Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзьку будуць судзіць за салідарнасьць з Украінай


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку 12 сакавіка выклікаюць у суд за правядзеньне несанкцыянаванага пікету 2 сакавіка каля Камароўскага рынку ў Менску.

Сёньня палітыка выклікалі ў Савецкі РУУС для дачы паказаньняў адносна пікету салідарнасьці з Украінай.

«У мяне ўзялі пісьмовае тлумачэньне. Я распавёў, што пікет быў і я быў яго актыўным удзельнікам. Заяўку на пікет падаваў наш сьпікер Артур Фінькевіч. Ён нават зарэгістраваў дакумэнт. А тут выявілася, што няма ніякай заяўкі, і гэта ўжо кваліфікуецца не як мерапрыемства ў фармаце выбарчай кампаніі, а менавіта як мерапрыемства, якое рэгулюецца законам аб масавых мерапрыемствах. Я даў пісьмовыя тлумачэньні, і тут адразу ж на мяне склалі пратакол, і будзе суд. Гэта поўная шызафрэнія, бо калі ўжо праводзіць нейкае расьсьледаваньне гэтай справы, то трэба было высьветліць усё ж, ці ёсьць гэтая заяўка Фінькевіча, паразмаўляць з самім нашым сьпікерам. Нічога гэтага зроблена не было. Я думаю, гэта агульная кампанія зачысткі гэтых так званых выбараў ад нашых дзеяньняў».

Палітык кажа, што ўсе пікеты зь ягоным удзелам і ў Берасьці, Гародні, Бярозе, і ў Менску альбо суправаджаліся скандаламі, альбо пасьля заканчваліся судовымі працэсамі. Лябедзька адзначыў, што яго хочуць бачыць і берасьцейскія міліцыянты. А пасьля пікету ў Гародні чатырох актывістаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці.

Наступны пікет «За сумленныя выбары» АГП плянуе правесьці 9 сакавіка на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам у Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG