Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жадан: Адны харкаўчане білі іншых


Адзін з найбольш вядомых сучасных пісьменьнікаў Украіны, Сяргей Жадан, адказаў на пытаньні для нашай рубрыкі Café Europa.

Максімюк: Спадар Жадан, нашу размову я хачу пачаць з пытаньня пра ваша здароўе – як вы сябе адчуваеце? 1 сакавіка ў сацыяльных сетках зьявіўся страшны здымак, на якім відаць, як вас з акрываўленай галавою вядуць кудысьці два міліцыянэры. Яны вялі вас куды – да доктара ці каб арыштаваць?

Жадан: Усё ў парадку, лячуся, дзякуй. Выявілі яшчэ расколіну ў сківіцы, трэба будзе загаіць. Міліцыянты вялі да хуткай.

Максімюк: Што насамрэч адбылося ў Харкаве 1 сакавіка? Вы бралі ўдзел у штурме абласной адміністрацыі? Супроць каго і за што вы змагаліся?

Жадан: Не, я, вядома, ня браў удзелу ў штурме – удзел у штурме бралі ўдзельнікі прарасейскага мітынгу. У Харкаве перад гэтым увесь тыдзень было даволі жорсткае супрацьстаяньне – «эўрамайданаўцы» знаходзіліся ў памяшканьні абласной дзяржадміністрацыі (займаючы там першы паверх), на плошчы каля помніка Леніну стаялі іх апанэнты. Цэлы тыдзень была напружаная сытуацыя – з пастаяннымі нападамі і пагрозамі ў адрас «майданаўцаў». Я насамрэч супраціўляўся таму, каб заставацца ў памяшканьні, заклікаў нашых адтуль выйсьці, паколькі разумеў, што рыхтуюцца правакацыі. Мяне, на жаль, не паслухалі. Прарасейскі мітынг у суботу скончыўся тым, што некалькі тысяч удзельнікаў (сярод якіх было шмат грамадзянаў Расеі з суседніх з Украінай абласьцей) пайшлі на штурм. Пачалася бойка з самаабаронай плошчы і прадстаўнікамі харкаўскага «Правага сэктару». На самай справе іх (самаабароны і «Правага сэктару») было зусім няшмат. А потым тыя, хто нападаў, пачалі біць наогул усіх, хто знаходзіўся ў памяшканьні – валянтэраў, журналістаў, студэнтаў. Білі дзяўчат. Зладзілі над імі на плошчы самасуд. Білі ўжо параненых, прымушалі станавіцца на калені, цалаваць георгіеўскую стужку, сьцяг Расеі. Потым тыя, хто нападаў, казалі, што ў памяшканьні знаходзіліся пераважна жыхары заходняй Украіны – гэта поўная хлусьня. Шкада, але насамрэч адны харкаўчане білі іншых. Думаю, гэта даволі сумная старонка ў гісторыі гораду.

А наконт вашага пытаньня – за каго я стаяў і за што змагаўся? Наш майдан стаяў супраць улады, супраць карупцыі, супраць гвалту і несправядлівасьці. Усе гэтыя тры месяцы мы выступалі супраць рэжыму Януковіча. Супраць харкаўчан мы не стаялі. У тым і парадокс, што маючы агульныя праблемы, харкаўчане ваююць сёньня адзін з адным...

Цалкам размову зь Сяргеем Жаданом чытайце на нашым сайце ў панядзелак, 10 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG