Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорная прапаганда» жыве, але ўжо не перамагае


Белая, шэрая і чорная

Прапаганда бывае белая, шэрая і чорная. Першая накіраваная на ворага ад імя ўлады дзяржавы-праціўніка. Шэрая – ананімная. Чорная хавае сваё паходжаньне або карыстаецца фальшывым подпісам. Прычым падае сябе за твор падпольных арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі ворага і змагаюцца супраць тамтэйшай улады. Прыклад зь гісторыі: нямецкая радыёстанцыя выдае сябе за францускую, якая выступае супраць уладаў Францыі. Нас цікавіць менавіта апошняя, чорная.

Стэнлі Ньюкарт-Навадворскі (Stanley Newcourt-Nowodworski) напісаў кнігу «Чорная прапаганда. Польшча, Нямеччына, Вялікабрытанія. Таямніцы найвялікшых ашуканстваў ІІ Сусьветнай вайны». Гэта заснаванае на архіўных дакумэнтах падрабязнае дасьледаваньне, у ім 390 старонак, але чытаецца яно з захапленьнем, бо пабудаванае толькі на фактах – фактах невядомых.

Першапраходцамі, «заканадаўцамі моды», якія паставілі чорную прапаганду ўпершыню на шырокую нагу, былі немцы. Агулам прапагандысцкіх брашураў у міжваенны час у Нямеччыне выйшла ўдвая больш, чым у разам узятых Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША. Правілы: трэба выкарыстоўваць існуючыя трывогі, няпэўнасьць, страхі, а не ствараць новыя. Трэба гаварыць пра канкрэтныя цяжкасьці і праблемы, не ўспамінаючы абстрактныя паняцьці «патрыятызм», «свабода» і гэтак далей.

Ньюкарт-Навадворскі піша, што істота прапаганды цікавіла Гітлера, а раней — Леніна, які лічыў галоўным літаратурным жанрам улёткі і вельмі цаніў псыхалягічную вайну, калі адзін «народ сілай сваёй волі даводзіць да разлажэньня маральнай і духоўнай тканіны іншага народу».

Гёбэльс падмануў Гітлера

Геніем чорнай прапаганды стаў Гебэльс. Яму ўдалося аднойчы выпадкова ўвесьці ў зман нават самога фюрэра. Аднойчы Гітлер паклікаў яго і з радасьцю паведаміў, што нямецкія падводнікі патапілі брытанскі крэйсэр каля нарвэскага Тронгейма. Але Гёбэльс яму патлумачыў, што гэта фальшыўка. Калі брытанцы будуць абвяргаць, значыць сапраўды маюць у тым раёне караблі, якія немцам трэба будзе адшукаць. Бо ў іншым выпадку Лёндан адрэагаваў бы сьцісла: што не пасылаў туды ніякіх крэйсэраў, патлумачыў Гёбэльс. Ён лічыў крытэрыем дазволенага ў прапагандзе ня праўду, а — выніковасьць.

Радыё з падвойным дном

Першая дывэрсійная радыёстанцыя была створаная немцамі ў Гішпаніі, калі там ішла грамадзянская вайна. Пад выглядам рэспубліканскай яна працавала на генэрала Франка, ствараючы ў рэспубліканскім лягеры атмасфэру замяшаньня, разгубленасьці.

За некалькі месяцаў перад вайной з Францыяй пачалі дзейнічаць дзьве нямецкія радыёстанцыі на францускай мове – «Юманітэ» і «Голас міру». Раней газэта «Юманітэ», трымаючыся сталінскага курсу, пачала праслаўляць гітлераўскую Нямеччыну і адначасова пацыфісцкія настроі. Таму 26 верасьня 1939 улады забаранілі Францускую кампартыю і «Юманітэ». Як піша Ньюкарт-Навадворскі, ФКП сышла ў падпольле, працягваючы сваю дзейнасьць пад лёзунгам «Віва Сталін! Віва Гітлер!» А тут якраз у дапамогу ім сталі вяшчаць радыёстанцыі Гёбэльса. Ён падмануў усіх: францускія ўлады ня здолелі выкрыць дывэрсійнае паходжаньне станцый. Нават служба пэленгацыі нямецкай арміі вырашыла, што яны «францускія».

Немцы стваралі фальшывыя навіны або разьдзімалі сапраўдныя і падсоўвалі іх нэўтральным прэсавым агенцтвам і газэтам. У выніку яны сталі трапляць нават на BBC, дзе не заўжды маглі тады спраўдзіць навіну ў іншай крыніцы.
Але ня толькі падкіданьне навінаў. Немцы рыхтаваліся да маланкавай, як потым выйшла, вайны з Францыяй надзвычай грунтоўна. Вядомым францускім журналістам плацілі ганарары за тое, каб яны ўстрымліваліся ад крытыкі Нямеччыны. Напярэдадні «Мюнхэнскай змовы» немцы выдалі непасрэдна францускім газэтам трыста пяцьдзесят мільёнаў франкаў. Вядомы прыклад Рудольфа Шлеера, які пад выглядам гандляра віном стварыў на тэрыторыі Францыі разгалінаваную сетку агентаў, задачай якіх напачатку была менавіта прапаганда на карысьць Нямеччыны. Мэта – стварэньне вобразу немцаў, як культурнага, міралюбнага народу.

