Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тарасу Шаўчэнку — 200 гадоў


Тарас Шаўчэнка на Эўрамайдане

Тарас Шаўчэнка на Эўрамайдане

9 сакавіка спаўняецца 200 гадоў з нараджэньня Тараса Шаўчэнкі, украінскага паэта, пісьменьніка, мастака і галоўнай фігуры ўкраінскага нацыянальнага адраджэньня.

Яго самая вядомая літаратурная праца — зборнік вершаў пад назвай «Кабзар», які выйшаў у1840 годзе.

Тарас Шаўчэнка — аўтар паэмаў «Сьляпая», «Князёўна», «Марына», «Юродзівы», «Марыя», балады «Сурочаная», трыпціха «Доля», «Муза», «Слава», аповесьцей «Варнак», «Няшчасны», «Капітанша», «Блізьняты», «Мастак», «Прагулка з задавальненьнем і не без маралі».

Многія вершы Тараса Шаўчэнкі сталі народнымі песнямі.

Тарас Шаўчэнка таксама зьяўляецца адным з самых выдомых майстроў украінскага жывапісу. Ён працаваў у галінах станковага жывапісу, графікі, манумэнтальна-дэкаратыўнага афармленьня і скульптуры, дасканала валодўа тэхнікай акварэлі, алею, афорта, маляваньня алоўкам і пяром. Ён аўтар больш за тысячы твораў жывапісу, з якіх захавалася ня болеш за 160.

На беларускую мову творы Шаўчэнкі перакладалі Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Зьмітрок Бядуля, Пятрусь Броўка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Аркадзь Куляшоў, Васіль Зуёнак, Валер Стралко ды іншыя.

15 гадоў таму, з нагоды 185-годзьдзя паэта ў Сцяпанаўскім садзе на рагу вуліц Старавіленскай і Кісялёва, побач з будынкам амбасады Ўкраіны ў Рэспубліцы Беларусь, была ўсталяваная бронзавая постаць Тарасу Шаўчэнку. Аўтары помніка — украінскі скульптар Віктар Ліпаўка і беларускі архітэктар Віктар Крамарэнка.

Падчас Эўрамайдану помнік Тарасу Шаўчэнку ў Менску стаў для беларусаў месцам дэманстрацыі салідарнасьці з украінскім народам, сюды несьлі кветкі і зьнічкі ў знак жалобы па загінулых у сутычках на вуліцах Кіеву.

У вёсцы Карэкаўцы Вялейскага раёну Менскай вобласьці 20 верасня 2009 года адкрыты памятны знак, прысьвечаны сяброўству Тараса Шаўчэнкі і ўраджэнца Вілейшчыны паэта Эдварда Жалігоўскага.

Сучасны перакладчык з украінскай на беларускую і расейскую мовы, аўтар 13 кнігаў Валер Стралко нядаўна выдаў кнігу перакладаў твораў Тараса Шаўчэнкі «Мастак». Перакладчык, які сам павдле паходжаньня ўкраінец, але жыве ў Беларусі, адзначыў, што Тарас Шаўчэнка — унікальная зьява ў гісторыі ўсясьветнага мастацтва.

«Тарас Шаўчэнка выбітны ня толькі тым, што ён клясык украінскай літаратуры, ці творца, вершы якога мне падабаюцца. Вядома, што ў сьвеце ёсьць вельмі шмат перакладаў яго твораў на розныя мовы. Напрыклад, толькі на ангельскую мову адзін толькі „Запавет“ перакладзены 38 разоў», — кажа Стралко. «Так склалася, што і я наважаўся перакладаць Шаўчэнку на белурускую мову. Мне вельмі падабаюцца яго вершы. І падабаюцца ня толькі ў паэтычным сэнсе, але і ў агульначалавечым, і ў палітычным, і ў маральна-этычным. Шаўчэнка — гэта чалавек-загадка. Яго часам параўноўваюць з нашым Максімам Багдановічам. Але я лічу, што рабіць такое параўнаньне складана. Як мог чалавек, які паходзіў з самых нізоў, быў прыгонным, і ня меў практычна ніякай сыстэматычнай адыкацыі, у сваім празачным творы „Мастак“ згадаў больш за сто прозьвішчаў мастакоў з усяго сьвету. А ён жа ня меў ніякіх энцыкляпэдыяў пад рукамі. Аднак факт гэтых згадак гаворыць пра высокі ўзровень інтэлегентнасьці гэтага творцы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG