Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы ўсе разумныя задняй датай. Мы ведаем, што павінны былі рабіць рымляне, каб захаваць сваю імпэрыю, якія памылкі дапусьцілі Аляксандар Македонскі і Напалеон, чаму шляхта страціла Рэч Паспалітую і, вядома ж, усе ведаюць, што павінен быў рабіць БНФ у 1991-м.

Але ў гэтыя дні расейска-ўкраінскага канфлікту самай папулярнай гістарычнай паралельлю стала Мюнхэнскае пагадненьне 1938 году («Мюнхэнская змова» — як гэта называлася ў савецкай традыцыі). Параўнаньні цяперашняй сытуацыі вакол Крыму зь «Мюнхэнскай змовай» сталі настолькі стэрэатыпнымі, што гэта ўжо выклікае лёгкае раздражненьне.

Нам, сёньняшнім, лёгка зьнеслаўляць тагачасных лідэраў Англіі і Францыі за «Мюнхэнскую змову» — але давайце задумаемся: які ў іх быў выбар? Нагадаю агульнавядомыя рэчы — на Мюнхэнскай канфэрэнцыі Гітлер даў зразумець, што ён так ці іначай забярэ Судэты — рэгіён Чэхаславаччыны, населены немцамі. Наколькі справядліва абвінавачваць Чэмбэрлена і Даляд’е ў тым, што яны пажадалі забясьпечыць мір сваім нацыям? Кажуць — «яны павінны былі спыніць агрэсара». Што гэта канкрэтна азначае? Вярнуцца ў свае краіны і заявіць — «Гітлер ненармальны, ён пойдзе да канца — таму трэба абвяшчаць яму вайну. Заўтра ж праводзім мабілізацыю, і нашы часьці ідуць на Бэрлін». Вось як успрынялі б такія словы грамадзкасьць і палітычныя інстытуты Францыі і Англіі? Які парлямэнт прагаласаваў бы за вайну? На якой падставе, калі Нямеччына на той момант не выказвала ніякіх прэтэнзіяў да Парыжу і Лёндану?

Нагадаю і грамадзкую атмасфэру тых часоў. Не прайшло яшчэ і 20 гадоў пасьля Першай сусьветнай вайны, літаратура і мастацтва запоўненыя антываеннымі матывамі, шмат хто ўпэўнены, што Першай сусьветнай можна было пазьбегнуць, што яна пачалася з-за нязначнага інцыдэнту, які ў выніку прывёў да мільёнаў сьмерцяў. Ваяваць зноў? З-за чаго?

Так, Чэрчыль сказаў сваю знакамітую фразу («У вас быў выбар паміж вайной і ганьбай. Вы выбралі ганьбу, цяпер вы атрымаеце вайну»). Але нагадаю, што Чэрчыль быў у апазыцыі, і яму было лёгка гаварыць такія рэчы пра ўладу. Ня ўпэўнены, што на месцы прэм’ер-міністра Чэмбэрлена ў Мюнхэне Чэрчыль не паступіў бы гэтаксама.

Мюнхэн-1938 — толькі адна з ілюстрацыяў на тэму таго, як відавочнае для нас, цяперашніх, зусім не было настолькі відавочным у свой час.

Таму ў мяне ёсьць просты адказ на пытаньне, чаму гісторыя нічому ня вучыць. Бо — ня можа навучыць. Бо немагчыма дзейнічаць паводле нейкай аднойчы ўсталяванай унівэрсальнай матрыцы. Бо кожная сытуацыя ўнікальная і патрабуе нанава ўзважваць сілы, акалічнасьці і рэаліі. Бо досьвед Барадзінскай бітвы альбо Трыццацігадовай вайны ніяк не дапаможа ва ўмовах ядзернага сьвету і ўсеагульнага выбарчага права.

Паводле якой гістарычнай аналёгіі варта ставіцца да Паўночнай Карэі, да ядзернай праграмы Ірану?

Мэтады, якімі спынялі агрэсара Садама Хусэйна пасьля ягонага нападу на Кувэйт у 1990-м, наўрад ці магчыма прымяніць да Расеі зь яе запасамі ядзернай зброі.

Мне асабіста здаецца, што рэакцыя Захаду на агрэсію Расеі ў Крыме — дастаткова жорсткая і адэкватная сытуацыі (асабліва на фоне млявай рэакцыі на захоп Крыму самога афіцыйнага Кіева).

Калі б усё было так проста (вучы гісторыю і дзейнічай паводле гістарычных прыкладаў і аналёгіяў), то найлепшымі кіраўнікамі дзяржаваў былі б гісторыкі. Дарэчы, аднаго такога прэзыдэнта я ведаю — Беларусьсю кіруе чалавек з гістарычнай адукацыяй. Цікава, як часта ён суадносіць свае дзеяньні з гістарычнымі фігурамі, напрыклад, з «таварышам Сапегам»?
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG