Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтае пасяджэньне Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады з удзелам прэзыдэнтаў Беларусі, Расеі і Казахстана чакалася з асаблівай цікавасьцю. Бліжэйшыя саюзьнікі Расеі сабраліся ў Маскве у момант надзвычай вострага міжнароднага крызісу, справакаванага дзеяньнямі кіраўніцтва РФ. Калі казаць пра вынікі абмеркаваньня пытаньняў, якія стаялі на афіцыйным парадку дня, то яны традыцыйныя: рознагалосьсі не пераадоленыя, але дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭЭС), хутчэй за ўсё, падпішуць у плянаваныя тэрміны.

Але галоўным было пытаньне, якое адсутнічала ў парадку дня: пра расейска-ўкраінскі канфлікт. Усіх цікавіла, ці падтрымаюць бліжэйшыя саюзьнікі пазыцыю Расеі. Хачу нагадаць, што пасьля расейска-грузінскай вайны 2008 году саюзьнікі РФ выступілі ў падтрымку дзеяньняў Масквы ў Грузіі. А вось цяпер Беларусь і Казахстан красамоўна прамаўчалі.

Пра тое, што Крэмль быў максымальна зацікаўлены калі не ў ухваленьні, то хоць бы ў публічна выказаным разуменьні кіраўнікамі Беларусі і Казахстана дзеяньняў РФ у Крыме, сьведчыць наступны факт. 3 сакавіка пасьля тэлефонных размоваў Уладзіміра Пуціна з Нурсултанам Назарбаевым і Аляксандрам Лукашэнкам прэс-служба прэзыдэнта Расеі дала наступнае паведамленьне: «Абмеркаванае крызіснае разьвіцьцё сытуацыі на Ўкраіне, якое стварае рэальную небясьпеку жыцьцю і законным інтарэсам рускамоўнага насельніцтва, перш за ўсё ў Крыме і ўсходніх рэгіёнах гэтай краіны...»

Але, падаецца, крамлёўская прапаганда выдала жаданае за рэальнае. Калі прэзыдэнты сабраліся на перамовы ўжывую, то нават такую моцна замаскаваную падтрымку выціснуць з Назарбаева і Лукашэнкі не ўдалося. Нагадаю, што напярэдадні міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву Baltic News Service выказаўся супраць «югаславізацыі» Ўкраіны (то бок падзелу яе на часткі).

І гэты факт стаў дыпляматычнай паразай Пуціна. Расея апынулася па крымскім пытаньні ў поўнай міжнароднай ізаляцыі.

Цяпер робіцца шмат прагнозаў, як будзе далей разьвівацца расейска-ўкраінскі канфлікт. Тут існуе шмат варыянтаў: далучэньне Крыму да Расеі; далучэньне да Расеі Крыму і Ўсходняй Украіны; Крым становіцца незалежнай дзяржавай па аналёгіі з Паўднёвай Асэтыяй і Абхазіяй; Крым застаецца аўтаноміяй у межах Украіны, але Кіеў заплаціць за гэта далучэньнем да Мытнага саюзу і ЭЭС.

Некаторыя экспэрты (Кірыл Коктыш, Аляксандар Алесін) кажуць, што Расея ня пойдзе на анэксію Крыма, а толькі будзе з дапамогай гэтай паўвыспы шантажаваць Украіну. Аднак рашэньне крымскага парлямэнту ад 6 сакавіка рэзка звужае Расеі поле для манэўру, стварае сытуацыю, якую цяжка адкруціць назад. Найперш, адзначым, што Вярхоўная Рада Крыму поўнасьцю дзейнічае пад дыктоўку Масквы, у яе самастойнасьць ніхто ня верыць. Таму, відавочна, рашэньні крымскага парлямэнту 6 сакавіка прадыктаваныя Расеяй. Дык вось зь іх вынікае, што Масква рэзка і рашуча памяняла сваю тактыку ў гэтым пытаньні.

Парлямэнт Крыму папрасіў Пуціна прыняць паўвостраў у склад Расеі і цалкам зьмяніў усю канцэпцыю рэфэрэндуму. Калі раней усенароднае галасаваньне плянавалася правесьці 25 траўня (адначасова з прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне), то цяпер вырашана, што яно адбудзецца 16 сакавіка 2014 году.

І самае галоўнае — памяняліся пытаньні рэфэрэндуму. Раней на галасаваньне меркавалася вынесьці пытаньне: «Вы за дзяржаўную самастойнасьць Аўтаномнай Рэспублікі Крым у складзе Ўкраіны на аснове дамоваў і пагадненняў?» Цяпер у бюлетэнь будуць уключаныя два пытаньні: «Вы за ўваходжаньне АРК у якасці суб’екта ў склад РФ?» і «Вы за аднаўленьне Канстытуцыі Крыму 1992 году і захаваньне Крыму як складовай часткі Ўкраіны?» Тут цікава, што захаваньне статус-кво паўвострава нават ня ўносіцца на галасаваньне. Як і варыянт утварэньня самастойнай дзяржавы, на ўзор Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

Ані ў кога няма сумненьня, якім будзе абвешчаны вынік рэфэрэндуму. То бок пастаноўка пытаньня рубам адразае Расеі шляхі да адступленьня. Гэтыя ліхаманкавыя дзеяньні павінны падвесьці юрыдычную базу пад цяперашнюю фактычна вайсковую акупацыю паўвострава. Пра гэта сьведчаць і сёньняшнія заявы сьпікераў Савету Фэдэрацыі РФ — Валянціны Мацьвіенкі і Дзярждумы — Сяргея Нарышкіна пра гатоўнасьць у кароткія тэрміны аформіць вынікі рэфэрэндуму ў Крыме і далучыць яго да Расеі.

Мяркуючы па ўсім, Масква пераходзіць Рубікон і маральна гатовая на ўсе нэгатыўныя міжнародныя наступствы гэтага кроку.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG