Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

GRAPHO-досьвед: публічная пляцоўка ў цёмны час


Зялёная жабка - падарунак за вершы ад чытача

Зялёная жабка - падарунак за вершы ад чытача

Юлія Чарняўская піша пра новую літаратурную пляцоўку ў Менску.

Часам нешта робіцца мімаволі. Вось так і я зімовай ноччу – нечакана для сябе самой – напісала на старонцы ў Фэйсбуку невялічкі тэкст: Тыя, каму надакучыла кідаць вершы і прозу ў пражэрлівую і няўдзячную бездань інтэрнэту; тыя, каму хочацца прачытаць іх рэальным слухачам; тыя, хто жадае паслухаць і абмеркаваць іх – давайце створым клюб. Не літаратурную тусоўку, дзе ўсе ведаюць усіх; ня сэрыю творчых вечароў, дзе аўтары адказваюць на пытаньні «масоўкі» – менавіта клюб, дзе аўтар і чытач змогуць працаваць над словам разам. Ні аўтару, ні чытачу ў сёньняшнім сьвеце ня надта ўтульна. Нашы дні багатыя на кнігі, але не на «кніжнасьць».

Дом – праца – нара ў ФБ... Вось так, седзячы ва ўласнай фэйсбучной нары, я праглядала стужку, зьвяртаючы ўвагу на цікавыя для мяне імёны: Валеры Гапееў, Кацярына Марголь, Мікіта Трафімовіч, Сабіна Брыло, Алена Сяльчонак, Георгі Барташ, Андрэй Фаміцкі, Ліна Казакова, Андрэй Бастунец, Наста Кудасава, Аляксандр Сушкоў, Кастусь Чарнец, Святлана Куль і шмат іншых... А таксама імёны чытачоў, камэнтатараў, крытыкаў – палемістаў і іраністаў, добразычлівых і жорсткіх, ветлівых і шалёных.



Як гэты гіпатэтычны клюб будзе выглядаць і, больш за тое, функцыянаваць – у тое паўночнае імгненьне было незразумела. Затое было ясна, чым ён не павінен стаць. Шоў – дзе ўдзельнікі канкуруюць за прызы. Чарговым «снобществом» па постсавецкім узоры. Тусоўкай, падзеленай на мэтраў і бязмоўных слухачоў. Чым ён можа стаць – удалося сфармуляваць потым: пульсуючай артэрыяй дыялёгу. Публічнай пляцоўкай. Бо пляцоўка – ня толькі месца, дзе праводзяць выставы, прэзэнтацыі ды іншыя мерапрыемствы. На публічных пляцоўках – віртуальных ці рэальных – нараджаюцца сэгмэнты грамадзянскай супольнасьці. Гэта зоны актыўнасьці групаў, якія робяць сваю справу. І абаронцы жывёл; і пошукавыя атрады; і валянтэры; і сьвятары, якія зьбіраюць вакол сябе вернікаў; і стваральнікі старт-апаў; і галерэйнікі; і прыхільнікі разьвіцьця беларускай мовы – усё гэта групы, якія ствараюць грамадзянскую супольнасьць... У нейкім значным сэнсе менавіта на іх і трымаецца грамадзтва. Таму чым іх больш – тым лепей. Такія суполкі ўжо ёсьць у Беларусі. Гэта і Беларускі калегіюм, і ТБМ, і галерэя Ў, і Лятучы унівэрсытэт, і Эўрапейскае кафэ, і ЦЭХ, і Лібэральны клюб, і «Мова ці кава», і іншыя... Іх няшмат, але яны ёсьць. Яны ёсьць, але іх няшмат – асабліва для нашага часу.

Што ж гэта за час такі?

Тыя, каму давялося жыць у 1970-я, памятаюць падобны задушлівы, паводле Ганны Арэндт, «цёмны час». Тады большасьць зразумела, што чакаць моманту, калі жыцьцё будзе адпавядаць лёзунгам, бессэнсоўна – і сышла ў прыватнае жыцьцё. Хтосьці займаўся ўладкаваньнем свайго кута (крышталь, сэрвізы, дываны), а хтосьці вышэй за ўсё пачаў ставіць сяброўскае кола. Менавіта гэтыя людзі і стваралі дысыдэнцкія гурткі і нефармальныя літаратурныя аб’яднаньні, аматарскія тэатры і мастацкія студыі, клюбы аўтарскай песьні і рок-групы... Ім і ў галаву не прыходзіла, што сваімі прыватнымі дзеяньнямі яны прымушаюць рухацца вэктары культуры; што па макулінцы ствараюць менавіта грамадзянскую супольнасьць ўнутры чыгуннай дзяржавы. І ведаеце што? Савецкі Саюз абрынуўся ня толькі пад грузам эканамічных і палітычных праблем. Ён паваліўся і дзякуючы таму, што гэтыя колы спакваля разбуралі татальную маналітнасьць, да якой імкнулася ўлада. Групы набывалі абліччы, станавіліся асобамі дзеяньня.

Тады людзям супрацьстаяла ўлада. Цяпер сытуацыя ўскладнілася. Людзям супрацьстаіць ня толькі ўлада. «Абліччы групаў» цяпер ня проста абыякавыя – часьцяком і нядобразычлівыя адно да аднаго. Расколіны ў грамадзтве разыходзяцца па самых розных сэгмэнтах: «змагары» і «застабілы», беларускамоўныя і рускамоўныя, «пасьпяховыя» і, як палюбілі казаць, «нищеброды»... Часам здаецца, што мы, інтэлектуалы, шукаем нагоды пасварыцца ўшчэнт: вось і ўкраінскія падзеі, якія, здавалася б, павінны былі зьяднаць нас, аказаліся лякмусавай паперкай, паказаўшы на гэтыя расколіны. Мы ня можам прымірыць групы, але можам паспрабаваць пераадолець разыходжаньні хоць бы на тым участку сьвету, які будуем самі. Тут і цяпер. Таму што так ужо здарылася: менавіта гэты задушлівы час – час нашага жыцьця. А мы ўсё часьцей страчваем яго на тое, каб з запалам даказаць камусьці, што «ў інтэрнэце хтосьці ня мае рацыі».


Дарэчы: менавіта таму было цалкам ясна, што гэтую, яшчэ безназоўную пляцоўку, трэба рабіць у рэале.

Памятаю, націскаючы на кнопку «апублікаваць», адчула сябе чалавекам, які зьбіраецца нырнуць з вышкі ў мора – пры тым, што да гэтага ён плаваў, хіба што, у хляраванай, кафлянай прасторы 25-мэтровага басэйна. А раптам ня прыйдуць аўтары? А раптам ня прыйдзе чытач? Ды і адкрытая група GRAPHO на старонцы ў ФБ – месца рызыкоўнае: ці мала хто і зь якой мэтай заявіцца? Можа, я наагул дарма гэта задумала?

У той момант было страшна – а назаўтра стала незразумела і непрыемна. Бо зь першай хвіліны пачаліся абвінавачваньні ў чым заўгодна – напрыклад, у намеры яшчэ больш русыфікаваць айчынную культурную прастору... Клюб, які не існаваў і дня, авансам называлі бяздарным, палітычным, апалітычным, няправільна палітычным – патрэбнае дадаць ці падкрэсьліць. Тое, што мовамі зносінаў і выступаў прапанаваліся абедзьве дзяржаўныя, нейкім дзіўным чынам «не заўважылі».

Чытае Ігар Скрыпка

Чытае Ігар Скрыпка

Дарэчы, гэта не зьдзівіла. Да чаго, а да гэтага мы, як той казаў, прыцярпеліся. Зьдзівіла якраз адваротнае. Цяпло водгукаў. Бездань ініцыятываў. Імкненьне дапамагаць. Прага да ўдзелу: так сама сабой сфармавалася невялікая, але дзейная калегія. Шчырае жаданьне чытаць, слухаць, абмяркоўваць, расстаўляць крэслы, мыць кубкі – хто што можа, той гэта і прапанаваў. Так, ёсьць у нас дзьве маладыя кабеты – дзьве Тані. Яны й займаюцца ўсімі арганізацыйнымі цяжкасьцямі. Адна зь іх студэнтка, другая – фінансавы дырэктар даволі буйной фірмы. Гэта да таго, што статусы, ступень вядомасьці і іншыя падобныя рэчы ніякай ролі ў клюбе не адыгрываюць. Адыгрывае адзінае: калі чалавек прыехаў здалёк, ён чытае ня 10, а 20 хвілін.

Такіх на сустрэчах было шмат: Анатоль Санаценка прыбыў з Бабруйску, Валеры Гапееў – з Івацэвічаў, Натальля Галавач – зь Бешанковічаў, што пад Віцебскам, Аляксандр Сушкоў – з Брэсту. Былі і чытачы, якія таксама прыехалі з розных мясьцінаў Беларусі. Ноч туды , ноч назад – ня вельмі лёгка. І за свой асабісты кошт. Значыць, сапраўды трэба...

Чытае Тацьцяна Заміроўская

Чытае Тацьцяна Заміроўская

Тэксты, дасланыя на першую сустрэчу, быццам бы ў адказ падазроным вешчунам, апынуліся і беларускамоўнымі , і «русскоязычными». Натальля Галавач, Валеры Гапееў і Ганна Севярынец чыталі па-беларуску; Мікіта Трафімовіч, Кацярына Марголь і Сабіна Брыло – па-руску. Анатоль Санаценка чытаў на абедзьвюх мовах. Так што пароўну. Але хіба справа ў колькасьці? І няўжо толькі ў мове? Ня ведаю, як вы, а я не гатовая аддаваць расейскай культуры шчымлівыя радкі Ліны Казаковай; вытанчаную, магічную прозу Тацьцяны Заміроўскай і жорсткую, балючую – Андрэя Сыцько; афарыстычныя вершы Андрэя Фаміцкага; нэрв і моц Мікіты Трафімовіча; парывістыя радкі Сабіны Брыло; глыбіню паэзіі Алены Сяльчонак; радаснае зьдзіўленьне перад кожная праявай сьвету у Кацярыны Марголь... Хто сказаў, што мы павінны дзяліць пісьменьнікаў на авечак і казлоў, «сваіх» і «чужых»? Да і навошта, калі яны лічаць сябе беларускімі пісьменьнікамі?

І нарэшце – тыя моманты, якія ўспамінаюцца з асаблівай радасьцю.

Чытае Мікіта Трафімовіч

Чытае Мікіта Трафімовіч

Як Валерый Гапееў старанна запісваў заўвагі чытачоў да свайго апавяданьня. Не адмахваўся: маўляў, я мэтр, а вы непрафэсіяналы. Разумны чытач – ужо прафэсіянал. І сапраўдны пісьменьнік гэта разумее. Тое, што раман Гапеева «Праклён» намінаваны на прэмію Ежы Гедройца – гэта радасьць ня толькі для аўтара ці яго даўніх аматараў, але для яго новых сяброў з GRAPHO.

І яшчэ тое, што дарослыя людзі, якія ўпершыню сустрэліся ў клюбе, потым цэлай кампаніяй пайшлі сьвяткаваць яго адкрыцьцё – паводле клясычнага прынцыпу «сьвяточную поўнач можна і падоўжыць».

І як горача і бліскуча, як таленавіта спрачаліся Георгі Барташ і Ігар Скрыпка: слухаць кожнага зь іх асобна і абодвух разам было асалодай.

І тое, што раздрукаваныя асобнікі вершаў і прозы пасьля сустрэчы не ляжалі, забытыя, на стале – чытачы забіралі іх з сабой.

І што Анатоль Санаценка прывёз ў падарунак 20 сваіх зборнікаў.

І тое, як пасьля першай сустрэчы людзі некалькі дзён дамаўлялі недамоўленае – ўжо ў віртуале, на старонцы GRAPHO. Спрачаліся пра літаратуру. Дасылалі адзін аднаму вершы і прозу. Размаўлялі паміж сабой. Магчыма, ня толькі віртуальна. І ня толькі пра літаратуру.

І як чытач, які пажадаў застацца інкогніта, прынёс падарунак аўтару, чые вершы яму найбольш прыйдуцца даспадобы. Вясёлую зялёную жабку атрымала паэтка Алена Сяльчонак.

І яшчэ тое, што першы раз нас было пяцьдзесят, а другі – шэсьцьдзесят пяць. І дасланыя ўжо тэксты і на красавіцкую, і нават на травеньскую сустрэчы...

Але мы запрашаем і іншых, бо спадзяёмся, што сустрэчы нашы будуць часьцей: паступова дададуцца і майстар-клясы, і слэмы, і віртуальны альманах, да шмат што… А галоўнае: мы спадзяёмся на супрацоўніцтва зь іншымі публічнымі пляцоўкамі нашай краіны. Ведаеце, як перакладаецца з лаціны «res publica»? Агульная справа.

А ведаеце, што стала відавочна асабіста для мяне? Што недарма зімовай ноччу я напісала той першы пост у Фэйсбуку. Недарма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG