Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч сам папрасіўся ў адзіночную камэру


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Палітвязень Мікалай Статкевіч дамогся, каб яго трымалі ў адзіночцы. Такое жаданьне палітык тлумачыць небясьпекай ягонаму жыцьцю і здароўю.

Паводле Статкевіча, небясьпека тлумачылася тым, што разам зь ім у камэры быў іншы вязень, на якога ў выпадку адмысловай правакацыі адміністрацыя магла ўскласьці адказнасьць. Пра гэта Мікалай Статкевіч напісаў жонцы Марыне Адамовіч:

«Вырашыў больш не сядзець са сваім суседам. Прэтэнзій да яго ня маю, нават лічу, што за 12 гадоў чалавек сваё адсядзеў і яго можна было б адпусьціць дахаты, каб пасьпеў яшчэ нарадзіць і выхаваць дзяцей. Але і так я прасядзеў разам зь ім доўга. Каб разыйсьціся зь ім, напісаў заяву аб пагрозе бясьпецы і аб утрыманьні мяне далей у адзіночцы. Ні з кім болей сядзець не хачу, бо тут сапраўды можа ўзьнікнуць пагроза бясьпецы ў сувязі з сытуацыяй на волі. Эканамічнае становішча пагаршаецца, трымаць мяне тут усё даражэй, а выпусьціць — страшней. Таму расьце імавернасьць усялякіх сюрпрызаў. У такіх варунках хацеў паменшыць колькасьць крыніц, ад якіх гэтыя сюрпрызы могуць зьявіцца да аднаго — там, дзе дзьверы ў камэру».

«Маецца на ўвазе, што ён ня хоча, каб можна было сьпісаць гэтыя сюрпрызы на некага іншага», — дадала ад сябе Марына Адамовіч. Паводле ліста, на які спасылаецца жонка Мікалая Статкевіча, за час зьняволеньня ён налічыў 7 выпадкаў, калі ўзьнікала рэальная пагроза ягонаму жыцьцю ці здароўю.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч адбывае пакараньне ў Магілёўскай крытай турме, дзе яму давядзецца адбыць яшчэ каля году, а тады магчымае вяртаньне ў калёнію. Ён асуджаны за арганізацыю масавых забурэньняў 19 сьнежня 2010 году на 6 гадоў зьняволеньня — да канца 2016 году. Пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі Мікалай Статкевіч адмаўляецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG