Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя СМІ: Пасьля анэксіі Крыму Пуцін ідзе на ўсход Украіны


Вядучыя сусьветныя мэдыі лічаць ледзь не прызнаным фактам, што Расея ўжо анэксавала Крым і рыхтуе глебу для ўстанаўленьня свайго панаваньня на Данбасе і ў іншых ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах Украіны.

Швэйцарская Neue Zurcher Zeitung папярэджвае, што «пасьля анэксіі Крыма адбываецца далейшае абвастрэньне сытуацыі на Данбасе». Газэта таксама адзначае, што ініцыятарамі штурму абласной адміністрацыі ў Луганску былі заежджыя з Расеі актывісты. Газэта з Цюрыху заўважае, што ў Данецку, дзе ўкраінскі алігарх Рынат Ахметаў выступае за захаваньне адзінства Ўкраіны, больш адчувальны супраціў прарасейскім сілам, чым у Луганску, дзе ўлада Аляксандра Турчынава страціла рэшткі свайго аўтарытэту. Выданьне таксама папярэджвае, што «Крым ужо адчувае сябе суб’ектам Расейскай Фэдэрацыі», а прарасейскія сілы на ўсходзе і поўдні Ўкраіны ўжо чакаюць прыходу войскаў Пуціна і вайсковую падтрымку Масквы, што для Ўкраіны «было б катастрофай».

Амэрыканская USA Today піша ў рэдакцыйным артыкуле, што для ЗША «крызіс ва Ўкраіне — як партыя ў покер», калі Вашынгтон мае дрэнныя карты, таму што «Пуцін пастараўся зачыніць амэрыканцам усе шчыліны для перамогі ў кароткатэрміновай пэрспэктыве». Выданьне таксама лічыць, што ЗША ня варта сьпяшацца, таму што яны ня маюць стратэгічных інтарэсаў у Крыме, лёс якога фактычна ўжо вызначаны. А ў далейшым у Вашынгтоне, раіць рэдакцыйны артыкул амэрыканскага выданьня, павінны спрыяць прадухіленьню памылак з уключэньнем рэшткаў Украіны ў ЭЗ або НАТА, а маюць лепш пакінуць яе, больш-менш адзінай, «буфэрам паміж двума канкуруючымі лягерамі». Газэта таксама лічыць, што ЗША і ЭЗ павольна, не сьпяшаючыся, дасягнуць сваіх мэтаў у рэгіёне, калі «праявяць тут рашучасьць, адзінства і цярпеньне, як у часы халоднай вайны».

Былы Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс піша на старонках The Washington Post, што Пуцін «паверне стрэлкі гадзіньніка назад» наколькі яму дазволіць ваенная моц, эканамічныя рычагі і бязьдзейнасьць Захаду. Яна таксама папярэджвае, што агрэсія Пуціна ва Ўкраіне павінна стаць «сыгналам будзільніка» для палітыкаў ЗША, калі яны не прачнуцца, кажа Райс, то «каштоўнасьці Амэрыкі будуць растаптаныя».

Роберт Фіску піша на старонках лёнданскай Independent: «Што мяне ўразіла, калі я ўбачыў, як выглядалі ў Брусэлі днямі ўсе гэтыя афэрысты з ЭЗ з сур’ёзнымі тварамі, дык гэта тое, што ў гэтых людзей няма досьведу вайны, і яны думаюць, што дастаткова толькі заявіць пра свае пагрозы і можна ехаць дадому, забыўшыся пра «крызіс». Аўтар рэзюмуе, што гэтыя «палітыкі што-небудзь прыдумаюць на хуткую руку — нейкую палітычную халтуру, каб дазволіць Расеі захапіць частку Ўкраіны, назваўшы яе «фэдэратыўнай рэспублікай».

EUObserver з Брусэля інфармуе, што ў ЭЗ абмяркоўваюць пакет фінансавай дапамогі Ўкраіне 11 мільярдаў эўра з мэтай стабілізацыі ўкраінскай эканомікі. Выданьне таксама цытуе ўкраінскага міністра замежных спраў Андрэя Дзешчыцу, які паведаміў журналістам, што палітычная частка пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ можа быць падпісана ўжо 17 ці 21 сакавіка.

Лёнданская Financial Times паведамляе аб магчымасьці ўвядзеньня з боку ЭЗ вострых санкцый супраць агрэсіўнай Масквы, якія могуць нанесьці адчувальны ўдар па эканоміцы Расеі. Выданьне таксама раіць ЭЗ і ЗША выпрацаваць доўгатэрміновую сумесную стратэгію Ўкраіны, улічваючы «геаграфічнае становішча гэтай дзяржавы паміж Эўропай і Расеяй». Для гэтага, як піша газэта, «ЗША і ЭЗ павінны прыкласьці ўсе намаганьні, каб Украіна засталася незалежнай, а яе будучыню вырашалі самі грамадзяне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG