Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Чуркін: Масква і Кіеў не парывалі дыпляматычныя адносіны


Віталь Чуркін

Віталь Чуркін

Інфармацыя аб разрыве дыпляматычных адносінаў паміж Масквой і Кіевам — «качка», заявіў сталы прадстаўнік Расейскай Фэдэрацыі пры ААН Віталь Чуркін.

«Аб дыпляматычных адносінах я наогул не разважаў ні публічна, ні на паседжаньнях Рады Бясьпекі так што такога кшталту „качка“ ня мае пад сабой ніякіх падставаў», — заявіў Чуркін у інтэрвію тэлепраграме «Весткі ў суботу зь Сяргеем Брылёвым», якая трансьлявалася ў эфіры на Далёкі Ўсход.

На яго думку, падставай да такіх чутак мог стаць адказ на пытаньне пасьля закрытага паседжаньня Рады Бясьпекі, якое адбылося ў чацьвер. «Адзін з журналістаў запытаўся ў мяне, чаму міністар замежных спраў Лаўроў у Парыжы не сустрэўся зь міністрам замежных спраў Украіны, і я адказаў, што мы зыходзім з таго, што цяперашнія ўлады Ўкраіны зьяўляюцца нелегітымнымі, таму ўстрымліваемся ад кантактаў зь імі на палітычныя тэмы на палітычным узроўні», — растлумачыў сталы прадстаўнік РФ.

Ён дадаў, што з украінскімі калегамі не кантактуюць, паколькі яны не зьвяртаюцца да расейскіх дыпляматаў.

«Але ў нас няма забароны на такія зносіны. Палітычны ўзровень — гэта ўзровень міністра замежных спраў, у нас ніякай забароны або абмежаваньні ў магчымасьці зносінаў з украінскімі дыпляматамі няма. Тое ж самае справядліва і ў дачыненьні да Міністэрства замежных спраў: на працоўным узроўні там цалкам спакойна працягваюць кантактаваць з украінскімі калегамі», — падкрэсьліў сталы прадстаўнік Расеі пры ААН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG