Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аўторак на волю мусіць выйсьць палітвязень Уладзь Яроменак


Уладзь Яроменак

Уладзь Яроменак

11 сакавіка жонка і сябры маладафронтаўца Ўладзя Яроменка паедуць у Баранавічы, каб сустрэць яго каля муроў мясцовага арыштнага дому.

Жонка палітвязьня Валянціна, якая цяжарная на 8-м месяцы, таксама будзе сустракаць мужа падчас ягонага выхаду на волю. У які час можа вызваліцца Ўладзь Яроменак?

«Гэта тое, што я не магу сказаць, бо сама ня ведаю. Бо там як? Паводле кодэксу яго павінны вызваляць у першай палове дня. Самі разумееце, што такое першая палова дня: гэта пачынаючы з 12 ночы і да 12 дня. То бок могуць і ноччу вызваліць, а могуць і ў 6 раніцы. Але ня думаю ўсё ж, што ноччу. Хутчэй, ці рана раніцай, ці да сьняданку».

Паводле Валянціны, апошні ліст ад Уладзя Яроменкі быў напісаны 26 лютага. Асаблівых навінаў пра сябе палітвязень не паведаміў — «чакае вызваленьня».

Уладзю Яроменку суд прызначыў 3 месяцы арышту за парушэньні правілаў прэвентыўнага нагляду, які быў накладзены пасьля некалькіх затрыманьняў на акцыях салідарнасьці і пратэсту. За падзеі 2010 году Ўладзь Яроменак быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня, выйшаў на волю паводле памілаваньня, але ня кінуў займацца палітычнай дзейнасьцю.
XS
SM
MD
LG