Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крыме зьнікаюць бязь вестак актывісты і журналісты


Як найменей, пяць украінскіх актывістаў і журналістаў, якія выступаюць супраць уварваньня Расеі ў Крым, зьніклі бязь вестак на паўвостраве.

Андрэй Шчэкун, кіраўнік Крымскай украінскай рады, і Анатоль Кавальскі, дырэктар апякунскага савету ўкраінскай школы ў Сімфэропалі, бралі актыўны ўдзел у асуджэньні расейскага захопу свайго рэгіёну.

Як мяркуецца, іх выкралі ў нядзелю 9 сакавіка ў Сімфэропалі, усяго за некалькі гадзінаў да пачатку мітынгу, які яны арганізавалі на знак пратэсту супраць расейскай акупацыі.

Паводле інфармацыі, сабранай Радыё Свабода, Шчэкун і Кавальскі былі затрыманыя на вакзале Сімфэропалю, куды яны прыйшлі, каб забраць пасылку зь Кіеву.

Некалькі чалавек, якія назвалі сябе дружыньнікамі і сябрамі Расейскага адзінства — партыі, якой кіруе новы крымскі прарасейскі прэм’ер-міністар Сяргей Аксёнаў, як паведамляецца, абшукалі Шчэкуна і Кавальскага перш, чым завесьці іх у пастарунак. Пасьля таго, як міліцыянты адмовіліся афармляць пратакол, нападнікі некуды патэлефанавалі, і за затрыманымі прыехалі невядомыя, якія забралі іх з сабой.

Крымскія пракуроры паведамілі, што заведзеная крымінальная справа з нагоды іх зьнікненьня.

Цэнтар журналісцкіх расьсьледаваньняў, украінскія інтэрнэт-выданьні паведамляюць, што два актывісты былі зьбітыя, і што сам Аксёнаў санкцыянаваў іх затрыманьне.

Віцэ-сьпікер парлямэнту Крыму Рыгор Іофэ пацьвердзіў, што Шчэкун быў некаторы час у офісе Расейскага адзінства 9 сакавіка.

Сын Кавальскага Сяргей Кавальскі кажа, што абодвух актывістаў трымаюць у сакрэтным месцы ў Сімфэропалі.

Таксама ў нядзелю 9 сакавіка зьніклі бязь вестак двое ўкраінскіх журналістаў і прэс-сакратар Аўтамайдану — групы аўтамабілістаў, якія падтрымліваюць праэўрапейскія пратэсты.

Алена Максіменка, карэспандэнт «Украінскага тыдня», незалежны блогер Аляксандра Разанцава і прадстаўніца Аўтамайдану Кацярына Бутко не адказваюць на мабільныя тэлефоны.

Паводле Euromaidan SOS, жанчын затрымалі мясцовыя спэцназаўцы і іх перадалі ў Севастопальскі аддзел СБУ, службы дзяржбясьпекі.

Зьявілася таксама некалькі непацьверджаных паведамленьняў аб затрыманьнях іншых журналістаў ля крымскіх кантрольна-прапускных пунктаў.
XS
SM
MD
LG