Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйная прэса аддала ўкраінскую тэму на водкуп расейскім СМІ


Стрыманая пазыцыя афіцыйных мэдыяў у асьвятленьні ўкраінскіх падзеяў тлумачыцца тым, што ўлады «не далі журналістам адмашку», што менавіта пісаць пра Ўкраіну — лічыць мэдыйны аналітык Аляксандар Класкоўскі.

Рупар афіцыйнай ідэалёгіі «Беларусь Сегодня» абмяжоўваецца нэўтральнымі паведамленьнямі пра ўкраінска-расейскі крызіс у Крыме. Пра пазыцыю рэдакцыі можа сьведчыць хіба аздабленьне матэрыялу. Так, артыкул «Крым попросился в Россию» ад 7 сакавіка ілюструе фота шчасьлівай дзяўчыны, агорнутай расейскім трыкалёрам, на фоне шыхту прадстаўнікоў самаабароны Крыму.

Трэба зазначыць і выбарковы характар падбору навінаў. Напрыклад, ёсьць інфармацыя пра абвяшчэньне рэфэрэндуму ў Крыме па пытаньні далучэньня да Расеі. Але няма нічога пра дзеяньні расейскіх вайскоўцаў на паўвостраве і мітынгі ў падтрымку ці супраць расейскага ўмяшаньня. Затое «СБ» перадрукоўвае матэрыял наконт размовы эстонскага міністра замежных спраў Паэта з Кэтрын Эштан, дзе Паэт выказвае меркаваньне, што за забойствамі людзей на Эўрамайдане стаяць лідэры ўкраінскай апазыцыі.

У той жа час Інэса Плескачэўская ў калёнцы «Восточноевропейские страхи», апісваючы, як моцна напалохаў Пуцін Эўропу, дазваляе сабе выказаць уласную пазыцыю: «...Асабіста я палітыку Расеі ў Крыме не падтрымліваю і выступаю за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны», — піша сталая аўтарка «СБ».

Газэта «Звязда» шырока карыстаецца эзопавай мовай. У нявінным матэрыяле пра міжнародную турыстычную выставу ITB у Бэрліне, расьпісваючы пэрспэктывы летняга адпачынку, аўтар кажа:

«Зрэшты, асобным непрафэсіяналам і выстава не патрэбна. Напрыклад, Саюз дэсантнікаў Расеі заклікае вэтэранаў дэсантных войскаў адпачыць гэтым летам у Крыме. «Па дадзеных мясцовага і Расійскага гідрамэтэаралягічнага цэнтру, вясна і тым больш лета ў 2014 годзе ў Крыме ў нашых суседзяў будуць гарачыя. Напэўна, у Вас знойдзецца не адзін баявы таварыш, які з задавальненьнем у такую сьпякоту вас разьмесьціць і арганізуе нямала экскурсій па славутасьцях Крымскага курорта, а вы ў якасьці ўзаемадапамогі дапаможаце ачысьціць іх участкі і агароды ад каларадзкіх жукоў і іншых насякомых», — гаворыцца ў звароце, апублікаваным 28 лютага.

Яшчэ 2 сакавіка, калі расейскія войскі ўжо стаялі ў Крыме, ідэоляг Вадзім Гігін сфармуляваў пазыцыю беларускага боку ў гэтым канфлікце як нэўтральную:

«Украіна разьдзеленая, людзі ненавідзяць адно аднаго, улада Яцанюка абсалютна бязьдзейсная, гэта поўная катастрофа. Разам з тым Масква не разьлічвае на рэальныя ваенныя дзеяньні на тэрыторыі Ўкраіны. Я вось зараз гэта кажу і ня веру. Гэта вар’яцтва, што Расея можа ваяваць з Украінай. Тут вельмі правільная і ўзважаная пазыцыя беларускага боку, які трымаецца нэўтралітэту і, маючы пэўныя абавязкі перад Расеяй, ня ўмешваецца ў канфлікт», — заявіў Гігін у эфіры праграмы «Контуры» на тэлеканале АНТ.

«Працяглы час беларускія мэдыі спрабавалі быць бесстароннымі, — кажа мэдыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі. — Асьвятлялі ўкраінскія падзеі ў ключы «той сказаў тое, а гэты сказаў гэтае».

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Зь ім згодны і Аляксандар Класкоўскі, адзначаючы як пазытыўную зьяву тое, што дзяржаўныя мэдыі не ўцягнуліся ў жорсткую інфармацыйную вайну паміж Расеяй і Ўкраінай.

«Але нам няма за што іх хваліць, — папярэджвае Класкоўскі. — Дзяржаўныя СМІ стрыманыя, таму што няма выразнай афіцыйнай пазыцыі беларускіх уладаў у гэтым пытаньні. І гэта зразумела, бо афіцыйны Менск тут трапіў паміж молатам і кавадлам. З аднаго боку, ён ваенна-палітычны хаўрусьнік Расеі. А зь іншага боку — з Украінай вялікі гандаль, і гэта вялікая паўднёвая суседка, зь якой недарэчна псаваць дачыненьні пры любой уладзе ў Кіеве».

Калі ў дачыненьні да Эўрамайдану яшчэ можна было займаць пазыцыю вычэкваньня, то крымскі крызіс вымушае беларускіх ідэолягаў сказаць сваё слова.

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

«Мяркуючы па нядзельных тэлевізійных перадачах, яны трансьлююць меркаваньне прадстаўнікоў цяперашніх крымскіх уладаў, а фактычна і Масквы, — аналізуе Быкоўскі. — Але ў той жа час ня робяць выпадаў наўпрост супраць Кіева».

Вядома, у параўнаньні з тым, што гучыць у расейскім тэлерадыёэфіры, гэта стрыманая пазыцыя, — кажа мэдыйны аналітык.

А Аляксандар Класкоўскі папярэджвае, што такая стрыманасьць можа трагічным чынам адбіцца на Беларусі.

«Беларусам бракуе інфармацыі пра ўкраінскія падзеі, — тлумачыць Класкоўскі. — Гэта відавочна з побытавых размоваў, з таго, што людзі кажуць у апытаньнях. Асабліва ў рэгіёнах.

Разам з тым беларусы знаходзяцца пад моцным уплывам расейскага тэлебачаньня. Адпаведна, яны пераказваюць стэрэатыпы, якія там гучаць. Атрымліваецца, што ў асьвятленьні ўкраінскай тэматыкі дзяржаўныя беларускія СМІ шмат у чым аддалі ініцыятыву маскоўскім мэдыям. І гэта кепска, бо сытуацыю, якая мае месца цяпер ва Ўкраіне, лёгка спраецыраваць на нашыя беларускія рэаліі.

Калі крый Божа, абвострацца дачыненьні і пачнецца падрыхтоўка варожых дзеяньняў у дачыненьні да Беларусі, дык атрымаецца, што маскоўскія мэдыі будуць панаваць у беларускай інфармацыйнай прасторы».

Розныя экспэрты адзначаюць, што расейскія афіцыйныя СМІ вярнуліся ў паведамленьнях пра ўкраінскія падзеі да рыторыкі халоднай вайны. Амэрыканская журналістка Эн Эплбаўм прысьвяціла новай расейскай прапагандзе артыкул пад назвай «Расейскія салдаты інфармацыйнай вайны на маршы — мы мусім даць адказ». Апісваючы фантастычныя прыдумкі расейскіх прапагандыстаў, Эплбаўм засьцерагае брытанскіх журналістаў ад выкарыстаньня іхняй інфармацыі і заклікае супрацьстаяць распаўсюду стэрэатыпаў.
XS
SM
MD
LG