Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве патлумачылі, чаму няма загаду страляць па агрэсарах


 Ігар Ценюх

Ігар Ценюх

В.а. міністра абароны Ўкраіны Ігар Ценюх канстатаваў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную гатоўнасьць, але актыўныя дзеяньні будуць выглядаць як прымяненьне сілы супраць свайго насельніцтва.

Як перадае УНІАН, пра гэта ён сказаў, выступаючы сёньня ў парлямэнце.

Ценюх адзначыў, што дэ-юрэ адкрытай агрэсіі Расеі няма ў Украіне, бо кіраўніцтва РФ не прызнае датычнасьці сваіх войскаў да падзеяў у Крыме:

«Любыя актыўныя дзеяньні Ўзброеных сіл Украіны адносна стабілізацыі сытуацыі ў Крыме будуць прадстаўленыя сусьветнай супольнасьці як прымяненьне сілы супраць уласнага насельніцтва», — сказаў ён.

Кіраўнік Мінабароны таксама нагадаў, што Ўкраіна раней не разглядала магчымую ваенную пагрозу з боку Расеі:

«Таму, калі казаць пра пасьпяховае прымяненьне Ўзброеных сіл Украіны супраць такога праціўніка, то гаворка ідзе пра верагоднасьць значных выдаткаў дзяржаўных рэсурсаў на іх разгортваньне і доўгі час на іх падрыхтоўку і абсталяваньне», — сказаў Ценюх.

Ён таксама адзначыў, што ва Ўзброеных сілах Расеі, якія праводзяць вучэньні каля ўсходніх межаў Украіны і ў Крыме, разгарнулі групоўку войскаў колькасьцю 220 тыс. чалавек, а таксама — 1800 танкаў, больш за 400 верталётаў:

«Гэтая групоўка ў некалькі разоў перавышае Ўзброеныя сілы Ўкраіны», — дадаў ён.

Ценюх адзначыў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны былі прыведзеныя ў поўную ступень гатоўнасьці, былі занятыя ўсе палігоны ў адпаведнасьці з плянам вучэньняў на ўсходзе і поўдні Ўкраіны.

У той жа час Ценюх адзначыў, што агульная колькасьць сухапутных войскаў — 41 тысяча чалавек, і цяпер ужо павінны былі быць гатовыя 20 тысяч, але рэальна гатовыя пакуль толькі 6 тысяч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG