Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды намагаецца спагнаць зь незалежнай газэты «Узгорак» жыхарка райцэнтру Горкі Тамара Калтунова.

10 сакавіка аб 11 гадзіне Горацкі раённы суд пачне разгляд яе пазову аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

Старшыня раённай арганізацыі Таварыства інвалідаў Тамара Калтунова зьвярнулася ў суд пасьля шэрагу публікацыяў у выданьні, прысьвечаных яе канфлікту зь сябрамі гэтай арганізацыі. Спрэчка між імі таксама разглядалася ў судзе. У гэтых публікацыях пазоўніца і ўгледзела, як яна лічыць, зьнявагу сваёй асобе.

Рэдактарка газэты «Ўзгорак» Галіна Будная прызнае, што выданьне на працягу некалькіх месяцаў паведамляла пра судовы працэс паміж сябрамі горацкай арганізацыі Таварыства інвалідаў. Яна ўдакладняе, што сваіх матэрыялаў на тэму канфлікту ў арганізацыі інвалідаў выданьне не падавала. Публікацыі на гэтую тэму, кажа журналістка, браліся з навіннай стужкі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН з адпаведнай спасылкай на яе.

Галіна Будная лічыць, што прэтэнзіі Тамары Калтуновай да газэты ня маюць падставаў і гэта сёньня яна будзе намагацца давесьці суду. Паводле журналісткі «у пазове цытаты з публікацыяў, якія нібыта зьняважылі Калтунову, вырваныя ёй з кантэксту — іх сэнс такім чынам скажоны».

Журналістка адзначае, што ў яе няма прычынаў не давяраць зьвесткам, апублікаваным БелаПАН. Журналіст гэтай інфармацыйнай кампаніі, кажа Будная, прысутнічаў амаль на ўсіх судовых пасяджэньнях, якія тычыліся спрэчкі між інвалідамі. У публікацыях пададзеныя пазыцыі ўсіх бакоў канфлікту.

Акрамя прэтэнзіяў да газэты «Ўзгорак», як высьветлілі журналісты, Тамара Калтунова зьвінаваціла ў абразе гонару годнасьці і дзелавой рэпутацыі інваліда першай групы Соф’ю Шатобу. Зь яе Калтунова таксама намагаецца спагнаць 50 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Канфлікт у арганізацыі інвалідаў пачаўся пасьля таго, як зь яе выключылі трох сяброў таварыства. Пазьней Тамара Калтунова зьвінаваціла іх у публічнай зьнявазе і падала на іх у суд. На судовым працэсе адказчыкі, у сваю чаргу, абвінавацілі саму Калтунову ў парушэньні статуту арганізацыі і несправядлівым разьмеркаваньні гуманітарнай дапамогі.
XS
SM
MD
LG