Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за напружанасьці з Расеяй ва Украіне расьце попыт на беларускую прадукцыю


Украіна — другі гандлёва-эканамічны партнэр для Беларусі пасьля Расеі. У 2013 годзе таваразварот з паўднёвай суседкай склаў 6,2 мільярда даляраў.

Сальда зьнешняга гандлю заставалася станоўчым для Беларусі і склала 2,2 мільярда. Але палітычны крызіс ва Ўкраіне і падзеньне курсу грыўні ўдарылі па эканоміцы Беларусі.

Аснова беларускага экспарту ва Ўкраіну — нафтапрадукты (да 75%) і калійныя ўгнаеньні. Беларусь пастаўляе ў суседнюю краіну таксама грузавыя аўтамабілі, трактары, цягачы, лядоўні, маразільнікі, шыны, вырабы лёгкай прамысловасьці. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у 2013 годзе Беларусь паставіла на ўкраінскі рынак нафтапрадуктаў на 2,7 мільярда рублёў. У параўнаньні з 2012 годам экспарт скараціўся на траціну. Паводле інфармацыі ўкраінскай кансалтынгавай групы кампаніяў «А-95», пастаўкі бэнзіну за першыя два месяцы скараціліся ў параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам на 38%, дызпаліва — на 10%. Дырэктар «А-95» Сяргей Куюн кажа, што нічога страшнага ў гэтым няма:

«Я лічу, што гэтыя два месяцы — яны не паказальныя, паколькі ў нас быў палітычны крызіс, праблемы ў эканоміцы, рынак вельмі моцна ліхаманіла, і я б ня стаў гэта праецыраваць і рабіць далёка ідучыя высновы».

Нацбанк Украіны ўвёў абмежаваньні на доступ да валюты для імпартэраў. Канцэрн «Белнафтахім» у сувязі зь нестабільнай сытуацыяй вырашыў не рызыкаваць, кажа прэс-сакратар Марына Касьцючэнка:

«Мы прынялі рашэньне падстрахавацца, і нашы арганізацыі адпускаюць прадукцыю толькі па папярэдняй аплаце».

Асаблівых стратаў ад скарачэньня паставак ва Ўкраіну «Белнафтахім» пакуль не нясе, прадукцыя высокаліквідная, і канцэрн перанакіраваў частку паставак на іншыя рынкі.

«Беларуская нафтавая кампанія», каб пазьбегнуць рызыкі, спыніла гандаль праз сваю ўкраінскую дачку «БНК — Украіна» і перавяла ўсе кантракты на свой брытанскі офіс.

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, па асноўных экспартных паказьніках — нафтапрадуктах і калійных угнаеньнях — асаблівага падзеньня продажаў ня будзе:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Свае заводы ў іх ня ўсе рэканструяваныя, нашы нафтапрадукты і крыху лепшыя па якасьці, і цана ніжэйшая. Наўрад ці Ўкраіна будзе адмаўляцца ад такіх нафтапрадуктаў. Угнаеньні купляць украінцы будуць. Наш імпарт ва Ўкраіне — перш за ўсё гэта збожжавыя, алей. Я думаю, Беларусь гэта купляла і будзе купляць. Хіба што пад узьдзеяньнем Расеі, калі тая ўвядзе эмбарга ці нешта яшчэ. Калі ўсё будзе ісьці сваім ходам, Расея ня будзе ўмешвацца — куплялі і будзем купляць».

Менскі аўтазавод зь лютага цалкам спыніў пастаўкі сваёй прадукцыі ва Ўкраіну. У сьнежні МАЗ заключыў дамову з украінцамі на пастаўку больш як 100 грузавікоў, у студзені 40 машын паставіў. Але з-за рэзкага падзеньня грыўні і забароны расплачвацца валютай супрацоўніцтва часова прыпыненае. Цяпер МАЗ вырашае пытаньне аб продажы на грыўні. На думку дырэктара па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўгена Прэйгермана, гэта слушнае рашэньне:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«З аднаго боку, наша прадукцыя неканкурэнтаздольная ў параўнаньні з заходняй, у тым ліку ў машынабудаваньні. Зь іншага боку, у нас ёсьць магчымасьць маніпуляваць крыху з цэнамі продажу, таму часам і наша прадукцыя можа карыстацца попытам у небагатай Украіне, нават у той неспрыяльнай сытуацыі, якая склалася цяпер».

На думку ўкраінскага экспэрта, дырэктара групы кансалтынгавых кампаніяў «А-95» Сяргея Куюна, у цяперашняй сытуацыі, калі адносіны Ўкраіны з Расеяй вельмі складаныя, ёсьць вялікія надзеі на эканамічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю:

«Я думаю, што ў беларусаў будзе вельмі шмат працы з Украінай. Хутчэй за ўсё і з-за палітычнага крызісу, і з-за напружанасьці з Расеяй ёсьць падставы лічыць, што расейскія заводы, хутчэй за ўсё, так і не запусьцяцца. А гэта сьведчыць пра тое, што попыт будзе высокі на беларускую прадукцыю. Сапраўды, у 2013 годзе беларусы страцілі, пастаўкі ўпалі амаль на чвэрць менавіта з-за таго, што актыўнымі былі расейцы. Але, зноў жа, усё ў руках беларусаў».
XS
SM
MD
LG