Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эскаляцыя канфлікту: На мяжы Крыму абстралялі самалёт украінскіх памежнікаў


На адміністрацыйнай мяжы Аўтаномнай рэспублікі Крым зь зямлі быў абстраляны самалёт дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны. Ніхто не пацярпеў. Як паведамляюць памежнікі, лёгкі самалёт, на борце якога не было ўзбраеньняў, ажыцьцяўляў патруляваньне дзяржаўнай мяжы. Экіпаж зафіксаваў, што страляніна вялася з боку пасёлку Армянск.

Калёна ваеннай тэхнікі без нумароў — верагодна , расейскай — прайшла праз Феадосію і прыбыла ў сталіцу Крыму Сымфэропаль. Акрамя таго, як паведамілі «Украінскай праўдзе» відавочцы, 87 машын выехалі з тэрыторыі палігону Чауды — таксама ў бок Сымфэропаля. У суботу ж у горадзе былі заўважаныя некалькі дзясяткаў грузавікоў КамАЗ і «Урал» , якія — паводле дадзеных памежнай службы — перайшлі мяжу ў прапускным пункце «Крым». Раней з Керчы ў Сымфэропаль прыбылі яшчэ 20 машын, а ў ноч на суботу выгрузіўся дэсантны карабель.

У Сымфэропалі на тэрыторыі рэспубліканскага ваенкамату невядомыя Узброеныя людзі зьбілі некалькіх журналістаў , адабралі ў іх флэш-карты і пашкодзілі тэхніку. Пра гэта ў фэйсбуку паведамляе супрацоўнік Грамадзкага ТБ Ганна Бабінец.

Раней там абстралялі машыну, на якой прыбылі актывісты з Кіева.

У Бахчысараі прайшла акцыя супраць дзеяньняў расейскага боку ў Крыме і ў падтрымку ўкраінскіх вайскоўцаў, якім актывісты перадалі тэхнічнае абсталяваньне на суму ў 3,5 тысячы даляраў. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміла журналістка Аксана Каваленка.

У суботу ж у Сымфэропалі байцы так званай «самаабароны Крыму» прынялі прысягу на вернасьць народа Крыму.

Выканаўца абавязкаў кіраўніка адміністрацыі Сэвастопаля Дзьмітры Белік заявіў, што пасьля рэфэрэндуму, які ў горадзе-рэгіёне будзе агульны з рэспублікай Крым, увойдзе ў склад Расеі ў якасці асобнага суб’екту.
XS
SM
MD
LG