Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч у Дубліне сустрэўся з Клічко і Цімашэнкай


Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

У ірляндзкім Дубліне праходзіць кангрэс Эўрапейскай народнай партыі, якая мае большасьць у Эўрапарлямэнце. Удзел у мерапрыемстве бяруць кіраўнікі шэрагу краін Эўразьвязу, кіраўнікі правых і правацэнтрысцкіх партый і арганізацый. Ад Беларусі запрошаны лідэр руху «За Свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч.

Як расказаў спадар Мілінкевіч, дэлегаты адназначна выказаліся ў падтрымку Ўкраіны і асудзілі дзеяньні Расеі:

«Абсалютная большасьць выступоўцаў казала пра Ўкраіну: „Ці мы ў стане абараніць тых, хто хоча вяртаньня ў Эўропу, ці будзе зноў гэтак жа, як і з Грузіяй“. На іх меркаваньне, адбываецца акупацыя з мэтай застрашыць ня толькі ўкраінцаў».
Падчас працы форуму Аляксандар Мілінкевіч правёў сустрэчы з украінскімі палітыкамі Віталем Клічко (партыя «Удар») і Юліяй Цімашэнкай (партыя «Батьківщина»), а таксама экс-прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі, былым прэм’ер-міністрам Літвы Андрусам Кубілюсам, колішнім міністрам замежных спраў Славаччыны Мікулашам Дзурындамды ды іншымі ўплывовымі палітыкамі.
Па яго словах, удзельнікі кангрэсу перакананыя, што Расея чыніць іспыт Эўразьвязу — колькі і ў якой ступені Захад можа вытрымаць. Да таго ж, Масква ўспрымае жаданьне ісьці на кампрамісы як слабасьць: «Сіла не павінна быць вышэй за права, — кажуць эўрапейцы. — Ва Ўкраіне — не этнічны канфлікт, а змаганьне народа супраць аўтарытарнай карумпаванай улады», — адзначыў старшыня руху «За Свабоду!».

Удзельнікі стоячы сустрэлі Віталя Клічко і Юлію Цімашэнку, якія сказалі, што адхілены ад улады Віктар Януковіч разбурыў надзею, а ўкраінцы дзень і ноч змагаліся на Майдане і па ўсёй краіне за свабоду, справядлівасьць і свае правы. Як выказаліся ўкраінскія палітыкі, «героі паміралі, каб быць з Эўропай. Украіна сёньня — сімбаль, не пакіньце яе».

Постфактум было пашкадавана: гістарычная памылка ў тым, што на саміце 2008 году ў Бухарэсьце Грузія і Ўкраіна не былі прынятыя ў NATO.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG