвівацца падзеі, то фіналам быў цалкам расчараваны — нелегітымнасьцю ўлады ва Ўкраіне. Цяпер цалкам відавочна, што да ўлады прыйшлі нацысты і ўшчамленьне расейскамоўнага насельніцтва насамрэч мае месца. Спачатку мне таксама здавалася, што гэта збольшага прапаганда, але я шмат кантактаваў з маімі сябрамі і ў Кіеве, і ў іншых гарадах, і бачна, што сытуацыя там вельмі балючая. Непрыемна, што і Амэрыка, і Эўропа падтрымліваюць нацызм, бо гэта самая агідная форма чалавечага кіраваньня. Таму ў дадзеным выпадку я на баку Расеі».

Вядомы ўкраінскі музыка, лідэр гурту «Акіян Эльзы» Сьвятаслаў Вакарчук днямі выступіў з ініцыятывай наладзіць у Крыме сэрыю «канцэртаў міру» сумесна з расейскімі выканаўцамі. Аднак выглядае, што ў выпадку станоўчага для Крамля выніку «рэфэрэндуму» 16 сакавіка доступ аднаму з самых папулярных украінскіх рокераў у Крым будзе зачынены: забарону на канцэрты ў Расеі «нацыяналістаў» Вакарчука, Русланы ды іншых «майданаўцаў» ужо абмяркоўвалі на ўзроўні Дзяржаўнай думы і Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбургу.
XS
SM
MD
LG