Францускі ўрад таксама паспрабаваў паставіць прапаганду на шырокую нагу. Справа была даручана вядомаму драматургу Жану Жырадо. Але выбар аказаўся хутчэй шкодным. У сваіх прамовах ён карыстаўся прэтэнцыёзнай мовай, быў пацыфістам і любіў немцаў.

Гістэрыя, паніка

Калі пачалася вайна, французы прагна слухалі навіны фальшывых радыёстанцый, паколькі перасталі давяраць уладам. Улады стараліся не выклікаць панікі, інфармацыя была дазаванай. Немцы, наадварот, паведамлялі пра рух войскаў, пра баі, але адначасова – у адкрытым эфіры – цэлую навалу зашыфраваных зьвестак для фікцыйных агентаў, а таксама папярэджвалі пра паўсюдную пятую калёну, пра парашутыстаў, якія будуць пераадзетыя рабочымі, ксяндзамі і нават манашкамі. Але гэта трапляла на падрыхтаваную глебу: усім было вядома пра нядаўнія посьпехі нямецкіх парашутыстаў у Галяндыі і Бэльгіі.

Пачалася гістэрыя, паніка. Аўтар «Чорнай прапаганды» зазначае, што чвэрць насельніцтва краіны пад уплывам створанай атмасфэры страху і няпэўнасьці рашылася на ўцёкі перад наступам немцаў. А гэта – адзінаццаць мільёнаў чалавек. Дывэрсійныя радыёстанцыі страшылі жыхароў сталіцы, што Парыж ператворыцца ў руіны, як занятая немцамі Варшава. Насельніцтва Парыжу было тады два мільёны семсот тысяч, зь якіх больш за два мільёны кінуліся ўцякаць. Вынікі сыходу былі катастрафічныя. На чыгунцы панаваў хаос. Усе дарогі былі закаркаваныя ўцекачамі. На фронт немагчыма было даставіць падмацаваньні, зброю, амуніцыю. Параненыя паміралі ў санітарных машынах, якія не маглі даставіць іх у шпіталь.

Сьведкам усяго ў Парыжы быў адзін амэрыканскі журналіст, які запісаў у дзёньніку свае уражаньні ад «поўнага распаду францускага грамадзтва, заняпаду збройных сілаў, ураду і маралі народу» – ад такога жаху, што цяжка было паверыць, што гэта адбываецца насамрэч. Адзін з францускіх пісьменьнікаў успамінаў: у тыя дні ён сам паверыў у тое, што ў кожнай вёсцы жыве дывэрсант.

Эканамічны гігант Эўропы Францыя была разьбітая за некалькі тыдняў, пратрымаўшыся не нашмат даўжэй ад эканамічна слабейшай Польшчы. Гэта быў зорны час нямецкай чорнай прапаганды. Не зважаючы, што немцы надалей стварылі разгалінаваную сетку дывэрсійных радыёстанцый, падобных вынікаў ім ужо больш ніколі дасягнуць не атрымалася. Але сам Гёбэльс пасьля паразы пад Сталінградам сказаў, што прапаганда заўсёды павінна быць падмацаваная рэальнымі перамогамі вэрмахту, і ня можа мець посьпеху бяз гэтага.

Амаль дзьвесьце радыёпярэваратняў

Цягам ІІ Сусьветнай вайны брытанскія службы запэленгавалі каля двухсот дывэрсійных радыёстанцый, актыўных у розны час на эўрапейскім тэатры баявых дзеяньняў. Самі брытанцы вымушаныя былі таксама зьвярнуцца да чорнай прапаганды. Але спачатку ў BBC баяліся, што гэта падарве рэпутацыю брытанскага радыё. У Лёндане лічылі чорную прапаганду вымушаным злом, якога трэба саромецца і чым хутчэй забыцца на яго пасьля вайны, піша Ньюкарт-Навадворскі.

Кім Філбі

Паводле Ньюкарт-Навадворскага, першы брытанскі падручнік па чорнай прапагандзе напісаў і затым выкладаў гэтую дысцыпліну ў МІ-6 Кім Філбі, як потым выявілася, савецкі шпіён. Як вядома, яму ўдалося ўцячы ў Маскву. Вельмі верагодна, што сваю чорную прапаганду ён надалей выкладаў на Лубянцы.

Можна дапусьціць, што Уладзімір Пуцін ведае чорную прапаганду на пяцёрку. Апошнія падзеі вакол Крыму дазваляюць зрабіць такое дапушчэньне. Напрыклад, калі прэзыдэнт Расеі як афіцыйная асоба заяўляе, што патрулююць крымскія вуліцы і блякуюць украінскія вайсковыя базы зусім не расейскія вайскоўцы, а самаабарона, паколькі «кожны можна набыць у краме камуфляж» і ўсё астатняе, то ён дзейнічае адначасова на полі белай прапаганды і чорнай. Што можна сьмела лічыць новым крокам у гэтай спэцыфічнай галіне.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG