Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыць рот Лукашэнку не даюць «братэрскія абдымкі»


Радыё Свабода апытала экспэртаў: Чаму беларускія ўлады маўчаць пра падзеі ва Ўкраіне?

Палітолягі сыходзяцца на думцы, што маўчаньне афіцыйнага Менску — гэта найбольш абачлівая пазыцыя на дадзены момант.


Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў кажа, што афіцыйны Менск маўчыць, бо асудзіць агрэсію не дазваляе моцная залежнасьць Беларусі ад расейскага кіраўніцтва: «пакараньне можа быць хуткім і вельмі жорсткім».

Фёдараў цьвердзіць, што ўладам Беларусі такая сытуацыя не падабаецца, але яны ведаюць — «Крэмль можа зрабіць са сваімі хаўрусьнікамі — колішнімі і цяперашнімі — усё, што захоча, нягледзячы ні на якія дамовы».

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
Але і адкрыта стаць на бок Расеі ў канфлікце беларускія ўлады таксама не жадаюць, бо, паводле Алеся Лагвінца, «Менск ня хоча псаваць стасункі з украінскай уладай. Нават калі меркаваць па тых рэпартажах, якія часам зьяўляюцца на БТ, можна зразумець: улады ўсьведамляюць, што бальшыня народу Ўкраіны, за выняткам усходніх рэгіёнаў і Крыму, падтрымлівае новую ўладу. Таму ў Менску разумеюць важнасьць захаваньня пляцоўкі для супрацоўніцтва».

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч таксама кажа, што Менск «не жадае ўдзельнічаць у авантурах Крамля, і ў дададзеным выпадку маўчаньне само па сабе ёсьць заявай».

Апытаныя экспэрты пагаджаюцца, што Расеі, агрэсію якой асудзіў фактычна ўвесь сьвет, патрэбныя хаўрусьнікі на міжнароднай арэне.

«Для Масквы гэта пытаньне вельмі важнае, бо яна фактычна пайшла на супрацьстаяньне з усім астатнім сьветам. Баюся, тут яна раней ці пазьней дацісьне Беларусь», — прагназуе Фёдараў. Ён праводзіць паралелі з расейска-грузінскай вайной і настойлівымі просьбамі Расеі прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію.

Аляксандар Лукашэнка дагэтуль так і ня выканаў гэтую просьбу.

Андрэй Фёдараў цьвердзіць: гэтым разам кіраўніку Беларусі супраціўляцца будзе значна цяжэй: «Тады яны (улады Беларусі. — РС) даволі хутка зарыентаваліся: выпусьцілі палітвязьняў і атрымалі дапамогу ад Захаду. Залежнасьць ад Расеі на той момант была меншая. Цяпер жа прасторы для манэўраў амаль няма, бо стасункі з Захадам пагоршыліся і чакаць дапамогі не выпадае».

Алесь Лагвінец заўважае, што перацягваньне Беларусі на бок Расеі зьвядзецца да грошай, бо «хаўрусьнікі вырасьлі ў цане, і яны гэта цудоўна ўсьведамляюць».

«Паводле вынікаў апошняй сустрэчы кіраўнікоў Беларусі, Расеі і Казахстану бачна, што ні Лукашэнка, ні Назарбаеў не пагаджаюцца на ўмовы Расеі. Прэзыдэнт Казахстану ў сваіх публічных выказваньнях падтрымаў кіраўніка Беларусі. Назарбаеў сказаў, што не павінна быць выключэньняў і льготаў у гандлі таварамі ўнутры Мытнай прасторы. Зразумела, што гэтая фраза адназначна скіраваная ў бок Расеі. Размова ідзе пра газ, нафту і тарыфы на транзыт. Лукашэнка і Назарбаеў — палітычныя апартуністы, вельмі цынічныя людзі. Відавочна, што яны будуць вымагаць ад Расеі максымальную колькасьць выгодаў», — лічыць Лагвінец.

Уладзімер Мацкевіч заўважае: прымус Беларусі да публічнай падтрымкі захопу Крыму — гэта ня самае горшае, што можа здарыцца:

«Варта прагназаваць горшы варыянт: калі Расея ня спыніцца на Крыме і распачне вялікую вайну супраць Украіны. Тады яна ня будзе пытацца ў Лукашэнкі дазволу, каб перакінуць свае танкі праз тэрыторыю Беларусі на Луцк і Львоў, — выказвае думку Мацкевіч. — Беларускае войска несамастойнае. Таму калі Расеі яно спатрэбіцца, яна таксама ня будзе пытацца ў Лукашэнкі дазволу, бо ў марыянэтак не пытаюцца іхнай уласнай думкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG