Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашаеў: Улады Крыму ня хочуць скончыць як Януковіч


Асман Пашаеў
Асман Пашаеў

Якая цяпер сытуацыя ў Крыме, якія стасункі паміж этнічнымі грамадамі, якая пазыцыя крымска-татарскай грамады, ці ёсьць цяперашняе кіраўніцтва Крыму марыянэткай Крамля? На гэтыя пытаньні нашага радыё адказаў украінскі журналіст ў Крыме Асман Пашаеў.

РС: Якія цяпер настроі ў Крыме ў сэнсе стаўленьня да Расеі? Ці зьмяніліся яны пасьля пачатку крызісу, пасьля прыходу «зялёных чалавечкаў» — расейскіх вайскоўцаў без апазнавальных знакаў? Я бачыў дадзеныя сярэдзіны лютага, паводле якіх за далучэньне да Расеі выступаў 41% жыхароў паўвыспы?

Пашаеў: Я бачыў гэтыя дадзеныя Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі Ўладзімера Паніёта, там было пытаньне аб далучэньні Ўкраіны да Расеі ў разрэзе рэгіёнаў. Калі казаць пра карцінку ў Сімфэропалі, то навідавоку вайскоўцы ў расейскай форме, аўтакалёны ў падтрымку расейскага войска, савецкія песьні, і складваецца адчуваньне, што гэта ўжо Расея, застаецца толькі сустрэць акупантаў і далучыцца. Але сапраўднай сацыялёгіі зараз няма. Ёсьць падставы меркаваць, што колькасьць прыхільнікаў далучэньня да Расеі зьменшылася. Некаторыя кажуць, што гэта 30%, іншыя — 20%. Мяне гэта не задавальняе. Мне хацелася б, каб такія службы, як КМІС, якая выклікае давер сваімі дасьледаваньнямі з 1994 году, правялі ў «полі» дасьледаваньне зараз. Тады мы ўбачым, што гэта была за інфармацыйная кампанія.

РС: Наколькі я разумею, ў Крыме рэжым акупацыі забясьпечваюць тры сілы: гэта сілы Чарнаморскага флёту Расеі, гэта «зялёныя чалавечкі», як іх усе называюць, і ўсё ж такі апалчэньне прарасейскіх арганізацый. Якая колькасьць першых, другіх і трэціх?

Пашаеў: Часткі Чарнаморскага флёту знаходзяцца ня толькі ў Севастопалі, але і ў Ялце, ў Феадосіі, на мысе Сарач ёсьць летні дамок нейкага расейскага генэрала, які таксама лічыцца часткай ЧФ РФ з марпехамі. Колькі іх — я ня ведаю. Што да апалчэньня, то прарасейскія арганізацыі ёсьць. Якія ў іх сілы — сказаць цяжка. 26 лютага былі маніфэстацыі пад Вярхоўнай Радай Крыма — крымска-татарскія і прарасейскія, Чубараў супраць Аксёнава. Крымска-татарская частка мабілізавала прыкладна 15 тысяч чалавек, прарасейская — 2-3 тысячы чалавек.

Я мяркую, што гэта ня тая сытуацыя, калі трэба мерыцца магчымасьцямі мабілізацыі. Цяпер усе ў Крыме, нават самыя маргінальныя арганізацыі, разумеюць, што нехта хоча справакаваць нешта кепскае. Калі гэтага атрымаецца пазьбегнуць, калі крымінальную разборку не прымуць за пачатак нечага маштабнага, то будзе добра. Насамрэч ідзе працэс пераразьмеркаваньня ўласнасьці. Першаснае назапашваньне ўласнасьці адбылося, але яе разьмеркаваньне не фармалізаванае. Дзесяткі тысячаў крымскіх татараў- рэпатрыянтаў дагэтуль ня маюць права ўласнасьці на свае ўчасткі.
Гэтая праблема не вырашаная. Галоўная праблема Крыма — праблема зямлі і рэсурсаў.

РС: Якія пляны мае крымска-татарская грамада, калі можна казаць пра пляны вялікай колькасьці людзей?

Пашаеў: Ну, гэта не партыя. Ёсьць прадстаўнічы орган Мэджыліс, які абіраецца Курултаем — нацыянальным зьездам крымскіх татараў. Курултай быў абраны летась, на прамых дэмакратычных выбарах па зьмяшанай сыстэме. Можна сказаць, што Курултай крымска-татарскага народу — адзін з самых легітымных органаў ва Ўкраіне.

Мэджыліс прыняў рашэньне і заклікаў крымскіх татараў і іншых крымчан захоўваць спакой, не выходзіць на дэманстрацыі, не ствараць умоваў для правакацый. І выказаў і дагэтуль выказваў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, хаця ўкраінская ўлада робіць выгляд, што ў Крыме нічога не адбываецца і фактычна пакінула Крым сам на сам з падзеямі, якія тут адбываюцца.

РС: На ваш погляд, новае кіраўніцтва Крыма — Аксёнаў, Канстанцінаў — яны дэ факта проста расейскія чыноўнікі і выконваюць загады з Масквы?

Пашаеў: Я ня ведаю, ці выконваюць яны загады з Масквы, Вашынгтону, Кіеву ці Лёндану, але ў мяне ўражаньне, што і спадар Аксёнаў, і спадар Канстанцінаў хочуць міра ў Крыме. Яны хочуць заставацца ва ўладзе, яны ня хочуць, як Януковіч, бегаць па Растове, і яны хочуць міру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG