Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітык: НАТО павінна узмацніць сваю мяжу ядзернымі і звычайнымі ўзбраеньнямі


Сьцяг НАТО

Сьцяг НАТО

«Лідэры ў Вашынгтоне і Эўропе дазволілі абаронным сілам НАТО аслабнуць да такога стану, што Пуцін, падобна на тое, вырашыў, што можа дзейнічаць беспакарана. Даўно час аднаўляць гэтыя сілы, і ўкраінскі гамбіт Пуціна павінен стаць каталізатарам».

Гэтак піша ў сёньняшнім выданьні The Wall Street Journal Джым Томас, віцэ-прэзыдэнт і дырэктар па дасьледаваньнях Цэнтру стратэгічных і бюджэтных ацэнак у Вашынгтоне.

Паводле Томаса, Уладзіміра Пуціна асьмелілі як адсутнасьць сур’ёзнай дыскусіі аб місіі НАТО па абароне тэрыторый, гэтак і слабасьць 28 краінаў-сябраў гэтага альянсу, відавочная з 2008 году, калі Расея ўварвалася ў Грузію. Томас лічыць, што пасьля расейскай акцыі на Крыме НАТО павінна радыкальным чынам зьмяніць свой падыход да пытаньняў глябальнай бясьпекі.

Па-першае, НАТО павінна перагледзець свае цяперашнюю палітыку неразьмяшчэньня нестратэгічных ядзерных аб’ектаў у новых краінах-сябрах альянсу, такіх, прыкладам, як Польшча. На думку Томаса, цяпер у альянсу ёсьць ёсьць больш чым дастатковыя падставы зрабіць гэта.

Па-другое, НАТО павінна ўмацаваць саюзьнікаў на межах альянсу дадатковымі звычайнымі ўзбраеньнямі. Томас піша, што Злучаным Штатам і іншым саюзьнікам па НАТО час задумацца аб пастаянным разьмяшчэньні сілаў у Польшчы і ў Румыніі, а таксама ў Эстоніі, Латвіі і Літве ў падтрымку сваіх словаў пра стратэгічную салідарнасьць.

Па-трэцяе, НАТО павінна даць зразумець, што сур’ёзна разгледзіць будучую просьбу Украіны аб непрамой вайсковай дапамозе, асабліва калі Расія працягне эскаляцыю крызысу ў Крыме або разьмесьціць свае сілы ў іншых частках Украіны.

Па-чацьвертае, лічыць Томас, ЗША і НАТО павінны перагледзець уласныя забароны на аказаньне вайсковай дапамогі памяркоўным групоўкам сырыйскай апазыцыі. Цяпер Сырыя павінна разглядацца праз прызму ня толькі доўгатэрміновага стратэгічнага суперніцтва Захаду з Іранам, але і праз прызму наваўзьніклага суперніцтва з Расеяй.

І па-пятае, уварваньне Расеі ў Крым павінна прывесьці да пераацэнкі глябальнай стратэгіі як у Вашынгтоне, так і ў Брусэлі. Крызыс на Ўкраіне ставіць, на думку Томаса, фундамэнтальныя пытаньні, у прыватнасьці, аб «перазагрузцы» адносін адміністрацыі Барака Абамы з Расеяй.
XS
SM
MD
LG