Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назарбаеў – за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны


Нурсултан Назарбаеў

Нурсултан Назарбаеў

Украінскі крызіс павінен быць урэгуляваны «шляхам дыялёгу паміж усімі зацікаўленымі бакамі, выкарыстаньня магчымых мэханізмаў міжнароднага пасярэдніцтва для забесьпячэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці гэтай краіны, а таксама адмовы ад узаемных пагроз і ўльтыматумаў». Такую заяву зрабіў прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў падчас тэлефоннай гутаркі з канцлерам ФРГ Ангелай Мэркель 10 сакавіка, перадае БелаПАН.

Паводле інфармацыі прэс-службы казахстанскага кіраўніка, Назарбаеў выказаў гатоўнасьць Казахстану зрабіць пры неабходнасьці свой канструктыўны ўнёсак у выпрацоўку кампрамісных рашэньняў для мірнага вырашэньня сытуацыі ва Ўкраіне.

Сёньня ж адбылася тэлефонная гутарка Назарбаева з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Афіцыйны лідэр Казахстану адзначыў, што яго краіна як стратэгічны партнэр «з разуменьнем ставіцца да пазыцыі Расеі, якая абараняе правы нацыянальных меншасьцяў ва Ўкраіне, а таксама інтарэсы сваёй бясьпекі». У той жа час ён выказаў надзею, што ўсе зацікаўленыя ўдзельнікі будуць выказваць стрыманасьць і распачнуць меры для найхутчэйшай нармалізацыі сытуацыі шляхам перамоў. Назарбаеў «выказаў сваё меркаваньне пра неабходнасьць мірнага ўрэгуляваньня крызісу ва Ўкраіне на аснове захаваньня сувэрэнітэту і ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права».

На 16 сакавіка крымскія сэпаратысты прызначылі рэфэрэндум аб статусе паўвострава. Новыя ўкраінскія ўлады і большасьць краін сьвету лічаць яго правядзеньне незаконным. Захад пагражае Расеі санкцыямі ў выпадку анэксіі Крыму і ўварваньня на тэрыторыю кантынэнтальнай Украіны.
XS
SM
MD
LG