Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Івейскай мячэці моляцца за мір ва Ўкраіне


Мячэт у Іўі

Мячэт у Іўі

Горад Іўе Гарадзенскай вобласьці называюць сталіцай беларускіх татараў. Наш карэспандэнт Міхал Карневіч адведаў Іўе і пагутарыў з жыхарамі пра падзеі ўва Ўкраіне.

Татары на Івейшчыне, як кажуць яны самі, жывуць з часоў Вітаўта. Паводле адной з вэрсіяў, татары зьявіліся тут, калі ў Вялікае Княства Літоўскае перасяліўся з рэшткамі войска хан Тахтамыш пасьля паразы ў бітве зь Цімурам на рацэ Церак за ханскі прастол 14 сакавіка 1395 году.

Вельмі дапамогшы Вітаўту ў бітве з крыжакамі пад Грунвальдам, татары атрымалі ад князя зямлю, дазвол браць у жонкі ліцьвінак, роўныя з астатнімі жыхарамі Княства правы. І хоць пазьней яны страцяць сваю мову, але захаваюць знешняе аблічча, веру, традыцыі. Гістарычныя крыніцы сьведчаць, што ўсю сваю дакумэнтацыю татары вялі на беларускай мове, прыняўшы яе за родную.

Цяпер у Іўі, паводле афіцыйных зьвестак, жыве каля тысячы татараў, а некалі было каля трох тысяч. У Іўі больш за 130 гадоў існуе мячэць. Сёньня ў Іўі, сярод татараў, мы гаворым пра падзеі ў Крыме і ўва Ўкраіне.

Сулійман і Разалія Рафаловічы, людзі сталага веку, кажуць мне, што навіны па тэлевізары глядзяць штодня, перажываюць за тое, што адбываецца ў Крыме і ўва Украіне.

Спадар Рафаловіч кажа, што сувязяў з крымскімі татарамі ў іх няма, але, ведаючы лёс гэтага народу, па-чалавечы яму іх шкада:

«Іх тады Сталін дэпартаваў, вывез амаль голымі за адну ноч. А яны людзі харошыя, яны мірна жывуць з усімі, і з рускім таксама — я ўсё гэта бачыў, як пра іх у тэлевізары кажуць».

Спадар Сулійман кажа, што пра палітыку гаварыць ня хоча, але вось сёньня зьбіраецца ў мячэць, і там усе разам яны памоляцца за людзей ва Украіне і Крыме.
Разалія і Сулійман Рафаловічы

Разалія і Сулійман Рафаловічы


Да размовы далучаецца спадарыня Разалія:

«Шкада вельмі людзей, каб хоць яны там здолелі ўсё мірам вырашыць. Бо якая розьніца — татары ці ўкраінцы, ці палякі, ці беларусы — усе людзі. А там гінуць, зьнікаюць, дзеці малыя церпяць... Вось мы зьбіраемся ў мячэць, садагу зрабілі, панясём у мячэць і будзем прасіць Алаха, каб усім мір на зямлі быў і здароўе таму сьвету і гэтаму. Так у нас моляцца».

Карэспандэнт: «А ў малітвах вы згадваеце і Крым, і ўсю Ўкраіну?»

Спадарыня: «Так, узгадваюць і просяць Алаха, каб мір быў, каб там людзі памірыліся, каб усё рашылася мірным шляхам».

А вось размаўляю на гэтую тэму з маладзейшымі людзьмі татарскага паходжаньня. Спадарыня Ірына асуджае паводзіны Расеі ў Крыме і называе гэта агрэсіяй:
У татараў, якія жывуць у Крыме, да гэтага часу не было ніякіх канфліктаў з украінскай уладай, а заўсёды была дружба

«Я думаю, што ўсё там павінна застацца як ёсьць, бо пачынаць нейкі перадзел у ХХІ ст. — значыць, можна будзе дакаціцца да перадзелаў, якія яшчэ былі ў сярэднявеччы. У татараў, якія жывуць у Крыме, да гэтага часу не было ніякіх канфліктаў з украінскай уладай, а заўсёды была дружба. І нягожа цяпер адрываць гэты кавалак зямлі ад Украіны толькі таму, што гэта некаму вельмі карціць».

Спадар Аляксандар кажа, што людзі ў вайсковай форме без апазнавальных знакаў, якія акружаюць вайсковыя часткі ды іншыя аб’екты ў Крыме, — папросту бандыты, бо і расейскія ўлады ад іх адмаўляюцца. Ён перакананы, што калі рэфэрэндум за далучэньне Крыму да Расеі пройдзе без фальсыфікацыяў, то пераможа ўкраінскі бок:

«Там толькі некалькі гарадоў, той самы Севастопаль — ён за Расею, а большая частка — супраць, нават ня ўсе рускія людзі ў Крыме падтрымліваюць расейскую ўладу. А татарам трэба нейкімі дэмакратычнымі шляхамі дамагацца сваіх патрабаваньняў, абараняць сваю культуру, традыцыі, рэлігію».

А вось я на рынку ў Іўі. Сёньня шматлюдна. Відаць, што людзі рыхтуюцца да сьвятаў. Вось што яны думаюць наконт падзеяў ва Ўкраіне:
Івейскі рынак

Івейскі рынак


«Ну, раз народ падняўся на гэта, то, значыць, яны пабачылі, што інакш нельга...»

Карэспандэнт: «А ў Крыме, на ваш погляд, што цяпер адбываецца?»

Спадар: «Я думаю, што там проста дзеляць грошы. У курортным бізнэсе ў татараў 78% захоплена. Яны баяцца расейскіх грошай, бо як хлыне туды Расея, панабудоўваюць там санаторыяў, курортаў... Там толькі бізнэс».

Спадар: «Я спачуваю ўсім ім. Вы бачылі ў нас на пляцы помнік? Ён усталяваны людзям чатырох рэлігій. Там і юдэі, і праваслаўныя, і каталікі, і мусульмане. Усё гэта там, і ў імя гэтага помнік стаіць...»

Спадар: «Ня лезем мы ў палітыку і ня хочам гэтага. Няхай ім жывецца, як у нас, спакайней. Трэба ім брацца, вядома, іх улада нарабіла нешта ня так...»
XS
SM
MD
LG