Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі зьбіраюцца за тыдзень да галасаваньня спыніць сваю выбарчую кампанію.

Тым часам найбольш частымі тэмамі перадвыбарчых сустрэч кандыдатаў выбарцамі становяцца падзеі ва Украіне, і найперш — расейская агрэсія ў Крыме.

Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец распавёў сёньня Свабодзе, што 15 сакавіка адбудзецца сход. У ім будуць удзельнічаць прамоўцы, як у БХД называюць кандыдатаў у дэпутаты, нягледзячы на тое, што хтосьці зь іх зарэгістраваны, а хтосьці не. Усяго будзе чалавек 70–80:

Павал Севярынец

Павал Севярынец

«І там будзе абвешчана пра тое, што мы сваю кампанію заканчваем. То бок партыйная кампанія заканчваецца. Мы не выпрацоўвалі строгіх загадаў здымацца. У нас усе абіраліся праз збор подпісаў. Людзі самі вылучаліся, самі зьбіралі подпісы і самі будуць прымаць рашэньне.

Многія будуць здымацца, гэта факт. Хтосьці здымацца ня будзе дэ-факта. Хтосьці сканцэнтруецца на назіраньні».

Пакуль жа зарэгістраваныя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты працягваюць агітаваць за сябе. Яны кажуць, што апошнім часам цікавасьць да выбараў значна павысілася. Кандыдатка ў дэпутаты сталічнага гарсавету па Жудроўскай выбарчай акрузе № 30 прадпрымальніца Кацярына Каўчуга тлумачыць гэта падзеямі ва Ўкраіне:

«Людзі пачалі падыходзіць да нашых пікетаў, пачалі чытаць перадвыбарчыя плякаты. І калі падыходзіш да іх, кажаш, што ты кандыдат у дэпутаты, яны пытаюцца: а адкуль вы, якая ваша праграма і г.д. То бок ім стала цікава слухаць цябе».

На апошніх пікетах да крытыкі непапулярных ініцыятываў улады, кшталту ўвядзеньня аўтападатку, мая група дадала лёзунгі супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, — распавядае адзін з самых маладых кандыдатаў у дэпутаты Менскага гарсавету, студэнт, сябра АГП Антон Жылко:

«Ну, настолькі гарачая ўкраінская тэма, што вэктар размовы адразу зварочваецца на яе. Нічога іншага людзі ўжо і слухаць ня хочуць. У іх ёсьць розныя меркаваньні, розныя пазыцыі. І абгаворваецца найперш, як да гэтага ставіцца простым людзям і як павінна паставіцца афіцыйнае кіраўніцтва Беларусі.

Людзі сталага ўзросту, якія вырасьлі на савецкіх традыцыях, могуць падтрымліваць пазыцыю Расеі. Але яны вельмі хутка астуджваюцца, калі ім сказаць: „Даражэнькія, у нас падпісана Дамова аб калектыўнай бясьпецы з Расеяй. І калі пачнецца вайна, вы туды сваіх сыноў і ўнукаў адпраўляеце ці як?“ І вось тут пазыцыя, канечне, зьмяняецца».

«Нашы кандыдаты ў дэпутаты карыстаюцца тым, што яны падчас выбарчай кампаніі могуць вольна агітаваць на вуліцах, хадзіць па кватэрах і праводзіць сваю тлумачальную палітыку», — адзначае першы намесьнік кіраўніка руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Мы назіраем за ацэнкай у грамадзтве падзеяў ва Ўкраіне. І бачым, што збольшага гэтыя ацэнкі фармуюцца дзяржаўнымі СМІ. А яны даюць скажоную карціну падзеяў. І калі з боку апазыцыі ня будзе адпаведнай інфармацыйнай працы, то паўплываць на зьмену грамадзкай думкі будзе амаль немагчыма».

Мясцовыя выбары ў Беларусі прызначаныя на 23 сакавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG